Уладам не спадабалася беларуская сям'я, якая зарабіла $80 тысяч на гандлі адзеннем
16- 7.10.2018, 11:40
- 27,904
У дачыненні да прадпрымальных жыхароў Бярозы распачалі крымінальную справу.
Крымінальную справу за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць распачалі ў дачыненні да трох жыхароў гэтага раённага цэнтра яшчэ летась, піша «Першы Регiон».
Са слоў начальніка Кобрынскага міжраённага аддзела УДФР КДК Берасцейскай вобласці Аляксандра Кандрацюка, яны прадавалі жаночае адзенне з дапамогай паштовых адпраўленняў накладзеным плацяжом. Самі ж вырабы прэзентавалі праз інтэрнэт - у сацыяльных сетках.
«Незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю сваякі - бацька, дачка і былы зяць - займаліся тры гады. За гэты час яны атрымалі ў якасці даходу звыш 163 тысяч рублёў», - адзначыў прадстаўнік фінансавай міліцыі.
Устаноўлена, што тавары набываліся ва Украіне і ўвозіліся як рэчы для асабістага карыстання. Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.