4 траўня 2024, Субота, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лондан: Новыя санкцыі супраць Расеі будуць прынятыя ўжо заўтра

1
Лондан: Новыя санкцыі супраць Расеі будуць прынятыя ўжо заўтра

Санкцыі Еўразвязу звязаныя з ужываннем хімічнай зброі ў Солсберы і Сірыі.

Рада ЕЗ зацвердзіць план новых санкцыяў у дачыненні да Расеі ў сувязі з меркаваным ужываннем хімічнай зброі, гаворыцца ў распаўсюджаным у нядзелю, 14 кастрычніка, прэс-рэлізе МЗС Вялікай Брытаніі. Дакумент можа быць падпісаны на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў Еўразвязу 15 кастрычніка ў Люксембургу, паведаміла брытанская ўстанова, кажа dw.com.

Сярод іншага мяркуецца абмежаваць уезд на тэрыторыю ЕЗ і замарозіць еўрапейскія рахункі кіраўнікоў расейскіх выведвальных службаў і іх найбліжэйшых паплечнікаў, адзначаецца ў дакуменце. Паводле гэтых звестак, новыя санкцыі былі прапанаваныя Вялікай Брытаніяй і Францыяй пасля хімічных нападаў у Сірыі і атручвання экс-агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў Солсберы.

У сваю чаргу брытанская газета The Telegraph у ноч на 14 кастрычніка паведаміла, што санкцыі будуць накіраваныя супраць "высокапастаўленых расейскіх палітыкаў", а таксама кіраўніцтва расейскіх выведслужбаў і іх паплечнікаў, адказных за меркаваную хімічную атаку. Гэтым асобам будзе забаронены ўезд у ЕЗ, іхнія рахункі будуць блакаваныя, піша выданне.

Хант падзякуе васьмі калегам з ЕЗ

Пры гэтым новыя санкцыі могуць закрануць не толькі РФ. "Гаворка ідзе не толькі пра Расею і Солсберы, санкцыі будуць накіраваныя супраць выкарыстання хімічнай зброі ва ўсім свеце", – заявіў прадстаўнік МЗС Вялікай Брытаніі.

Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Джэрэмі Хант перад пасяджэннем Рады ЕЗ прыме калег з Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыны, Славакіі, Славеніі, Балгарыі, Харватыі і Румыніі ў сваёй афіцыйнай загараднай рэзідэнцыі Чыўнінг-хаус. На сустрэчы ён падзякуе ім за падтрымку ў рамках намаганняў у спыненні выкарыстання хімічнай зброі ва ўсім свеце.

Хант падкрэсліў, што цягам многіх гадоў у свеце існавала табу на ўжыванне хімзброі, але пасля падзей у Сірыі і Солсберы гэтая забарона знаходзіцца пад пагрозай. Ён заклікаў паўторна правесці чырвоную рысу, якая прадэманструе вельмі высокі кошт для любога, хто ўжывае "гэтую жудасную зброю".

Хімзброя ў брытанскім Солсберы і сірыйскім Хан-Шэйхуне

Сяргей і Юлія Скрыпалі 4 сакавіка былі знойдзеныя без прытомнасці на лаўцы ў цэнтры Солсберы. Паводле звестак следства, атрутнае рэчыва было нанесенае на дзвярную ручку ў доме экс-супрацоўніка ГРУ прыкладна за суткі да атручвання. Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што Скрыпалі, хутчэй за ўсё, былі атручаныя нервова-паралітычным рэчывам пад кодавай назвай "Навічок", распрацаваным у СССР. Эксперты АЗХЗ пацвердзілі высновы Лондана пра прыроду рэчыва, якім атруцілі Скрыпаляў. У Маскве катэгарычна адпрэчваюць усе абвінавачванні.

Лондан абвінавачвае ў атручванні Скрыпаляў меркаваных супрацоўнікаў вайсковай выведкі Расеі – ДУ Генштаба ВС РФ, больш вядомай як ГРУ, Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова. Следства адразу ж паказала, што імёны меркаваных злачынцаў могуць быць выдуманымі. Даследніцкія групы Bellingcat, The Insider, Conflict Intelligence Team і "Праект" даведаліся падрабязнасці з біяграфіі Башырава і Пятрова і назвалі іхнія сапраўдныя імёны – Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін.

У выніку хімічнай атакі ў горадзе Хан-Шэйхун у сірыйскай правінцыі Ідліб у пачатку красавіка 2017 года загінулі больш за 80 чалавек, у тым ліку 30 дзяцей, і пацярпелі больш за 550 чалавек. Вашынгтон абвінаваціў у хімічнай атацы рэжым прэзідэнта Башара Асада, якога актыўна падтрымлівае Расея. У адказ на яе ЗША 7 красавіка запусцілі 59 крылатых ракетаў "Тамагаўк" па ваенным аэрадроме "Аль-Шайрат" на захадзе Сірыі. Дамаск адмаўляе любую датычнасць да злачынства ў Хан-Шэйхуне.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках