11 траўня 2024, Субота, 3:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што беларускія праваслаўныя думаюць аб украінскай аўтакефаліі

8
Што беларускія праваслаўныя думаюць аб украінскай аўтакефаліі

Афіцыйны Менск могуць чакаць рэальныя іміджавыя страты.

Афіцыйна праваслаўная царква ўважаецца ў Беларусі за найбуйнейшую рэлігійную канфесію. Паводле звестак за ліпень 2010 года, пададзеных апаратам Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў пасля апошняга перапісу насельніцтва, агульная колькасць праваслаўных у краіне складае блізу 4,5 мільёна чалавек - прыкладна палова насельніцтва. Вернікамі сябе назвалі 58,9% жыхароў краіны, з іх 82,5% адносяць сябе да Беларускага экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы (РПЦ).

У панядзелак, 15 кастрычніка, у Менску адбудзецца пасяджэнне Сінода РПЦ, запланаванае яшчэ вясной як адказ на візіт у Літву Папы Рымскага Францішка. Аднак парадак пасяджэння імкліва памяняўся, прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла анансаваў, што Сінод РПЦ дасць канчатковую ацэнку дзеянням Канстанцінопальскага Патрыярхату. Што беларускія праваслаўныя вернікі думаюць аб распачатай працэдуры надання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве (УПЦ), да якой прыступіў Сінод Экуменічнага патрыярхату ў Стамбуле, высвятляла DW.

Аўтакефалія УПЦ: палітыка і рэлігія

Магілёвец Аляксей Кірыенка, атрымліваючы сярэднюю адукацыю, паралельна наведваў і нядзельную праваслаўную школу пры Магілёўскім Трохсвяціцельскім кафедральным саборы. Будучы выпускніком, ён ведае ўсе каноны. Пры гэтым Кірыенка - чалавек не толькі рэлігійны, але і палітычна актыўны.

На апошнім з'ездзе апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) быў абраны намеснікам старшыні. Кірыенка станоўча адклікаецца аб магчымай аўтакефаліі УПЦ. Рэакцыю РПЦ на гэта ён назваў «палітычнымі гульнямі» і выказаў упэўненасць,што для вернікаў зусім нічога не зменіцца.

Ігумення Паднікольскага манастыра ў Магілёве Ефрасіння таксама ўважае пытанне аўтакефаліі УПЦ за палітычнае. Таму яна і адмовілася што-небудзь каментаваць для DW, параіўшы звярнуцца ў галоўны гарадскі сабор Трох Свяціцеляў. Пры гэтым адна з манашак, праз якую мела стасункі ігумення, і зусім прызналася, што «проста нічога пра гэта не ведае».

Паднікольскі манастыр многія ўважаюць за самае прарасейскае месца ў Магілёве, бо тут захоўваецца і шануецца, бадай, адзіны ў Беларусі абраз апошняга расейскага імператара Мікалая II, прылічанага ў 2000 годзе РПЦ да ліку святасці «страстацерпцы». Аднак вернікі тут не сталі абараняць пазіцыю РПЦ, а бліц-апытанне вернікаў паказала, што аб тым, што адбываецца ва Украінскай Праваслаўнай Царкве, мала хто ведае. Магчыма, гэта вынік адсутнасці інфармацыі на гэтую тэму ў мясцовай прэсе, якую чытае большасць вернікаў.

У галоўным Магілёўскім храме Трох Свяціцеляў DW таксама не ўдалося ўзяць каментар. Арцыбіскуп Магілёўскі Сафроній выехаў у Менск для ўдзелу ў Сінодзе РПЦ, а ў ягоную адсутнасць ніхто не ўзяў на сябе адказнасць ацаніць дзеянні Канстанцінопаля. Адзін са служыцеляў, пажадаўшы застацца невядомым, растлумачыў, што наўрад ці хтосьці адважыцца на каментар, бо пазіцыя святароў будзе такой, як пакажа Менскі мітрапаліт.

Што ж тычыцца вернікаў, то яны тут больш дасведчаныя аб сітуацыі з УПЦ, аднак выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца, не змаглі: усе сышліся ў меркаванні, што братэрскае стаўленне да праваслаўных і ўкраінцаў, і расейцаў не зменіцца.

Беларусь - свецкая дзяржава

Але рэальнасць значна больш складаная і павінна быць дапоўненая іншымі звесткамі, якія паказваюць на свецкасць беларускага грамадства, мяркуе тэолаг, дырэктарка Цэнтра «Экумена» Наталля Васілевіч, якая цяпер піша доктарскую дысертацыю па філасофіі і праваслаўнаму багаслоўю ва ўніверсітэце Бона.

Людзей, якія называюць сябе праваслаўнымі, трэба падзяліць на дзве катэгорыі, мяркуе магілёвец Аляксей Кірыенка. Лічбы накшталт 83% праваслаўных, мяркуе ён, бяруцца пасля перапісаў насельніцтва, на якіх людзі, не задумваючыся, атаясамліваюць сябе са звыклай для іх канфесіяй - і гэта самая вялікая Катэгорыя праваслаўных людзей. Аднак напраўду, мяркуе Кірыенка, вернік павінен штотыдзень наведваць набажэнства, ведаць шэраг малітваў. А з гэтым, прадаўжае ён, вялікія праблемы: «Статыстыка будзе вельмі непрыемнай для РПЦ».

Наўскідку Кірыенка налічыў у Магілёве толькі шэсць дзейных храмаў, тры з якіх былі пабудаваныя ў апошняе дзесяцігоддзе. Далёка не заўсёды яны запоўненыя, адзначае ён. Але нават калі ўявіць, што кожны прыме тысячу чалавек, то для горада з насельніцтвам 370 тысяч адсотак рэальных вернікаў будзе на ўзроўні хібнасці.

Паводле апытання Gallup, праведзенага ў 114 краінах у 2009 годзе, Беларусь знаходзіцца ў групе з адзінаццаці краін, дзе рэлігія ў паўсядзённым жыцці не адыгрывае ні найменшай ролі. Пры гэтым, адзначае Наталля Васілевіч, ні Расея, ні Украіна у гэты спіс не трапілі. Гэтая сітуацыя актуальная і цяпер. Гэта значыць, Беларусь з'яўляецца самай не рэлігійнай сярод трох гэтых краін, так што магчымы варыянт, не выключае Васілевіч, калі беларусы проста не заўважаць супрацьстаяння вакол аўтакефаліі УПЦ.

БПЦ - гэта нават не аўтаномія, а толькі экзархат

Менскі гісторык Анатоль Сідарэвіч згодны з такім меркаваннем. Больш за тое, у канцы 80-х гадоў, успамінае ён, колькасць няверуючых беларусаў дасягала 70% насельніцтва. У 2003 годзе было падпісанае пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой (БПЦ), у рамках якога былі распрацаваныя шэраг праграм у сферах адукацыі, культуры, сацабароны.

Трэба разумець, прадаўжае Сідарэвіч, што БПЦ - гэта нават не аўтаномія, а толькі экзархат, якім кіруе прызначаны Масквой чалавек. У параўнанні з Расеяй здаецца, што беларускія іерархі РПЦ жывуць больш сціпла - без дарагіх аўтамабіляў і гадзіннікаў. Але гэта можа быць вынікам таго, што, у адрозненне ад Расеі, пра гэта мала пішуць у беларускіх СМІ. Некаторыя рэзідэнцыі мясцовых святароў, сцвярджае Сідарэвіч, выглядаюць не горш, чым у расейцаў.

Але, з выказвання гісторыка, ліміт рэкрутынгу вычарпаны – беларускія вернікі вызначыліся з дэнамінацыямі, і прытоку вернікаў у царкве больш няма. Таму, дадае Сідарэвіч, праваслаўныя святары былі дапушчаныя ў навучальныя ўстановы і падраздзяленні войска, аднак, на ягоную думку, плёну гэта пакуль не прынесла.

У той жа час беларусы, на ацэнку Сідарэвіча, сталі закладнікамі пазіцыі РПЦ. Калі 15 кастрычніка на Сінодзе ў Менску будуць прынятыя пастановы аб адыходзе РПЦ ад сусветнай праваслаўнай царквы, то яны будуць названыя «менскімі пастановамі Сінода». І гэта прынясе Менску рэальныя іміджавыя страты, хоць звычайныя прыхаджане на нізавым узроўні не стануць выконваць гэтыя пастановы.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках