6 траўня 2024, панядзелак, 3:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мадэрнізацыя» гарбарных прадпрыемстваў: зноў халасты стрэл

8
«Мадэрнізацыя» гарбарных прадпрыемстваў: зноў халасты стрэл

Чым скончыліся чарговыя патугі ўладаў для гарбарнай прамысловасці.

У 2012 годзе Лукашэнка прыняў пастанову аб мадэрнізацыі беларускай гарбарнай галіны. Наважылі ўдвая скараціць колькасць гарбарных прадпрыемстваў і зрабіць стаўку на два беларускія гіганты - ААТ «Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне» і ААТ «Бабруйскі гарбарны камбінат». Ліквідаваць планавалася магілёўскі «Гарбар» і РУП «Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне», піша «Ежедневник».

Разлік быў просты: усе перапрацоўчыя магутнасці ствараліся пад пастаўкі сыравіны з усяго СССР. Але з распадам Савецкага саюза сама Беларусь не магла забяспечыць сыравінай усе чатыры прадпрыемствы. Адначасова вызначылі ўвесці заканадаўчую забарону на вываз неапрацаваных шкур буйной рагатай жывёлы без адпаведнага дазволу.

Амаль два гады ніякіх асаблівых дзеянняў у гэтым кірунку не рабілася, а потым была пачатая мадэрнізацыя двух перапрацоўчых прадпрыемстваў. Пры гэтым у менскі камбінат было выдаткаванае блізу 26 млн даляраў, а ў бабруйскі - блізу 3 млн даляраў.

Прайшоў час і выявілася, што магутнасці беларускіх прадпрыемстваў загружаныя ў сярэднім напалову. Пры гэтым, паводле звестак КДК, за апошнія два гады, нягледзячы на забарону паводле закона, экспарт неапрацаваных шкур буйной рагатай жывёлы павялічыўся больш чым у пяць разоў. Пры гэтым у восем разоў больш вывозіцца шкур з мінімальнай перапрацоўкай, гэта так званыя шкуры вет-блю.

Самае дзіўнае, што і два прадпрыемствы, якія меркавалася ліквідаваць, існуюць дагэтуль. Толькі ў сакавіку 2018 года скончыцца ў Гаспадарчым судзе ліквідацыйная працэдура ў дачыненні «Гарбара». А «Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне» працуе дагэтуль і са сваім састарэлым абсталяваннем выпускае ў асноўным той самы вет-блю, які потым вяртаецца ў Беларусь ужо ў якасці дыхтоўных перапрацаваных шкур.

Самае дзіўнае, што ў Беларусі створаная цэлая сетка пасярэдніцкіх фірмаў, у тым ліку зарэгістраваных у афшорных зонах. Пры гэтым большасць шкур вывозіцца кантрабандай, а за апошнія гады праваахоўнікі не ліквідавалі ніводнай такой фірмы.

У выніку такой бяздзейнасці беларускія прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць у сваёй вытворчасці натуральную скуру (у асноўным гэта абутнікі і мэбельшчыкі) выкарыстоўваюць толькі блізу 25% айчыннай сыравіны, а 75% экспартуюць. І гэта пры тым, што ў выніку мадэрнізацыі планавалася цалкам задаволіць усе ўнутраныя патрэбы беларускіх прадпрыемстваў. Паводле звестак КДК, калі за 2015 год адмоўнае сальда гандлю скурай склала 9 млн даляраў, то за 2016 год - ужо 13 млн даляраў, а за 2017, паводле папярэдніх звестак, складзе ўсе 20 млн даляраў. Нядрэнная такая аддача ад мадэрнізацыі.

Спажыўцы скуры таксама адзначаюць, што нягледзячы на мінулую мадэрнізацыю, беларускія прадпрыемствы не выпускаюць неабходных сучасных артыкулаў і запатрабаванай каляровай гамы.

Сітуацыю ўскладняе тая акалічнасць, што мадэрнізаваныя прадпрыемствы сёння адчуваюць фінансавыя праблемы і не заўсёды могуць заплаціць за пастаўленыя шкуры. Са свайго боку сельгаспрадпрыемствы і мясакамбінаты, якія з'яўляюцца асноўнымі пастаўшчыкамі, самі лічаць кожную капейку і не жадаюць адпускаць тавар з адтэрміноўкай аплаты. Ім выгадней пагадзіцца на прапановы пасярэдніцкіх фірмаў, якія і кошт прапануюць лепшы і разлічваюцца адразу.

А ўжо потым беларускія шкуры вакольнымі шляхамі перапраўляюцца ў Польшчу, краіны Балтыі, Італію, Турцыю і Расею. Схемы вывазу таксама вядомыя, але яны нібы недатыкальныя.

У канцы 2017 года КДК унёс ураду шэраг прапаноў для выпраўлення сітуацыі, але ці дадуць гэтыя прапановы нейкі эфект, пакуль невядома.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках