9 траўня 2024, Чацвер, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія танкі «вандруюць» з Украіны ў Беларусь

13
Расейскія танкі «вандруюць» з Украіны ў Беларусь

Якая тэхніка з РФ трапляе на вучэнні «Захад-2017».

Супольныя расейска-беларускія вайсковыя вучэнні «Захад-2017», якіх баяліся ва Украіне і краінах NATO, афіцыйна стартавалі 14 верасня. Сінхронна з войскамі Расеі і Беларусі зладзілі стрэльбы і баевікі груповак «ЛНР» і «ДНР», прызнаных ва Украіне тэрарыстычнымі. Што задумалі баевікі і расейскія жаўнеры, якія ўдзельнічаюць у вучэннях, і якія прызналіся ў камандзіроўцы на Данбас, разбіраліся журналісты «Данбас.Рэаліі».

Беларуская праваабаронца Наталля Гарачка-Басалыга ішла наведаць свайго сына-вайскоўца, які знаходзіцца на службе на палігоне каля беларускага горада Барысава. Але не дайшла – яе спынілі расейскія жаўнеры, пачалі пытацца ў жанчыны, хто яна і куды ідзе. Двое з іх пачалі пераследаваць Наталлю. Усё гэта грамадская актывістка зняла на відэа.

«Гэтыя два чалавекі з Расейскай Федэрацыі дагэтуль пераследуюць мяне, а хто вы, на якой падставе вы пытаецеся ў мяне, куды я іду ў сваёй краіне?» – абураецца жанчына падчас здымкі расейскіх жаўнераў на відэа.

Сітуацыя нечакана атрымала прадаўжэнне ў судзе – не на карысць Наталлі. Праваабаронцу арыштавалі на тры дні за нецэнзурную лаянку на адрас вайскоўцаў.

Журналісты «Данбас.Рэаліі» сустрэліся з Наталляй ужо ў Менску. З яе слоў, падчас спрэчкі расейскія жаўнеры прызналіся ёй, што да Беларусі паспелі пабываць у камандзіроўцы ва Украіне.

«Я кажу: «Дзе менавіта?», а яны кажуць: «Данбас», як яны называюць – «Дамбас». Далей я ўключыла камеру, спрабавала запісаць гэта ўсё і яны весела: «А мы не будзем казаць, мы будзем маўчаць», – кажа Наталля Гарачка-Басалыга.

Танкі на Данбасе і ў Беларусі

На думку даследчыкаў, як мінімум пскоўскія дэсантнікі і вайскоўцы 6-й танкавай брыгады прыехалі ў Беларусь з досведам баёў на Данбасе.

«Шостая асобная танкавая брыгада, якая базуецца ў Ніжагародскай вобласці – менавіта яна адна з асноўных, якія браді ўдзел у баях пад Ілавайскам на вельмі характэрных танках Т-72Б3», – адзначае даследчык Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў.

Цэлую калону такіх бронемашын расейскай мадыфікацыі потым заўважылі і ў Дэбальцаве. Той жа танк Т-72Б3 пасля ідэнтыфікавалі і на вучэннях «Захад-2017».

«У яго ёсць дынамічная абарона «Кантакт-5» і ўласны прыцэл «Хвоя-У» – гэта самае галоўнае з таго, што відаць няўзброеным вокам», – прадаўжае Кірыл Міхайлаў.

«Рысь», «Тыгр» і «Арлан»

Між тым Міністэрства абароны Расеі апублікавала фота, як на вучэннях адчуваюць сябе бронемашыны «Рысь». Праўда, іх ва Украіне не фіксавалі, у адрозненне ад падобных «Тыграў» і найноўшых беспілотнікаў.

Са слоў Кірыла Міхайлава, расейскае Мінабароны выклала фатаграфіі вучэнняў падраздзяленняў расейскіх ПДВ.

«Тут мы бачым узлёт беспілотніка «Арлан-10», – кажа даследчык Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў.

Такі ж «Арлан-10» у сакавіку 2016 года збілі ўкраінскія вайскоўцы ў раёне Аўдзееўкі. Даследчык кажа, што такіх беспілотнікаў няма на ўзбраенні ўкраінскага войска, таму што яны расейскай вытворчасці.

«Паказаць усяму свету, што расейскі мядзведзь – ён вялікі, страшны»

Расейскія і беларускія дэсантнікі супраць умоўных тэрарыстаў. Задзейнічаны флот, авіяцыя, ракетныя войскі. Сітуацыю, упэўнены вайсковы экспэрт Алег Жданаў, ствараюць узорна-паказальную.

«Галоўная задача – паказаць ўсяму свету, што расейскі мядзведзь – ён вялікі, страшны, умее рыкаць і можа ўкусіць», – адзначае вайсковы экспэрт.

Напрыклад, расейцы і беларусы даюць справаздачу, што пераправу праз Днепр правялі на 10 хвілін хутчэй за нарматыў.

Цікава, што такую ж, як на беларускай частцы Дняпра, тэхніку місія АБСЕ зафіксавала і ў баевікоў у Луганскай вобласці.

У справаздачы за 12 верасня гаворка ідзе пра машыны для перакідвання мастоў. Агулам – тры калоны вайсковай тэхнікі для пераправы дэсантнікаў праз раку.

У баевікоў – свае вайсковыя вучэнні

У групе «Інфармацыйны супраціў» яшчэ на мінулым тыдні паведамлялі аб падрыхтоўцы ў групоўках «ЛНР» і «ДНР» вучэнняў пад кіраўніцтвам расейскага генерал-маёра Алега Цэкава, якія павінны праходзіць сінхронна з «Захадам-2017».

«Гэта, перш за ўсё, пытанні наладжвання ўзаемадзеяння ў звяне кіравання, каб дзеянні гэтых акупацыйных фармаванняў былі сінхронныя з дзеяннямі ўласна расейскіх войскаў», – распавядае каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Канстанцін Машавец.

У групоўцы «ЛНР» паведамілі аб удзеле ў сваіх вучэннях 600 баевікоў і 100 адзінак тэхнікі. А баевікі групоўкі «ДНР» ужо нават арганізавалі паказальныя танкавыя спаборніцтвы.

«Гэта ж не проста «мы выступаем прыгожа-маляўніча», а ідзе планавая баявая падрыхтоўка», – так пракаментаваў вайсковыя вучэнні на непадкантрольнай Украіне тэрыторыі адзін з баевікоў.

Вынікам вучэнняў будзе стварэнне вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі – экспэрт

Вайсковыя вучэнні «Захад-2017» – гэта магчымасць ацаніць узровень расейскага войска, упэўнены даследчык Кірыл Міхайлаў.

«Усё гэта паказвае, вядома, пэўную «вітрыну», але, прынамсі, можна зразумець, як яна павінна дзейнічаць і як гэтаму супрацьстаяць», – кажа ён.

У той жа час, са слоў вайсковага экспэрта Алега Жданава, вынік супольных расейска-беларускіх вучэнняў можа быць куды больш сур'ёзным.

«Вынікам вучэнняў будзе, у прынцыпе, стварэнне вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі, прычым, хутчэй за ўсё, не адной, і назапашванне там тэхнікі і ўзбраенняў», – упэўнены Алег Жданаў.

Вайсковыя начальнікі Расеі і Беларусі, праўда, запэўніваюць у адваротным. Маўляў, пасля вучэнняў жаўнеры вернуцца дадому. Але ў Наталлі Гарачка-Басалыгі пасля размовы з расейскімі жаўнерамі ўсё ж застаўся асадак.

«Такога проста быць не можа, каб вайскоўцы іншай дзяржавы запатрабавалі ў грамадзянкі Беларусі дакументы, якія сведчаць асобу. Яны адчуваюць сябе тут, як у сябе дома», – адзначае яна.

Войска Расеі ў Беларусі пасля вучэнняў – гэта сталая пагроза краінам Балтыі і Польшчы, упэўненыя экспэрты. А таксама Украіне, калі раптам баевікоў на Данбасе будзе недастаткова.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках