4 траўня 2024, Субота, 22:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі нарэшце з'явіліся айчынныя джынсы

20
У Беларусі нарэшце з'явіліся айчынныя джынсы

І гэтым разам прыватная кампанія апярэдзіла легпрам.

Праект вытворчасці айчынных джынсаў з ільняной тканіны ўдалося рэалізаваць. Выпуск гэтай прадукцыі асвоіла адная з прыватных кампаній Берасцейскай вобласці, піша сайт «Беларусы і рынак».

«У канцы траўня - пачатку чэрвеня закупілі тры партыі тканін на Аршанскім ільнокамбінаце, усяго блізу 2 тысяч пагонных метраў, адшылі джынсавыя нагавіцы і шорты, якія з канца чэрвеня пачалі накіроўваць у раздробны продаж. Прадукцыю рэалізоўвалі праз уласную сетку ў Кобрыне, Берасці, Гомелі, выстаўлялі на кірмашах у Расеі, падчас «Славянскага базару» у Віцебску, на Дажынках. Таксама была адгрузка ў фірмовы гандаль Аршанскага льнокамбіната», - распавяла начальніца аддзела маркетынгу ТАА «Фабрыка «Модны горад» Дар'я Другак.

Са слоў прадстаўніцы кампаніі, частка прадукцыі пашытыя з 100-адсоткавай ільняной тканіны, частка - з тканін лён-бавоўна. Абодва варыянты тканін пакупнікі ўспрынялі пазітыўна. Набыўшы станоўчы досвед, фабрыка «Модны горад» надумала прадоўжыць выпуск джынсаў з беларускіх тканін, пашырыць асартымент, склад тканін і каляровую гаму. Аб'ёмы выпуску будуць павялічаныя, а каналы збыту дапоўненыя. Ужо праведзеныя першасныя перамовы аб пастаўках джынсавай прадукцыі ў столінскі, берасцейскі, полацкі і віцебскі ўнівермагі. Акрамя таго, запланаваныя новыя адгрузкі прадукцыі ў Расею.

Доўгая дарога

Нагадаем, ідэя арганізаваць вытворчасць айчынных джынсаў актыўна абмяркоўвалася цягам апошніх пяці гадоў, аднак першую паўнавартасную прамысловую партыю з беларускіх тканін на аснове лёну ўдалося вырабіць толькі ў гэтым годзе.

«Швейнікі баяцца рызык. З беларускіх кампаній мала хто гатовы быў на экспэрымент», - тлумачыць працяглы тэрмін рэалізацыі ідэі начальнік управы распрацоўкі асартыменту і рэкламы прадукцыі Аршанскага льнокамбіната Ігар Яшчанка.

Спробы выпускаць адзенне з ільняной джынсавай тканіны рабіліся і раней - кампаніямі з дзяржаўным капіталам. Адным з першых гэты кірунак выпрабаваў «Сцяг індустрыялізацыі». Пінжакі шылі на «Камінтэрне». Аднак рушыць наперад у рабоце з ільнянымі джынсамі перашкодзіў дэфіцыт мадэльераў і канструктараў, што ўтварыўся ў варунках пераходу дзяржаўных прадпрыемстваў на давальніцкія схемы вытворчасці. У выніку беларускія джынсы ўпершыню паставіла на плынь прыватная кампанія, растлумачыў Ігар Яшчанка.

«Тэма складаная. Нельга сказаць, што заўтра мы будзем прадаваць беларускія вырабы мільёнамі штук і выб'ем пакістанцаў і туркаў з джынсавага рынку. Але нашая тканіна павінна быць, тым больш што паводле спажывецкіх уласцівасцяў лён пераўзыходзіць бавоўну», - працягвае прадстаўнік Аршанскага льнокамбіната.

Цалкам па кішэні

Прыхільнікі прасоўвання беларускага джынсу асцерагаюцца, што стрымлівальным фактарам стане высокі кошт прадукцыі: асаблівасці вырошчвання і перапрацоўкі лёну робяць яго больш дарагой сыравінай у параўнанні з бавоўнай. У нядаўніх выступах старшыня канцэрна «Беллегпрам» Мікалай Яфімчык пазначыў найбольш імаверны раздробны кошт айчынных джынсаў - 60-70 рублёў, брэндавых мадэляў - 100 рублёў і больш. Гэта прыкладна ў два-тры разы вышэй сярэдніх коштаў на ўнутраным рынку, што не будзе стымуляваць продажы ва ўмовах ўсё яшчэ зніжанага попыту.

Зрэшты, на прадпрыемствах паспяшаліся развеяць трывогу і ўдакладнілі названыя Мікалаем Яфімчык лічбы. Так, са слоў прадстаўніка Аршанскага льнокамбіната, раздробны кошт айчынных джынсаў у фірмовых крамах прадпрыемства складае 45-55 рублёў. На фабрыцы «Модны горад» назвалі яшчэ больш дэмакратычны кошт - 34-38 рублёў за штаны. З улікам высокіх спажывецкіх уласцівасцяў лёну і лаяльнай рэакцыі пакупнікоў такі арыентыр цалкам прымальны для рынку.

Як чакаецца, найбліжэйшым часам да засваення новага вытворчага кірунку далучацца і іншыя беларускія кампаніі. Чарговую спробу паставіць джынсы на плынь распачне «Сцяг індустрыялізацыі».

«Пакуль Аршанскі камбінат блізу 30% гатовых вырабаў пад уласным брэндам адшывае не ў нас. Калі мы будзем працаваць з уласнымі швачкамі, будзе значна прасцей», - упэўнены Мікалай Яфімчык.

Павінен пашырыцца і асартымент тканін. Да чыстага лёну і яго сумесі з бавоўнай можа дадацца віскоза з лайкрай або без яе.

Акрамя таго, вытворцам давядзецца задумацца аб рэкламным прасоўванні сваёй прадукцыі. Прадстаўнікі маркетынгавых службаў прадпрыемстваў наракаюць, што грошай на гэта пакуль не стае, а ўсялякая аптымізацыя выдаткаў часта пачынаецца з уразання выдаткаў на рэкламу. Давядзецца пашукаць грошы не толькі на тэхналагічную мадэрнізацыю, але і на прасоўванне.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках