24 красавiка 2024, Серада, 5:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэпарцёры без межаў»: Разблакаванне «Хартыі-97» - бясспрэчная ўмова дыялогу Беларусі з ЕЗ

8
«Рэпарцёры без межаў»: Разблакаванне «Хартыі-97» - бясспрэчная ўмова дыялогу Беларусі з ЕЗ

Ці пачуе гэты заклік еўракамісар Ёханэс Хан?

У той час як еўракамісар Ёханэс Хан наведвае Менск, «Рэпарцёры без межаў» (RSF) асуджаюць блакаванне самага папулярнага сайта навін Беларусі Charter97.org цягам апошніх шасці дзён, разглядаючы гэта як яшчэ адзін акт цэнзуры, які наўпрост супярэчыць ліслівым прамовам беларускага ўрада ў адрас Еўрапейскага Звязу.

Пра гэта гаворыцца ў заяве на сайце міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў».

- Нягледзячы на імкненне да «адлігі» з ЕЗ, урад Беларусі ўзмацняе свой ціск на крытыкаў рэжыму. Charter97.org стаў недаступны 24 студзеня, ледзь больш чым праз месяц пасля таго, як рэжым пачаў блакаваць сайт «Беларускі партызан». Міністэрства інфармацыі прызнала, што яно нясе адказнасць за блакаванне, на наступны дзень.

Міністэрства інфармацыі абвінаваціла Charter97.org у публікацыі паведамленняў з «экстрэмісцкім» зместам, «здольных прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі», у якіх згадваюцца несанкцыянаваныя дэманстрацыі. Але ўлады не вызначылі, які менавіта кантэнт яны ўважаюць за незаконны і чаму.

«Гэта адзін з вядучых незалежных СМІ краіны, які рэжым прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе прымусіць замаўчаць», - сказаў Ёган Бір, кіраўнік аддзела RSF ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. «Еўрапейскі Звяз павінен растлумачыць Менску, што разблакаванне вэб-сайта Charter97.org і павага свабоды сродкаў масавай інфармацыі з'яўляюцца бясспрэчнымі ўмовамі для збліжэння з Брусэлем».

Створаны ў 1998 годзе вядомым журналістам Алегам Бябеніным, сайт Charter97.org атрымаў сваю назву ад закліку да дэмакратыі ў Беларусі 1997 года, які падтрымліваўся апазіцыйнымі і праваабарончымі групамі. Сайт, які падтрымлівае апазіцыю, заўсёды зазнаваў пераслед і блакаванне ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў. Праз рост пераследу штаб-кватэра Charter97.org знаходзіцца ў Польшчы з 2011 года.

«Блакаванне самага чытанага сайта Беларусі - новы ўдар па свабодзе выказвання», - сказала RSF галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна. - Цягам апошніх 20 гадоў улады выкарысталі ўсе магчымыя сродкі ціску на нас - ад блакавання да арыштаў і забойстваў журналістаў».

Сёння Ёханэс Хан, еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі добрасуседства, прыедзе ў Менск, дзе ў апошнія гады рэжым Лукашэнкі шукае збліжэння з ЕЗ праз эканамічныя цяжкасці і для аслаблення расейскіх абдымкаў.

У 2015 годзе Брусэль пагадзіўся на вызваленне вядучых палітычных зняволеных у якасці падстаў для скасавання мэтанакіраваных санкцый, якія ён наклаў на чыноўнікаў рэжыму чатыры гады таму.

Аднак, нягледзячы на невялікае паслабленне ў 2016 годзе, улады не паменшылі ціск на сродкі масавай інфармацыі, а ў 2017 годзе было зарэгістравана больш за 100 арыштаў журналістаў і блізу 60 журналістаў былі аштрафаваныя. Кантроль яшчэ больш узмацніўся пасля прызначэння Аляксандра Карлюкевіча на пасаду міністра інфармацыі ў верасні мінулага года. Беларусь заняла 153-е месца са 180 краін у індэксе свабоды прэсы RSF у 2017 годзе.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках