6 траўня 2024, панядзелак, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Як быццам у Савецкім Саюзе»: нямецкі журналіст з'ездзіў у Беларусь

42
«Як быццам у Савецкім Саюзе»: нямецкі журналіст з'ездзіў у Беларусь

Даніэль Шрадэр апісаў уражанні ад наведвання апошняй дыктатуры Еўропы.

«Беларусь асцярожна адкрываецца турыстам, Міністэрства замежных спраў Нямеччыны папярэджвае, што краіна мае «сістэму ўласных каштоўнасцяў» і што да паездкі трэба рыхтавацца. Гэтую сістэму падчас свайго наведвання Менска і шукаў аўтар артыкула», - піша нямецкае інтэрнэт-выданне www.bento.de - новы праект электроннай версіі штотыднёвіка Der Spiegel (пераклад – «Радыё Свабода»).

Публікацыю перадрукавалі некалькі нямецкіх выданняў. Яна выклікала шырокае абмеркаванне на чытацкіх форумах і ў сацыяльных сетках. Многія чытачы не падзяляюць думкі аўтара.

«Сцюардэса на борце беларускай авіякампаніі «Белавія» сустрэла мяне з непранікальным тварам, - піша журналіст Даніэль Шрадэр (Daniel Schrader). - Па-сяброўску ўсміхнуўся ёй, павітаўся: «Добры вечар!». «Добры дзень!» - з тым жа непранікальным тварам адказала яна.

З лютага 2017 года грамадзяне Еўразвязу цягам пяці дзён могуць знаходзіцца без візы ў Беларусі - краіне, якой кіруе аўтарытарны кіраўнік Аляксандр Лукашэнка, і якую часта называюць апошняй дыктатурай у Еўропе. Але як гэта выглядае напраўду, калі знаходзішся на месцы?

Наш самалёт здзейсніў пасадку позна ўвечары. Ужо на ўзлётна-пасадачнай паласе пасажыраў сустрэў вайсковец, які суправаджаў нас у будынак аэрапорта. Я запоўніў «міграцыйную карту», якую падчас знаходжання ў Менску заўсёды павінен быў насіць з сабой.

У гатэль прыбыў на таксоўцы незадоўга да паўночы. Пры начной падсветцы горад з яго некранутымі белымі фасадамі здаецца нейкім клінічна астуджаным, нежывым, пустынным».

У сваім артыкуле аўтар адзначае, што пры паездках па Менску карыстаўся таксоўкай Uber.

Як быццам у Савецкім Саюзе

Свой першы шпацыр у горадзе журналіст зрабіў па галоўнай яго магістралі - праспекце Незалежнасці. Плошча з помнікам Леніна, затым Палац Рэспублікі, абеліск Перамогі з сярпом і молатам наверсе, па дарозе зазірнуў у ГУМ. Піша, што твары прадавачак, якія разглядалі яго падчас гуляння па краме, былі «каменнымі». На паліцах крамы стаялі ўпрыгожаныя кветкамі вазы і талеркі ў найлепшых традыцыях савецкага часу. Па ўнутраным радыё часта гучаў Modern Talking.

Аўтар прыклаў фота тыповага турыстычнага маршруту па Менску: Палац Рэспублікі, манумент на Плошчы Перамогі, брама горада на Прывакзальнай плошчы, помнік з танкам у цэнтры, музей Вялікай Айчыннай вайны, нацыянальны оперны тэатр. Апошняе фота падпісаў: «Цудоўны тэатр».

У «Кухмістра»

Дэгустацыю беларускай кухні аўтар пачаў з рэстарацыі «Кухмістар», што непадалёк ад помніка-танка. Ён піша:

«Я заказваю нацыянальную страву - дранікі. Павінен чакаць гадзіну, усё згодна з сацыялістычным клішэ. Калі ежу нарэшце прыносяць, я ўжо такі галодны, што амаль усё магу праглынуць. Таму ўражанне трохі прадузятае: шмат тлушчу, але смачна».

У наступныя дні, калі Даніэль Шрадэр шпацыраваў па Менску, ён убачыў шмат самых розных сетак хуткага харчавання накшталт Burger King і KFC, «якія ў іншых краінах свету губляюць продажы, бо не адпавядаюць тэндэнцыям здаровага ладу жыцця».

Са слоў аўтара, «у гандлёвым цэнтры Galleria Менск усё інакш, чым у ГУМе. Замест ваз з кветкамі ў крамках тут вырабы вядомых у свеце гандлёвых марак ад Sony да Reserved. А прадаўшчыцы ветліва ўсміхаюцца».

У старым горадзе, піша аўтар, выстраіліся ў шэраг клубы і бары. Асабліва яму падабаецца «Гарышча». «Тут жыццё іншае, не шэрае і сумнае...П'ю белае расейскае піва, за маёй спіной танчыць моладзь. Як быццам усё гэта адбываецца ў Берліне або Гамбургу».

«Нідзе на вуліцах не бачыў так шмат паліцыянтаў і вайскоўцаў»

Са слоў Даніэля Шрадэра, адыход ад беларускай рэальнасці займае не так шмат часу:

«Нягледзячы на фастфуд і заходнюю электроніку, паўсюль прысутнічае адчуванне аўтарытарнай палітыкі. Столькі паліцыянтаў і вайскоўцаў на вуліцы, як у Менску, я больш не сустракаў нідзе. Хутчэй за ўсё, і агенты КДБ сустракаліся на шляху. Заснаваная некалі пры «саветах» сакрэтная служба па-ранейшаму існуе ў Беларусі пад гэтай старой назвай, як і раней, кантралюе беларускіх грамадзян - тых, хто прадстаўляе апазіцыю, што раздражняе кіраўніка».

Нямецкі журналіст адзначае, што названая Міністэрствам замежных спраў ФРГ «сістэма ўласных каштоўнасцяў» Беларусі выразна дэманструецца і ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, які ён наведаў у апошні дзень паездкі. Гаворка ідзе пра інтэрпрэтацыю гісторыі Другой сусветнай вайны:

«Пад вялікімі шкляным купалам будынка з савецкім сцягам наведвальнікам гісторыя савецкага ўварвання ў Польшчу ў 1939 годзе падаецца як уз'яднанне Беларусі. Аншлюс балтыйскіх дзяржаў стаў добраахвотным уваходжаннем у склад СССР...Як шмат можа рабіць прапаганда ў час, калі людзям трэба ведаць і аб альтэрнатыўных фактах».

Журналіст адзначае, што, нягледзячы на абвешчаную «адкрытасць», дазвол для турыстаў і кампаній наведаць краіну, бачыш, што нейкія ўласныя меркаванні лепш пакінуць звонку. Менавіта гэтая супярэчнасць і «зрабіла паездку экстраардынарнай». «Благое адчуванне заставалася да ад'езду. Нягледзячы на ўсе змены, Менск застаецца сталіцай апошняй дыктатуры Еўропы», - піша Даніэль Шрадэр.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках