2 траўня 2024, Чацвер, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-кіраўнік КДБ Сухарэнка здае камяніцу ў Драздах за $3500 за месяц

65
Экс-кіраўнік КДБ Сухарэнка здае камяніцу ў Драздах за $3500 за месяц

Журналісты паказалі, як жыллё выглядае знутры.

«Элітная камяніца ў раёне Дразды» - аб'ява з такім загалоўкам з'явілася на сайтах нерухомасці ў пачатку лістапада. Уладальнік прапануе дом у арэнду на працяглы тэрмін. Кошт - $3500 за месяц. Гэта ў 8 разоў вышэй за сярэдні заробак у краіне.

Плошча дома - 285 квадратных метраў.

Як стала вядома «Нашай Ніве», валодае домам сям'я былога старшыні КДБ Сцяпана Сухарэнкі. Таго самага, які напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў палохаў беларусаў пацукамі ў водаправодзе.

«Элітная камяніца, лес побач, вадаём побач, возера побач, рака побач, маляўнічае месца, душавая кабіна, альтанка, гараж, ландшафтны дызайн, ахова, еўрарамонт, камін, месца для шашлыкоў, мэбля, тэлевізар, DVD прайгравальнік, спадарожнікавая тэлевізія, лядоўня, інтэрнэт» - на такія перавагі звяртае ўвагу патэнцыйных жыхароў сям'я Сухарэнкі.

Надзел для будаўніцтва дома высокапастаўлены спецслужбіст атрымліваў у тым жа парадку, што і астатнія чыноўнікі - у падарунак ад кіраўніцтва краіны.

Праўда, у перыяд будаўніцтва Сухарэнка быў адпраўлены ў адстаўку з пасады старшыні КДБ і накіраваны амбасадарам у Арменію.

Магчыма, высокі кошт $3500 можна растлумачыць прэзентабельным суседствам? Сапраўды, па адзін бок пражывае былы міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко, следам за ім - былы кіраўнік Мінскай вобласці Барыс Батура.

Па іншы бок стаяць камяніцы Сяргея Ткачова, былога дарадцы Лукашэнкі ў эканоміцы, і экс-міністра замежных спраў Сяргея Мартынава.

Афіцыйна дом належыць дачцэ Сухарэнкі. Ён перапісаў на яе нерухомасць два гады таму назад. На жаль, Таццяна адмовілася каментаваць «Нашай Ніве» сваю аб'яву на сайтах агенцтваў нерухомасці.

Сцяпан Сухарэнка нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Здудзічы Светлагорскага раёна. Скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут (цяпер БДТУ), Вышэйшыя курсы КДБ СССР, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі (завочна).

Служыў у структурах КДБ у 1984-2007, у 2005-2007 з'яўляўся кіраўніком ведамства.

Запомніўся заявамі напярэдадні «прэзідэнцкіх выбараў» 2006 года, калі на прэс-канферэнцыі сказаў, што апазіцыя рыхтуе шэраг правакацый, у тым ліку збіраецца закідваць дохлых пацукоў у сістэму водазабеспячэння. Пра тое, ці было адпаведнае расследаванне і аб яго выніках нічога не вядома, аднак Сухарэнка і ў пазнейшых інтэрв'ю намагаў на праўдзівасці гісторыі з пацукамі.

У 2008-2015 гадах Сухарэнка з'яўляўся паслом Беларусі ў Арменіі, затым працаваў у Банку развіцця, адкуль звольніўся некалькі месяцаў таму.

Мае дачку і сына. Сын Андрэй фігураваў у СМІ як прадстаўнік Беларусі ў офісе Рады Еўропы ў Страсбургу.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках