6 траўня 2024, панядзелак, 1:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вярхоўны суд РФ скасаваў пастанову аб выдварэнні з краіны Алі Феруза

Вярхоўны суд РФ скасаваў пастанову аб выдварэнні з краіны Алі Феруза

Суддзя ВС РФ заявіў, што не ўбачыў матываў, якiя абгрунтоўваюць неабходнасць дэпартацыі журналіста «Новой газеты».

Вярхоўны суд задаволіў скаргу журналіста «Новой газеты» Алі Феруза (Худабердзі Нурматава) і скасаваў пастанову аб яго дэпартацыі з Расеі ва Узбекістан. Пастанова ад 22 студзеня была апублікаваная на сайце суду. Суддзя Уладзімір Меркулаў пастанавіў накіраваць справу Алі Феруза на новы разгляд у Маскоўскі гарадскі суд, паведамляе «Нямецкая хваля».

Як сказана ў дакуменце, «у пастанове суддзі раённага суда не прыведзены матывы ў абгрунтаванні сапраўднай неабходнасці прымянення да Нурматава Х.Т. такой меры адказнасці як адміністрацыйнае выдварэнне ў форме прымусовага выдварэння за межы Расейскай Федэрацыі са змяшчэннем яго ў спецыяльную ўстанову, што прадугледжана Федэральным законам No115-ФЗ. Таксама адсутнічаюць спасылкі на фактычныя абставіны, якія дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што мелася неабходнасць прымянення да яго такой меры адміністрацыйнай адказнасці».

Нямеччына гатова прыняць Алі Феруза

Вярхоўны суд рэкамендаваў Масдзяржсуду ўлічыць палажэнні з вынесенай пастановы і звярнуць увагу на ліст з амбасады ФРГ у Расею ад 4 жніўня, які пацвярджае гатоўнасць Нямеччыны прыняць Алі Феруза. Суддзя таксама адзначыў, што «адміністрацыйнае выдварэнне (Алі Феруза - Рэд.) у Рэспубліку Узбекістан пагражае яго жыццю і здароўю», бо журналіст спасылаўся на катаванні і пераслед, якім ён падпадаў «у краіне яго грамадзянскай прыналежнасці». У пастанове ВС, акрамя іншага, адзначаецца, што журналіст заяўляў пра гатоўнасць добраахвотна пакінуць межы Расеі, выехаўшы ў Нямеччыну.

Журналіста «Новой газеты», грамадзяніна Узбекістана Худабердзі Нурматава, што публікуецца пад псеўданімам Алі Феруза, у жніўні 2017 года прызналі вінаватым у парушэнні рэжыму знаходжання ў Маскве, пастанавіўшы дэпартаваць яго.

Выкананне пастановы аб выдварэнні з Расеі пазней было прыпыненае на патрабаванне Еўрапейскага суда правоў чалавека (ЕСПЧ). З тых часоў журналіст знаходзіцца ў Цэнтры часовага ўтрымання замежных грамадзян. У лістападзе яго паўторна аштрафавалі за незаконную працоўную дзейнасць у Маскве.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках