10 траўня 2024, Пятніца, 10:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-10 яскравых аўтамабіляў, якія прадаюцца ў Барысаве

7
Топ-10 яскравых аўтамабіляў, якія прадаюцца ў Барысаве

Калі танны «малалітражнік» не задавальняе гаспадара, тады за справу бяруцца майстры пераўтварэння.

Ex-press.by дабраў топ 10 яскравых і незвычайных аўтамабіляў на продажы ў Барысаве, якія відавочна прывабяць увагу навакольных.

10. Пачынаем топ з эксклюзіўнай BMW 5-й сэрыі з кузавам E12. Мадэль вытворцы з Баварыі выраблялася з 1972 да 1981 года і стала сапраўднай рэдкасцю на нашых абшарах выключна праз тое, што не паспела трапіць на рынак. Жалезная заслона СССР строга выключала ўсе спробы ўвозу аўтамабіля. Амаль праз 40 гадоў сэдан дагэтуль застаецца дзівам на нашых дарогах, што, несумненна, можа парадаваць новых гаспадароў.

9. На дзявятым месцы крыху больш маладзейшы, але не менш рэдкі Volkswagen Golf 1 Gl 1981 года вырабу. Golf, які з'явіўся на пачатку 1970-х, даслоўна выратаваў кампанію ад банкруцтва і стаў самай папулярным самаходам у свеце і родапачынальнікам новага гольф-класа. Што да нашых абшараў, першыя асобнікі ў прыватныя рукі паступілі адразу пасля раскідання СССР. Маленькі аўтамабіль палюбіўся беларусам надоўга. Цяпер першая мадэль Golf вельмі рэдкая на нашых дарогах, тым самым гэта толькі павышае яе каштоўнасць.

8. Наступны аўтамабіль у топе — Ford Fiesta mk3. Самая масавая версія Fiesta выраблялася канцэрнам Ford даўжэй за ўсё сярод «малалітражнікаў». Праз два гады з пачатку вытворчасці канвеер пакінуў мільённы аўтамабіль. Амаль праз 20 гадоў гэтыя малечы дагэтуль папулярныя ў нашых грамадзян. Гаспадару з Барысава, мабыць, надакучыла глядзець на стандартны выгляд свайго ўлюбёнца, і ён прыклаў рукі да дызайну старога «малалітражніка». Ці пайшоў на карысць новы капот, меркаваць складана, але тое, што аўтамабіль стаў яскравым і пазнавальным на дарозе, бясспрэчны факт.

7. Сёмае месца ў спісе займае па-сапраўднаму народны аўтамабіль. Audi 80 B4 1994 года вырабу выстаўлены на продаж, як і сотні яго суродзічаў ва ўсёй краіне. Што ж у ім незвычайнага? Гэтая мадэль ад нямецкага вытворцы ператвораная гаспадаром у больш спартовую версію. Легендарная "бочка" стала выглядаць нашмат агрэсіўней за сваіх суродзічаў. Падчас куплі гаспадар абяцае аддаць у стандартны камплект начэпныя дэталі старога «немца».

6. Працягвае топ менш даступны Subaru Legacy spec-B 2003 года вырабу. Аўтамабіль коштам 16360 рублёў візуальна вылучаецца з пляні толькі нізкапрофільнай гумай. Аднак апазітны двухлітровы турбаматор і яго вантробны гук 100% паінфармуе ўвесь найбліжэйшы мікрараён аб вашым набліжэнні і не пакіне абыякавым ніводнага хлапчука. Subaru можна толькі любіць або ненавідзець, абыякавыя да гэтых аўтамабіляў наўрад знойдуцца.

5. Памятаеце мікрааўтобусы гіпі з 70-х? Практычна такі VW ёсць шанец набыць і ў Барысаве. Volkswagen T3 Caravelle ў ідэальным стане для яго веку прадаюць у нас за 4235 рублёў. Аўтамабіль 1988 года вырабу вылучаецца сярод мноства сваіх аднагодкаў свежай афарбоўкай і прыгожымі колавымі дыскамі. Ідэальны варыянт для падарожнікаў і фарсуноў. А ў гэты складаны час працавік здольны дапамагчы яшчэ і бульбу прывезці з вёскі, што неацэнны плюс у нашых рэаліях.

4. На чацвёртым месцы мара хлопцаў пачатку двухтысячных. Купэ з паднябеснай Mitsubishi Eclipse трэцяга пакалення стала вельмі папулярным на хвалі першых двух сэрый гоначнай сагі "Фарсаж". Тысячы падлеткаў марылі аб фіялетавым або зялёным спорткары, пераймаючы ўлюбёных кінагерояў. Але час ішоў, а мары так і засталіся марамі. Дый пярэдні рухач і звычкі сямейнага аўтамабіля — гэта зусім не тое, аб чым марыць сучасная моладзь. Тым не менш частка гэтых аўто трапіла на беларускі рынак. Малая іх дзель так і засталася стандартнымі шэрымі мышамі на дарозе. Некаторыя зведалі зусім кардынальныя змены, але вялікая частка ўладальнікаў ўсё ж абышлася лёгкім пераўтварэннем. Гэты асобнік прадаецца за 6160 рублёў і мае толькі некалькі адметных рыс. Ён яскравы і рэдкі. На дарозе вы дакладна не застаняцеся незаўважаным.

3. Гаспадару наступнага аўтамабіля, мабыць, надакучыў выгляд белага сямейнага сэдана Opel Astra. Шляхам няхітрых маніпуляцый ён ператварыў яго ў гоначны балід. Цяпер Astra з кідкім бамперам выстаўленая на продаж. Выдатны танны варыянт для кіроўцы-пачаткоўца, які не хоча гадзіцца з шэрасцю гэтага свету. Чырвоныя гамавальныя супорты і колы з фільма "Таксі" выгадна адрозніваюць гэты асобнік нямецкай аўтапрамысловасці ад іншых Astra на рынку не толькі горада, але і краіны.

2. На другім месцы нашага топа яшчэ адна мара ўсіх хлопчыкаў і дзяўчатак з нулявых і аматараў JDM супольнасці. Honda Prelude чацвёртага пакалення стала на некаторы час сімвалам спартыўнага недарагога купэ. За асобнік 1995 года вырабу ў нядрэнным стане на рынку Барысава просяць цяпер 5390 рублёў. Зусім нямала для аўтамабіля, які пераступіў парог другога дзясятка гадоў і накруціў ужо не адну сотню тысяч кіламетраў. Нягледзячы на век і прыстойны выгляд, гаспадар не паскупіўся на новы бампер свайго ўлюбёнца. Prelude, які прадаецца ў Барысаве, не толькі прэтэндуе на годнасць спартовага аўтамабіля, але і выглядае больш сучасна і зграбна за некаторых сваіх больш "свежых" суродзічаў.

1. Заканчвае топ шаноўны стары Газ 69. Мала таго, што гэты легендарны пазадарожнік рухаецца праз больш чым 50 гадоў, дык ён яшчэ і даволі сур'ёзна падрыхтаваны да бездаражы. Бампер, лесвіца на дах, наяўнасць сандтракаў. Усё гэта робіць дзядка яшчэ даволі зухаватым. Сучасныя SUV ужо даўно перасталі быць часткай пазадарожнага руху, больш падобныя да проста дарагіх і вялікіх аўтамабіляў, не здольныя да здзяйсненняў і складаных вандраванняў. Гэты прадстаўнік старой школы яшчэ можа паказаць свайму гаспадару, як і дзе трэба ездзіць сапраўднаму ўсюдыходу. За свой век і стан Газ 69, а ў простага люду - "козлік" атрымлівае першае месца. Можна смела сцвярджаць, аўтамабіль дакладна будзе яскравай плямай на вуліцах места і ў жыцці новага гаспадара.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках