8 траўня 2024, Серада, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суседзі Грабоўскага: Лукашэнка падарыў яму дарогу, якую мы сабе ўручную рабілі

23
Суседзі Грабоўскага: Лукашэнка падарыў яму дарогу, якую мы сабе ўручную рабілі
МІХАІЛ ГРАБОЎСКІ
ФОТА: GETTY IMAGES

Вядомы хакеіст апынуўся ў цэнтры вялікага скандалу.

Жыхарам вёскі Ваўковічы, якія скардзіліся на 7-метровую бетонную агароджу хакеіста Міхаіла Грабоўскага, патлумачылі: гэта не «самавольны захоп», а «змяненне межаў надзела са змяненнем яго плошчы», якое адбылося на рэзалюцыю Лукашэнкі. Аднак тлумачэнне не развязала праблемы - адзіны праезд да чатырох хат вяскоўцаў павузіўся настолькі, што, калі б надарыўся пажар, праехаць па ім спецтэхніка наўрад ці зможа, піша tut.by.

- Мы гэтую дарогу з разваротнага кола самі зрабілі крыху больш за 15 гадоў, - кажа Аляксандр Макараў. - Там раней равы ў рост чалавека былі, усё ў гліне. Мы гэтую дарогу ўручную рабілі, каменем засыпалі, цаглінамі бітымі, кавалкамі бетону... Ну галеча ж, які там асфальт, няма ў нас грошай. Калі зрабілі - радаваліся, што цяпер проста да дамоў можна пад'ехаць.

Цяпер ушчыльную да дарогі стаіць высокая бетонная агароджа, шырыня праезду не больш за 4 метры. З іншага боку праезную частку пашырыць немагчыма - уздоўж яе па версе ідзе газавая труба. Легкавым аўтамабілям 4 метраў дастаткова.

А вось спецтэхніка да чатырох хат за надзелам Грабоўскага не ездзіць, кіроўцы асцерагаюцца, што іх на грунтавым пакрыцці сцягне і яны газаправод пашкодзяць, або ў бетонную сцяну рэзнуцца.

- Увесну трактар спускаўся - павіс на бетоне, потым яго адтуль здымалі. Кіроўцы смеццявозаў адмаўляюцца ехаць. А іншай дарогі да нас няма.

- Надзел, на якім будуецца Міхаіл Грабоўскі, раней належаў маёй сястры, я на ім, можна сказаць, вырас і ведаю як свае пяць пальцаў, - распавядае Аляксандр Макараў, сусед хакеіста. - У мяне ёсць копія «Белгіпразэму» гэтага надзела, дзе пазначаныя яго мяжы.

Цяпер, калі Грабоўскі зрабіў сабе заезд на пляц, межы ссунуліся прыкладна на 2 метры ў шырыню і на 6 у даўжыню. З іншага боку пляцу, там, дзе пачынаецца водаахоўная зона, зямельны надзел таксама павялічыўся.

- Калі б не ўціскаліся нашыя правы, то мы б і ўвагі на гэта не звярнулі, - кажа Аляксандр Макараў. - Але нас пазбавілі адзінага пад'езда да нашых дамоў.

Як мы ўжо паведамлялі, сельсавет спачатку прыняў пастанову (ад 28 сакавіка 2017 году) зруйнаваць узведзеную сцяну і вызваліць доступ да зямлі агульнага карыстання да 1 жніўня 2017 года. Аднак «згодна з рэзалюцыяй Лукашэнкі ад 2017/08/28 №09/311 П1266 Грабоўскаму М.Ю. узгоднена змяненне меж зямельнага надзелу са змяненнем яго плошчы».

- Гэта значыць самавольны захоп узаконілі! - абураецца Аляксандр Макараў. - З гэтага можна зрабіць дзве высновы: альбо Лукашэнку ўвялі ў зман (вельмі на гэта спадзяюся), падаўшы недакладную інфармацыю, альбо нас падзялілі на касты, далі больш прывілеяванай меншасці індульгенцыю, тым самым зрабіўшы неабавязковым выкананне закона, што ніяк не вяжацца з заявамі, што мы будуем прававую, сацыяльна накіраваную дзяржаву. Я гатовы падаць у суд.

Мы датэлефанаваліся да старшыні Шчамысліцкага сельсавета Віктара Грынкевіча, за подпісам якога была пастанова аб руйнаванні муру Грабоўскага. Ён пацвердзіў, што зямля пад агароджай Грабоўскага і напраўду раней была агульнай тэрыторыяй вёскі, там круты схіл. Цяпер ёсць дакумент, які адмяняе пастанову камісіі сельсавета: «Ёсць такая рэзалюцыя, і цяпер ідзе працэс афармлення гэтага надзелу».

- Пасля звароту грамадзяніна (Грабоўскага. - Заўвага.) выязджала камісія на месца, пра сітуацыю паведамлена кіраўніку дзяржавы, ён даў сваю рэзалюцыю, - патлумачыў Віктар Грынкевіч.

У дзейным заканадаўстве гаворыцца, што ў выпадках самавольнага захопу надзелу зямля вяртаецца, а самавольныя пабудовы - руйнуюцца. Калі «iншае не ўстаноўлена кіраўніком дзяржавы».

- Гэта значыць са згоды Лукашэнкі ўсё гэта можна прывесці ў адпаведнасць з законам, - дадаў старшыня сельсавета.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках