6 траўня 2024, панядзелак, 10:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Handelsblatt: Шок для Расеі

13
Handelsblatt: Шок для Расеі

МАК не запрасiў на Алімпіяду зорак расейскага спорту.

Міжнародны алімпійскі камітэт зачыніў дзверы перад знакамітымі расейскімі спартоўцамі, забараніўшы ўдзел на Алімпіядзе ў Пхенчхане. У Маскве гэтая пастанова выклікала абурэнне, Расея запатрабавала ад МАК справаздачы, паведамляе Handelsblatt, (пераклад - inopressa.ru).

«Тры зоркі расейскага спорту (біятланіст Антон Шыпулін, шорт-трэкіст Віктар Ан і лыжнік Сяргей Усцюгоў), якіх дагэтуль ні разу не дыскваліфікавалі праз допінг, не патрапілі ў спіс з прозвішчамі запрошаных на Алімпіяду расейскіх спартоўцаў», - піша выданне і паказвае на тое, што з 500 расейскіх спартоўцаў, першапачаткова уключаных у спіс Незалежнай арганізацыяй антыдопінгавага тэставання (ITA), было ўжо выключана 111 чалавек.

«Мы вельмі шкадуем у сувязі з гэтым, калі сапраўды такія пастановы прынятыя», - заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Ён выказаў надзею на тое, што сітуацыю ўдасца растлумачыць, паведамляе Handelsblatt. Пры гэтым магчымасць байкоту Гульняў была адрынутая віцэ-прэзідэнтам Алімпійскага камітэта Расеі (АКР) Станіславам Пазняковым.

«Адсутнасць на Алімпіядзе вядучых спартоўцаў стане цяжкім ударам для Расеі», - сцвярджае выданне. Антон Шыпулін, які здабыў золата Алімпіяды ў Сочы 2014 года, капітан нацыянальнай каманды расейскіх біятланістаў, раскрытыкаваў практыку выкарыстання допінгу ў спорце. Сяргей Усцюгоў, які здабыў два залатыя медалі на Чэмпіянаце свету ў Лахці ў лютым 2017 года, уважаецца за аднаго з фаварытаў лыжнай гонкі на доўгую дыстанцыю. Віктар Ан, які атрымаў расейскае грамадзянства, і мае шэсць алімпійскіх медалёў, стаў легендай шорт-трэка. Гэтыя тры спартоўцы ніколі не былі заўважаныя ва ўжыванні допінгу», - канстатуе нямецкае выданне. МАК таксама не дапусціў да Алімпіяды фігурыстаў Ксенію Сталбову (парнае катанне) і Івана Букіна (танцы на лёдзе), дадае аўтар.

Са слоў кіраўніка ITA экс-міністра спорту Францыі Валеры Фурнерон, спіс павінен стаць гарантыяй таго, што на Алімпіяду будуць запрошаныя толькі спартоўцы з бездакорнай рэпутацыяй. МАК заявіў аб тым, што, магчыма, адбудуцца далейшыя расследаванні і антыдопінгавыя працэдуры, накіраваныя супраць цэлага шэрагу спартоўцаў.

Як адзначае выданне, патрапілых пад падазрэнне расейскіх спартоўцаў можна падзяліць на дзве катэгорыі: «Тых, у чыім выпадку экспэртамі МАК было даведзенае ўжыванне допінгу (...), і тых, у каго ўжыванне допінгу даведзенае не было, але існуюць указанні на тое, што вынікі іх аналізаў былі падробленыя». Аўтар зазначае пры гэтым на французскую Le Monde, якая, спасылаючыся на дасведчаную крыніцу, пісала пра тое, што Шыпулін як раз трапляе ў другую катэгорыю.

Старшыня камітэта Дзярждумы ў фізкультуры, спорце, турызме і справах моладзі Міхаіл Дзегцяроў упэўнены, што напады на расейскі спорт дырыжуюцца з Вашынгтона і закліканыя справакаваць Расею на байкот Алімпіяды ў Пхенчхане. Ён патрабуе склікання Алімпійскага сходу, вышэйшага кіроўнага органа ДКР. Масква, нагадвае аўтар, адмаўляе абвінавачванні ва ўжыванні допінгу і ўважае іх за інтрыгу Захаду.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках