3 траўня 2024, Пятніца, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як ураджэнка Менска зарабляе дзясяткі тысяч даляраў за допісы ў «Інстаграме»

33
Як ураджэнка Менска зарабляе дзясяткі тысяч даляраў за допісы ў «Інстаграме»

Маючы жаданне, ідэю і пачуццё стылю, папулярным блогерам можа стаць кожны.

Гэта даводзяць шматлікія гісторыі - зачастую ў іхнім поспеху няма ніякіх сакрэтных «разынак». Пададзім прыклад блогеркі Хрысціны Базан. Цяпер яе папулярнасць параўнальная з папулярнасцю галівудскіх кіназорак - 2,4 млн падпісчыкаў у Instagram не могуць хлусіць, піша probusiness.io.

Пачытайце ейную гісторыю - вы ўбачыце, што сакрэту поспеху, хутчэй за ўсё, не існуе. Дастаткова проста пачаць. І крыху ўдачы.

Хрысціна нарадзілася ў Менску, у 4 гады пераехала з мамай у ЗША, а потым у Швайцарыю. У 17 гадоў яна разам з сябрам Джэймсам завяла блог. Хрысціна любіла фатаграфавацца, а яе сябар - рабіць фота. У гэтым і была ідэя праекта.

У Хрысціны і Джэймса не было інвестыцый, спонсараў, кліентаў. Ды і ведаў пра моду было не шмат. Пасля дзяўчына прызнаецца, што радая, што прыйшла ў індустрыю моды з наіўным поглядам на многія рэчы.

Дзеля блога Хрысціна і ейны сябар адмовіліся ад ідэі паступаць ва ўніверсітэт. Хоць бацькоў было складана пераканаць у тым, што блог можа стаць спосабам заробку.

Пра што яе блог? Пра моду, падарожжы і прыгожае жыццё. Пераважна дзяўчына публікавала ў блогу свае вобразы. Як яна прызналася пазней, тады яна яшчэ не ведала нікога з дызайнераў.

На блог звярнулі ўвагу люксавыя брэнды - напрыклад, Louis Vuitton. У Швайцарыі такія брэнды прадстаўленыя паўсюль.

Хутка ў блогу і ў Instagram стала з'яўляцца рэклама гэтых брэндаў, а саму Хрысціну можна было сустрэць на модных паказах і чырвоных дарожках.

Паступова Хрысціна ператваралася ў куміра мільёнаў. Яна супрацоўнічала з Mango, Louis Vuitton, Dior, Bulgari, Cartier. У 2015 здарылася буйная перамога: дзяўчына стала паслом парфумернай кампаніі L'Oreal. Кампанія аддала перавагу блогерцы, а не акторкам, спявачкам і мадэлям.

Як працуе яе «блог-бізнэс»

Зараз у Instagram Хрысціны за 2,4 млн падпісчыкаў, наведвальнасць яе сайта ў ліпені гэтага года склала 110 000 карыстальнікаў, у жніўні - 40 000. Яе фота не аднойчы было на вокладцы сусветных модных часопісаў - напрыклад, Vogue.

Над блогам працуюць пяць чалавек - ейная мама, сябар Джэймс, сама Хрысціна, фрылансеры. Крысціна адказвае за крэатыў, Джэймс - за фінансы, бізнэс-перапіску і іншыя кіраўніцкія пытанні, мама - за адміністрацыйныя. У Еўропе ў блогера ёсць PR-каманда, а ў ЗША - амерыканскае talent agency, бо рынак для яе не такі вядомы.

Дакладныя заробкі Хрысціны невядомыя, але, калі верыць wwd.com, рэклама ў топавых Instagram фэшн-блогераў каштуе ад $5000 да $25 000 за допіс.

Але гэта яшчэ не ўсё

Цяпер дзяўчыне 24 гады, яна адная з самых папулярных фэшн-блогерак свеце і ўваходзіць у топ-30 самых багатых людзей свету да 30 гадоў паводле версіі Forbes у катэгорыі Art & Style. Але Хрысціна развіваецца і ў іншых кірунках. Паводле ейных слоў, яна «не хоча быць унутры «блог-бурбалкі», і хоча адбыцца дзесьці яшчэ, не толькі як віртуальная асоба». І відавочна, Хрысціне гэта ўдаецца:

Яна напісала кнігу On the Go - «пра моду, прыгажосць, стыль жыцця, падарожжы». Кніга не перакладзеная на беларускую мову.

Занялася музычнай кар'ерай і зняла кліп. Тэксты песень дзяўчына піша сама

Марыць працаваць прафесійнай мадэллю.

І хоча стварыць уласны брэнд адзення.

Яна пераехала ў Лос-Анджэлес - з яе слоў, гэта найлепшае месца для заняткаў музыкай. «Я ведаю: калі ты хочаш выжыць у блогасферы - і ў цэлым у сферы моды - ты павінен быць здольны ўвесь час паляпшацца і трансфармавацца. Інакш ты становішся сумным», - кажа Хрысціна. І з кожным годам агучаных у інтэрв'ю планаў у яе ўсё больш.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках