11 траўня 2024, Субота, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі рыхтуюць новыя паборы з выпускнікоў

21
У Беларусі рыхтуюць новыя паборы з выпускнікоў

Улады хочуць узмацніць кантроль за «ухілістамі» ад размеркавання.

У Беларусі хочуць узмацніць кантроль за выпускнікамі навучальных устаноў, якія павінны адпрацаваць паводле размеркавання, але ўхіляюцца. Для гэтага Міністэрства адукацыі прапануе «прыняць вычарпальныя захады для спагнання сродкаў, выдаткаваных на навучанне», паведамляе tut.by.

Акрамя таго, улады задумаліся пра тое, каб пераняць досвед немцаў у падрыхтоўцы кадраў. Адпаведныя прапановы ўтрымліваюцца ў лісце, які Міністэрства адукацыі накіравала ў тым ліку ў аблвыканкамы, Менгарвыканкам, НАН, у асацыяцыю наймальнікаў.

Ліст таксама накіравалі ў рэспубліканскую раду рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі, у рэспубліканскую раду дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Міністэрства адукацыі: «Прыняць вычарпальныя захады для спагнання сродкаў»

У тэксце ліста Міністэрства адукацыі, які падпісаны першай намеснцай міністра адукацыі Ірынай Старавойтавай, гаворыцца аб даручэнні Саўміна ад 4 кастрычніка 2018 года №05/209-440/11284р. У дакуменце адзначаецца, што «наяўнасць дастаткова вялікай колькасці выпускнікоў устаноў адукацыі, размеркаваных (накіраваных на працу) і якія не распачалі працу ў адпаведнасці з заканадаўствам, сведчыць аб недастатковай рабоце ўстаноў адукацыі з самімі выпускнікамі і замоўцамі кадраў, а таксама аб невыкананні ў поўным аб'ёме замовы на падрыхтоўку кадраў».

Міністэрства адукацыі просіць «дэталёва разабрацца з кожным фактам непрыбыцця выпускніка да месца працы, прыняць вычарпальныя захады для спагнання сродкаў, выдаткаваных на яго навучанне, пры адсутнасці аб'ектыўных прычын, вызначаных заканадаўствам».

Акрамя таго, установа просіць «выпрацаваць дзейсныя захады для выключэння надалей фактаў неабгрунтаванага непрыбыцця да месца працы размеркаваных (накіраваных на працу) выпускнікоў». Зрабіць гэта трэба супольна з замоўцамі кадраў, радай рэктараў (дырэктараў). Прапановы трэба выпрацаваць і накіраваць да 15 лістапада.

«Усё навучанне аплачваецца прадпрыемствам»

Акрамя таго, улады задумаліся пра тое, каб пераняць у немцаў досвед падрыхтоўкі кадраў. «Згодна з даручэннем Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2018 г. №05/209-451/11589р, прафесійную адукацыю трэба якасна абнаўляць і ўдасканальваць, абапіраючыся на патрэбы часу, - гаворыцца ў тэксце ліста Міністэрства адукацыі. - Прадпрыемствы і арганізацыі павінны быць максімальна задзейнічаны ў падрыхтоўцы кадраў».

Для выканання гэтага даручэння ўрада ўстанова просіць да 15 лістапада вывучыць досвед Нямеччыны і «распрацаваць магчымасць ўкаранення ў нашай краіне дуальнай сістэмы падрыхтоўкі кадраў, пазначыць арганізацыі, зацікаўленыя ва ўкараненні дуальнай адукацыі».

У Міністэрстве адукацыі тлумачаць, што «дуальная адукацыя - гэта тып навучання, пры якім студэнты (навучэнцы) набываюць тэарэтычныя веды ва ўніверсітэце (каледжы, прафесійным ліцэі), а практычныя - на працоўным месцы на прадпрыемстве».

«Усё навучанне, уключаючы тэарэтычную частку, аплачваецца прадпрыемствам. Дуальныя студэнты (навучэнцы) атрымліваюць заробак з першага працоўнага дня, прычым як падчас практыкі, так і падчас тэарэтычнага навучання, - пералічваюць плюсы дуальнай адукацыі ў Міністэрстве адукацыі. - Заяўкі на дуальныя праграмы падаюцца абітурыентамі на прадпрыемствы і фірмы, як правіла, за год да заканчэння школы. Пасля атрымання месца і падпісання дамовы падаюцца дакументы на выбраную спецыяльнасць ва ўніверсітэце (каледжы, прафесійным ліцэі)».

Са звестак Міністэрства адукацыі, усяго ў Нямеччыне існуе блізу 1500 дуальных праграм вышэйшай адукацыі, што «адпавядае прыкладна 4% усіх спецыяльнасцяў у

краіне». «Агулам як мінімум 12 месяцаў прыпадаюць на практыку на прадпрыемстве, у некаторых выпадках практычная частка складае 18 месяцаў і больш, - адзначаюць ва ўстанове. - Час практыкі размяркоўваецца паводле дамоўленасці паміж універсітэтам (каледжам, прафесійным ліцэем) і замоўцам падрыхтоўкі спецыялістаў. Агулам навучанне доўжыцца 4-5 гадоў».

Міністэрства адукацыі просіць падаць іншыя прапановы якаснага абнаўлення і ўдасканалення прафесійнай адукацыі да 15 лістапада. «Акрамя таго, просім падаць прапановы механізмаў прыцягнення арганізацый-замоўцаў кадраў, незалежна ад формы ўласнасці, да ўдзелу ў суфінансаванні падрыхтоўкі кадраў, а таксама механізмаў стымулявання арганізацый на інвеставанне сродкаў у падрыхтоўку, перападрыхтоўку, падвышэнне кваліфікацыі спецыялістаў, рабочых, службоўцаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі», - рэзюмуюць у міністэрстве.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках