30 красавiка 2024, aўторак, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: Заклікаю ўсіх беларусаў быць сапраўднымі грамадзянамі

Уладзімір Някляеў: Заклікаю ўсіх беларусаў быць сапраўднымі грамадзянамі
Уладзімір Някляеў

Адзін з лідараў БНК вызвалены пасля сямі дзён арышту.

Паплечнікі, актывісты, журналісты, якія сабраліся пад турэмнымі сценамі на вуліцы Акрэсціна, сустрэлі палітыка воклічамі «Жыве Беларусь!», паведамляе «Радыё Свабода».

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў абняў жонку Вольгу і паскардзіўся, што не далі з'явіцца перад ёй прыгожым - забаранілі пагаліцца.

«Не маглі абысціся без подласці нават у апошні дзень», - пажартаваў ён.

Палітык распавёў, што з турмы заўсёды радасна выходзіць, але агульны настрой не вельмі добры. Паводле ягоных слоў, ад сваіх рэгулярных арыштаў улады чакаюць, што калі-небудзь «выцягнуць паэта наперад у белых тэпцях».

«Зноў пераканаўся, што мы жывем у паліцэйскай краіне, і з гэтым трэба змагацца. Заклікаю ўсіх беларусаў не сядзець па дамах, а быць сапраўднымі грамадзянамі», - сказаў па выхадзе з турмы Уладзімір Някляеў.

Схапілі па дарозе ў клініку

Уладзімір Някляеў распавёў некаторыя падрабязнасці свайго затрымання. На 09:50 раніцы 15 верасня ў яго быў талон да ўрача. Яго схапілі па дарозе ў клініку, дакладна ведаючы куды і ў колькі ён будзе накіроўвацца.

Ён паведаміў, што суддзя Савецкага раённага суду Фёдарава адмовілася даць яму магчымасць далячыцца, а ўжо потым адбыць арышт.

Някляеў: Cпецслужбы ўмешваюцца ў асабістае жыццё

Палітык распавёў, што напярэдадні ўвечары размаўляў з адным з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалаем Статкевічам, паведаміўшы яму свае планы. З гэтага вынікае, што іх тэлефоны праслухоўваюцца спэцслужбамі. Адпаведна, тыя ўмешваюцца не толькі ў палітычнае, але і ў асабістае жыццё, кажа палітык.

У зняволенні Някляева найбольш абурала, што яго фактычна абяззброілі, не дазволіўшы карыстацца алоўкам.

«Прасіў да апошняга, але безвынікова. Гэта сапраўднае псіхалагічнае катаванне», - падрахаваў Някляеў.

Таксама палітык сказаў, што яму не далі магчымасці напісаць у пракуратуру скаргу на дрэнныя бытавыя ўмовы ў камерах ізалятара.

«Нібыта адрамантавалі будынак, а ва ўсіх камерах з кранаў цячэ вада. Прапаноўваў, што сам адрамантую краны, дайце толькі ключ і паклю, але таксама адмовілі», - распавёў Уладзімір Някляеў.

Зняволеныя дзякавалі за акцыю супраць вучэнняў

Каментуючы беларуска-расейскія манеўры, Уладзімір Някляеў сказаў, што нават простыя зняволеныя на Акрэсціне дзякавалі яму за мітынг пратэсту супраць вучэнняў.

«Казалі, што добра, што знайшліся людзі, якія паказалі, што непатрэбныя нам тыя манеўры», - успомніў палітык. Са слоў Някляева, «на Беларусь ніхто ў Еўропе нападаць не збіраецца, і гэта бразганне старым жалезам трэба толькі, каб дагадзіць Расеі».

Нагадаем, Уладзімір Някляеў быў асуджаны за ўдзел у Акцыі папярэджання на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 8 верасня пад лозунгам «За мірную Беларусь» супраць вайсковых вучэнняў «Захад-2017».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках