30 красавiка 2024, aўторак, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскі актывіст атрымаў у судзе перамогу над міліцыяй

7
Берасцейскі актывіст атрымаў у судзе перамогу над міліцыяй

Падтрымаць Віталя Казака ў судзе прыйшлі жыхары Берасця.

У Судзе Маскоўскага раёна Берасця скончыўся разгляд справы ў дачыненні да грамадскага актывіста Віталя Казака, паведамляе «Радыё Рацыя».

Суддзя Суда Маскоўскага раёна Берасця Марыя Леванчук апраўдала Віталя Казака. Яго абвінавачвалі ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў на падставе складзенага міліцыяй пратаколу падчас аднаго з «дзён інфармавання жыхароў мікрараёна Вулька».

- Вынікі добрыя. Поўная і безумоўная перамога. Я падаў шмат дакументаў, якія пацвярджаюць мае меркаванні. Сёння было прадаўжэнне. Яна сказала, што азнаёмілася з матэрыяламі той справы, якія я ёй даў. Падзякавала за дбайнае даследаванне праблем раёна і, прынамсі, дома, у якім праводзіліся мерапрыемствы, - распавёў Віталь Казак.

Ужо сёння Віталю прапанавалі забраць судовую пастанову, а пасля гэтага актывіст чарговым разам адправіцца на прыём у гарвыканкам. Там ён паспрабуе данесці чыноўнікам праблемы, на якія ён і звяртае ўвагу падчас сваіх «дзён інфармавання».

***

Парушэнне, нібыта, мела месца падчас аднаго са сходаў жыхароў мікрараёна Вулька, дзе Віталь Казак інфармаваў насельніцтва аб выніках перапіскі з чыноўнікамі з нагоды сацыяльных праблем:

- Цэлае лета і палову вясны я займаўся навядзеннем парадку ў мікрараёнах Вулька і Паўднёвы. Процьма праблем, выяўленых для жыцця небяспечных сітуацый. Напісаныя шматлікія звароты да чыноўнікаў, але ўсё гэта фактычна праігнараванае. Для таго, каб спыніць мяне, наважылі судовы працэс завесці. Цяпер невядома што пагражае, можа, папярэджанне, можа, 30 базавых адзінак, а можа, і 15 дзён. Я не сумняваюся, што ў мяне ёсць незняпраўджаныя довады вінаватасці чыноўнікаў, а гэта значыць, што мая грамадская праца ідзе на карысць, - каментаваў перад судом актывіст.

Падчас разгляду справы Віталь Казак выказаў меркаванне, што такім чынам яго хочуць пакараць чыноўнікі за «залішнюю актыўнасць».

Прадстаўнікі міліцыі ж у сваю чаргу ўважаюць гэта за пікетаванне, за што і быў складзены пратакол, бо грамадскі актывіст інфармаваў насельніцтва з дапамогай гукаўзмацняльнай апаратуры. Віталя Казака прыйшлі падтрымаць жыхары гораду:

- Я мяркую, што ў нас кожны мае права выказаць сваё меркаванне, мае права выказаць нейкія прэтэнзіі ўладам аб уладкаванні двароў, іншых з'яў у грамадстве. Чаму мы не можам недзе сабрацца, дзесьці абмеркаваць гэтыя пытанні, калі гэта тычыцца непасрэдна нас, нашых сем'яў, нашых дзяцей. Я мяркую, што мы маем поўнае права, мы грамадзяне свабоднай краіны, таму мы маем права выказваць дзе заўгодна сваё меркаванне.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках