7 траўня 2024, aўторак, 23:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі ўзгадваюць Захаранку, Ганчара, Красоўскага і Завадскага

7
У Беларусі ўзгадваюць Захаранку, Ганчара, Красоўскага і Завадскага

30 жніўня - Міжнародны дзень памяці гвалтоўна выкрадзеных людзей.

30 жніўня - Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў, ініцыяваны рабочай групай, якая была зацверджаная ў 1980 годзе Камісіяй правоў чалавека ААН.

У многіх выпадках лёс выкрадзеных застаецца невядомы. На думку ААН, на сённяшні дзень знікненні людзей часцей за ўсё адбываюцца пры ўнутраных канфліктах, як сродак палітычнага знішчэння апанентаў, піша vkurier.by.

У Беларусі дагэтуль застаюцца невядомымі абставіны знікнення вядомых грамадскіх дзеячаў, якія з'яўляліся галоўнымі апанентамі рэжыму Лукашэнкі.

У 1999 - 2000 гадах у Беларусі бясследна зніклі выканаўца абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі, былы кіраўнік МУС Юрый Захаранка і журналіст Зміцер Завадскі. Пасля былі апублікаваныя дакументы, у тым ліку рапарт намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Лапаціка, якія сведчылі, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі расправіўся «эскадрон смерці». Загады яму аддавала вышэйшае кіраўніцтва краіны.

Міжнародная супольнасць мяркуе, што да знікнення Юрыя Захаранкі і іншых лідараў беларускай апазіцыі датычныя былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, кіраўнік справамі Лукашэнкі Віктар Шэйман, былы камандзір спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка і экс-міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў.

Экс-міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка знік 7 траўня 1999 года, але крымінальная справа паводле факту ягонага знікнення распачатая была не адразу. На травеньскія святы генерал збіраўся быць дома ў паселішчы Васілевічы Гомельскай вобласці. Захаранка быў чалавекам слова, таму, калі ён не з'явіўся ў бацькоўскай хаце ў прызначаны дзень, стала зразумела: з ім магло здарыцца няшчасце. Адразу пасля знікнення Юрыя Захаранкі шукалі як без вестак зніклага, і ў першыя дні ніякіх звестак пра тое, што яго знікненне мае крымінальны характар, не было. На сённяшні дзень справа застаецца не раскрытай.

ЮРЫЙ ЗАХАРАНКА

Увечары 16 верасня 1999 года ў Менску пры нявысветленых абставінах зніклі апазіцыйны палітык і віцэ-прэм'ер Беларусі Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Апошні раз іх бачылі прыкладна а 22.35, калі абодва садзіліся ў аўто. Крымінальную справу паводле факту знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Менску.

Паводле звестак следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя аскепкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды гамавання аўтамашыны і яго ўдару аб дрэва. Вынікі генатыпаскапічнай экспэртызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці вывадаў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных паводле спраў довадаў, у тым ліку сведчанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі. Справа застаецца нераскрытай.

ВІКТАР ГАНЧАР І АНАТОЛЬ КРАСОЎСКІ

Аператар расейскага тэлеканала "ОРТ" Зміцер Завадскі, прапаў без вестак 7 ліпеня 2000 года. З 1994 да 1997 ён працаваў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі, а пазней сышоў на расейскі канал. Вясной 1997 быў арыштаваны разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам, які, нагадаем, год таму загінуў у выніку выбуху закладзенай бомбы ў аўто, калі накіроўваўся да месца сваёй працы.

ЗМІЦЕР ЗАВАДСКІ

Абставіны знікнення Завадскага застаюцца нявысветленымі. Вядома толькі, што Зміцер паехаў у аэрапорт «Мінск-2» сустракаць свайго калегу з Масквы. З тых часоў пра ягоны лёс нічога не вядома. Пачынаючы з 2000 года, чатыры разы пракуратура закрывала і аднаўляла расследаванне справы аб знікненні. Апошнім разам крымінальная справа была прыпыненая ў красавіку 2006 года. Тады ж генеральны пракурор Беларусі Пётр Міклашэвіч паведаміў на прэс-канферэнцыі, што месцазнаходжанне Завадскага не ўстаноўленае, але пракуратура Беларусі прадаўжае ягоны пошук. 28 жніўня Дзмітрыю споўнілася б 45 гадоў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках