30 красавiка 2024, aўторак, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Давер бізнэсу вернуць новая ўлада і сумленныя выбары»

6
«Давер бізнэсу вернуць новая ўлада і сумленныя выбары»
Фота: «Радыё Свабода»

«Д'ябал» хаваецца ў дэталях апошняга ўказу Лукашэнкі пра прадпрымальнікаў.

Учора, 21 верасня, быў апублікаваны ўказ «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб» №337, падпісаны два дні таму.

Як вынікае з афіцыйнай фармулёўкі, указ накіраваны «на стымуляванне бізнэс актыўнасці, стварэння ўмоў для самазанятасці грамадзян шляхам пашырэння пераліку тыпаў дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай дзейнасці, і максімальнага ўключэння працаздольнага насельніцтва ў эканамічную дзейнасць».

У адпаведнасці з гэтым дакументам можна займацца некаторымі тыпамі дзейнасці, не рэгіструючыся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Пералік гэтых тыпаў дзейнасці не вельмі шырокі.

Для кожнага тыпу дадаткам да ўказа вызначаная сума базавых ставак адзінага падатку. Самыя высокія ўстаноўленыя ў сталіцы, Менскім раёне і абласных цэнтрах. Крыху меншыя падаткі ў 16 даволі вялікіх гарадах краіны.

Д'ябал хаваецца ў дэталях

Як мяркуе актывіст прадпрымальніцкага руху барысаўцаў Віктар Гарбачоў, адзіны падатак - гэта не адзіная выплата для тых, хто абярэ тып дзейнасці, які не прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Вось што ён распавёў ex-Press.by:

- Шуму шмат, маўляў, цяпер народ зажыве і будзе ўсплёск развіцця бізнэсу ў краіне. Малога. Ці вельмі малога. Бо народ кінецца ў падатковыя з заяўным прынцыпам адкрываць сваю справу або выводзіць яе з ценю, калі яна ўжо існавала. Але! Тут узнікае шмат пытанняў, не атрымаўшы на якія адказу, не будзе гэтага ўсплёску і буму рэгістрацыі. Ці не будзе гэты заяўны прынцып пасткай або «балотам», увайшоўшы ў якое, потым будзе цяжка выходзіць?

Калі пячнік, напрыклад, робіць за тры месяцы ўсяго толькі адную печ, плаціць яму трэба штомесяц? Узнікае пытанне - за што, калі не працуе і мала замоў?

Што будзе з ФСАН? Ці трэба выплачваць унёскі туды пасля выплаты адзінага падатку? А ўнёсак на сёння складае 90 рублёў за месяц у сярэднім для прадпрымальніка. І як плаціць унёсак, штомесяц або толькі ў перыяд работы? Пакуль усе выплачваюць кожны месяц, незалежна ад таго, працуеш ты ці не.

Ці будзе самазанятасць з выплатай адзінага падатку ўваходзіць у працоўны стаж? Ці гэта так - забаўка?

Калі чалавек заяўным прынцыпам рэгіструецца, то ён паказвае свой адрас пражывання, бо ў яго няма офіса або памяшкання. Добра, а вось цырульнік, стрыгучы дома ў сябе? Як толькі ён пачынае весці адкрыта сваю дзейнасць, з'яўляецца праблема. А за камунальныя паслугі плаціць як? Ці будзе падвышальныя каэфіцыент класціся на ягонае жытло ці не?

Шмат, вельмі шмат пытанняў, на якія яшчэ трэба атрымаць адказы. І калі іх не будзе ў выразным і зразумелым выглядзе - не будзе жаданага ўсплёску самазанятасці.

Ценявы бізнэс, дробны, даўно ўжо прыстасаваўся да існай сітуацыі. І мяняць яе не збіраецца. Бо за 15-20 гадоў нагледзеўся, як улада ставіцца да прадпрымальнікаў. Рэгулярна мяняе заканадаўства, давяла многіх прадпрымальнікаў да галечы. Садрала тры шкуры. Казалі адно - а на справе рабілі іншае. Рабавалі. Нахілялі і абражалі. Сітуацыя агульная для ўсіх - паняверка!

Вобразна кажучы, кацяня памерла, і якім бы якасным малаком яго цяпер не паілі, яго не ажывіць. Такія крокі для бізнэсе трэба было рабіць даўным-даўно. А цяпер ужо дзясяткі тысяч прадпрымальнікаў закрыліся і з'ехалі з краіны. Перавялі бізнэс за межы сінявокай. Зваротнай дарогі няма. Хаця?

Магчыма, пры новай уладзе, калі будуць сумленныя выбары, можна вярнуць веру ў падтрымку бізнэсу. А гэтыя змены - толькі спроба спыніць рост беспрацоўя і пры дапамозе заяўнага прынцыпу паказаць бачнасць з'яўлення новых працоўных месцаў. Гэта клопат, які спазніўся на некалькі дзесяцігоддзяў і які ўжо не ўратуе.

Сёння, кожны ўмее што-небудзь рабіць - спадзяецца толькі на сябе, свае рукі і галаву. І аддаваць гэта ў лапы уладаў – да смерці падобна. А наогул - будзем глядзець на першых смелых заяўнікаў і рабіць высновы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках