11 траўня 2024, Субота, 5:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Бяссмертны: Перанос «Менска» – гэта толькі вяршыня айсберга

11
Раман Бяссмертны: Перанос «Менска» – гэта толькі вяршыня айсберга
РАМАН БЯССМЕРТНЫ

Цяпер Менск – гэта дэ-факта тэрыторыя Расеі.

Што будзе, калі перанесці «Менск» з Менска ў іншае месца? Якія пытанні з'яўляюцца «пад'ёмнымі» для перамоваў аб Данбасе сёлета? Ці могуць назіральнікі АБСЕ апынуцца на непадкантрольным адцінку дзяржаўнай мяжы Украіны? І, нарэшце, што значыць расейска-ўкраінская вайна для Еўропы і свету?

На гэтыя і іншыя пытанні ў бліц-інтэрв'ю «Обозревателю» адказаў былы ўдзельнік перамоваў у Менску, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны Раман Бяссмертны.

- Як паведаміў прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, прэзідэнт ЗША не супраць таго, каб перамовы аб Данбасе змянілі пляцоўку. Як, на вашу думку, змена лакацыі можа адбіцца на эфектыўнасці перамоўнага працэсу?

- У гэтай справе важна ўсё. І лакацыя, і форма, і змест. Думаю, вам вядома аб тым, што ў свой час Назарбаеў сам прапаноўваў сваю пляцоўку, бо ўсе разумелі непрадуктыўнасць таго, што там адбываецца.

Але тое, што 18 студзеня было агучана дзяржсакратаром Тылерсанам, прэзідэнтам Трампам і цяпер прэзідэнтам Назарбаевым, – гэта толькі вяршыня айсберга. Абмяркоўваліся нашмат больш глыбокія пытанні. Абмяркоўвалася сітуацыя агулам на еўразійскім кантыненце, асабліва ў дачыненнях паміж Расеяй і Еўропай, Расеяй і Украінай, АДКБ і NATO.

Цяпер адносна месца перамоваў. Ва Украіне, а таксама ў ЗША і ў Еўропе, часта пісалі аб тым, што Менск – гэта дэ-факта тэрыторыя Расеі. Відавочна, у цяперашняй сітуацыі, калі прадуктыўнасць менскага фармату сціплая, і ўжо відавочна, што ў гэтай праблематыцы дамінуе дыялог Курта Волкера і Уладзіслава Суркова, будуць абмяркоўвацца ўсе пытанні, у тым ліку і пытанне месца.

На чацвёртым годзе для асобных сусветных лідараў стала зразумела, што вайна паміж Расеяй і Украінай – гэта каласальная праблема, якая ўтрымлівае ў сабе адразу 4 канфлікты: глабальны, рэгіянальны, еўрапейскі кантынентальны і непасрэдна вайну паміж Расеяй і Украінай.

Відавочна, цяпер гэта будуць абмяркоўваць усе. Таму што гэты канфлікт альбо распаўсюдзіць вайну на ўсе чатыры чыннікі, альбо паслужыць чарговым трамплінам для таго, каб свет дамовіўся аб сусветным парадку на найбліжэйшыя сто гадоў.

Добра, што, нарэшце, пачынаюць сур'ёзна ставіцца да неабходнасці пошуку падыходаў – і арганізацыйных, і змястоўных – у адказ на гэтае, на маю думку, ключавое пытанне цяперашняга часу для свету, для Еўропы, для рэгіёну, ужо не кажучы аб дачыненнях дзвюх дзяржаў.

- Прэс-сакратарка Леаніда Кучмы Дарка Аліфер назвала два прыярытэты на менскіх перамовах на 2018 год: спыненне агню і вяртанне незаконных узброеных фармаванняў да лініі размежавання, усталяванай мемарандумам ад 19 верасня 2014 года. Ці не занадта сціплыя мэты?

- З пункту гледжання тактыкі вядзення перамоўнага працэсу выкананне дамоўленасцей, усякіх дамоўленасцяў, гэта звышважна. Таму што гэта ўстанаўлівае давер. З такога пункту гледжання, гэта абсалютна правільныя рэчы.

Бо ўсе выдатна ведаюць, што нават калі ўзяць частку фармалізаваных дамоўленасцей – напрыклад, аб адвядзенні войскаў – то яны не выкананыя цалкам. Нават такія дэталі руйнуюць ліквіднасць месца правядзення, зместу і ролі перамоўнага працэсу.

У мікратактычным плане паводзіны «сёння на сёння» абсалютна правільна.

- Якія пытанні можна было б рэальна развязаць у рамках «Менска» сёлета?

- Відавочна, абсалютна пад'ёмнымі з'яўляюцца дзве тэмы: першая – спыненне агню і развядзенне ўзброеных фармаванняў. Гэта абсалютна дасягальная рэч. І другое – абмен незаконна затрыманымі або ваеннапалоннымі.

Як толькі гэта будзе рэалізавана, гэта запусціць прадуктыўныя працэсы. Без адказу на складнік бяспекі – спынення агню і абмену ўсіх на ўсіх, як гэта запісана ў пагадненні, – вельмі цяжка казаць аб далейшым прасоўванні, аб палітычнай стабілізацыі і іншым.

Развядзенне войскаў, дэмілітарызацыя, дэмабілізацыя – гэта перадумовы ўсякага працэсу палітычнай стабілізацыі. Калі гэтага не зроблена, гаварыць аб прасоўванні працэсу проста немагчыма.

- Агучаная яшчэ адна мэта Кіева: бесперашкодны доступ місіі АБСЕ да ўсёй акупаванай тэрыторыі, уключаючы непадкантрольны адрэзак дзяржаўнай мяжы. Ці могуць назіральнікі АБСЕ апынуцца на мяжы?

- Тэма знаходжання місіі АБСЕ на ўсёй тэрыторыі Украіны, у тым ліку на мяжы і той яе частцы, аб якой мы гаворым, у кантэксце функцый і паўнамоцтваў АБСЕ – абсалютна пад'ёмная рэч. Кантроль місіі АБСЕ або супольны з АБСЕ кантроль пераходаў праз мяжу – гэта рэч, якая можа быць рэалізаваная.

Але калі не будуць развязаныя папярэднія пытанні, аб якіх я сказаў, рухацца далей будзе вельмі цяжка. Таму што тэма наяўнасці ўзбраення, тэма гарачага канфлікту фактычна вядзе за сабой неабходнасць кантролю з боку Расейскай Федэрацыі гэтага сектара мяжы. Думаю, вы выдатна разумееце, чаму – таму што гэтыя пераходы з'яўляюцца асноўнымі для забеспячэння АРДЛА зброяй, боепрыпасамі і іншым з Расейскай Федэрацыі. Гэта па-першае.

Па-другое, гэтыя адцінкі мяжы з'яўляюцца брамай для кантрабанды – зброі і тавараў – з таго боку.

Таму гэта вельмі складанае пытанне. Аб ім неабходна гаварыць, яго неабходна разглядаць, але неабходна таксама разумець, што адказваць на яго прадуктыўна можна толькі тады, калі будзе сфармуляваны адказ на пытанне найбліжэйшых 3-5 гадоў – пра лёс 50 тысяч калабарантаў, якія цяпер ваююць супраць Украіны.

Лёс расейскіх вайскоўцаў зразумелы – іх можна вывесці на месцы дыслакацыі. А што рабіць з калабарантамі, якія, фактычна, з'яўляюцца крымінальнымі злачынцамі?

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках