10 траўня 2024, Пятніца, 15:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мёрскі актывіст праз суд дамогся аднаўлення на працы

3
Мёрскі актывіст праз суд дамогся аднаўлення на працы
СЯРГЕЙ ВАСІЛЬЕЎ

Сяргей Васільеў паказаў, як можна перамагчы падчас бою з сістэмай.

Віцебскі абласны суд паставіў кропку ў справе незаконнага пазбаўлення працы Мёрскага актывіста Партыі АГП Сяргея Васільева, паведамляе сайт spring96.org.

4 верасня ў абласным судзе разглядалася касацыйная скарга на пастанову Мёрскага раённага суда аб яго аднаўленні на працы дырэктарам сельскага дома культуры. Ініцыяваў падачу скаргі раённы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі, дзе і прымалася пастанова аб звальненні актывіста з працы.

Як паведаміў Васільеў праваабаронцам «Вясны», пастанова раённага суда аб яго аднаўленні на працы пакінутая ў дзеянні, а скарга без задавальнення.

Сяргея Васільева звольнілі з працы адразу пасля Дня волі 25 сакавіка. Ён перакананы, што гэта звязана з ягонай актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і палітычнай дзейнасцю. Напярэдадні 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі цэлую ноч дзяжурылі каля яго дома, раніцай пыталіся, куды ён збіраецца ехаць, аднак актывіст усё ж дабраўся да Менска і ўзяў удзел у святкаванні Дня Волі.

На другі дзень Васільеву паведамілі, што яго звальняюць. Аднак актывіст абскардзіў загад у судзе Мёрскага раёна, які 18 траўня прызнаў звальненне неабгрунтаваным. Мясцовыя чыноўнікі ад культуры не пагадзіліся і падалі касацыйную скаргу ў абласны суд, але справу прайгралі.

Дарэчы, гэта не першы выпадак пераследу актывіста з палітычных матываў. Праблемы з працай у яго пачаліся яшчэ пасля арышту за Плошчу 2010 года. Некалькі гадоў ён даглядаў хворую маці, а пасля таго, як маці памерла, актывіста не хацелі нідзе ўладкоўваць на працу. У канцы Сяргей Васільеў, які мае дзве вышэйшыя адукацыі і шмат гадоў працаваў настаўнікам, з цяжкасцю ўладкаваўся грузчыкам на завод.

Цяпер Сяргей Васільеў рыхтуе сустрэчны пазоў да Мёрскіх ідэолагаў. Праз суд ён будзе дамагацца кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, прычыненай яму незаконным звальненнем з працы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках