5 траўня 2024, Нядзеля, 10:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Каменнай Горцы зрэжуць упадабаны мясцовымі жыхарамі пагорак

9
У Каменнай Горцы зрэжуць упадабаны мясцовымі жыхарамі пагорак

Людзі выступілі супраць чарговай ініцыятывы ўладаў.

Схіл паміж кальцавой аўтадарогай і вуліцай Каменнагорскай снежнай зімой ператвараецца ва ўпадабанае месца адпачынку для жыхароў усяго раёна. Дзятва і дарослыя з задавальненнем скочваюцца на санках і цюбінгах з вялікіх і малых горак. Катацца сюды прыязджалі нават з іншых раёнаў Менска. Аднак цяпер пра гэтую зусім бясплатную забаўку можна забыцца. Рэч не толькі ў адсутнасці снегу. Тыдзень таму пагорак абнеслі плотам, на ягоным месцы збіраюцца будаваць пажарнае дэпо. Засмучаныя гэтым фактам мясцовыя жыхары спрабуюць неяк паўплываць на сітуацыю, паведамляе «Онлайнер».

«Увага – рэпост! Нашу горку на скрыжаванні вуліцаў Каменнагорскай і Налібоцкай зносяць. Хочуць будаваць пажарнае дэпо. Але не ўсё яшчэ страчана, – такое паведамленне распаўсюджваецца цяпер у Viber-чатах жыхароў Каменнай Горкі. – У суботу адбудзецца сход жыхароў суседніх вуліцаў на прадмет захавання горкі, яе добраўпарадкавання (уключаючы бяспеку) і пераносу будоўлі ў бок. Таксама будзе запісаны відэазварот у адміністрацыю Лукашэнкі. Бярыце з сабой дзяцей, запрашайце суседзяў. Распаўсюдзьце гэтае паведамленне ў сваіх групах у Viber, "ВК", "Аднакласніках", рэпост і любымі іншымі спосабамі. Разам мы справімся».

Сёння ў рэдакцыю звярнулася чытачка Юлія. На ейную думку, пагорак варта было б акультурыць, каб палепшыць умовы для адпачынку, а пажарнае дэпо ў такім выпадку зрушыць на суседнюю пляцоўку.

"Дэпо трэба, але ўздоўж кальцавой месца вольнага хоць адбаўляй, можна было б крыху зрушыць гэты аб'ект і захаваць месца для катання дзяцей, – мяркуе мянчанка. – Пасля заканчэння будаўніцтва дэпо частка горкі захаваецца, але яна выходзіць наўпрост на праезную частку вуліцы Каменнагорскай. І дзеці ўсё адно будуць катацца там і вылятаць проста на праезную частку. Іншых горак у гэтым раёне няма. Замест таго каб акультурыць горку і стварыць умовы для баўлення часу дзяцей на свежым паветры, яе зносяць».

Ва ўправе архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Фрунзенскага раёна пацвердзілі: цяпер пляцоўку рыхтуюць да будаўніцтва. Узвесці будынак павінны за 14 месяцаў.

– Па-першае, горка размешчаная ў небяспечнай зоне, паміж кальцавой дарогай і праезнай часткай вуліцы Каменнагорскай. У Менску хапае больш бяспечных месцаў, да таго ж ёсць спецыяльна абсталяваныя схілы для спускаў. У раёне вуліцы Казінца, напрыклад. Па-другое, у Каменнай Горцы цяпер няма пажарнага дэпо, і гэта балючае пытанне для такога густанаселенага раёна. Выбар пляцоўкі для будаўніцтва дэпо старанна ўзгадняецца з МНС. Канкрэтнае месца на Каменнагорскай было вызначанае з улікам забеспячэння нарматыўнага радыусу абслугоўвання (3 км), – пракаментавалі сітуацыю спецыялісты кіравання.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках