2 траўня 2024, Чацвер, 10:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У «дармаедаў» будуць адбіраць дзяцей?

48
У «дармаедаў» будуць адбіраць дзяцей?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Сям'ю ў Гомелі прызналі сацыяльна небяспечнай, бо ў маці не было працы.

У нашай краіне сям‘і трапіць у лік сацыяльна небяспечных не гэтак складана, як здавалася б на першы погляд. І трапляюць у спіс, прадугледжаны дэкрэтам № 18, не толькі сем‘і алкаголікаў ці наркаманаў, паведамляе «Белсат».

Дачку Наталлі Белай палічылі ў сацыяльна небяспечным стане таму што, аддаючы дзіця ў садок, Наталля была беспрацоўнай.

«Калі загадчыца даведалася, што я разведзеная, дачка жыве са мной, і афіцыйнага заробку ў мяне не было, яна прыняла для сябе рашэнне – як яна на судзе сказала – прыраўняць гэтую сям’ю да сацыяльна небяспечнай», – распавядае Наталля Белая, маці, пацярпелая ад дэкрэту № 18, Гомель.

Дэкрэт нумар 18 «Аб дадатковых захадах для дзяржаўнай абароны дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» уступіў у сілу ў 2007 годзе. Дакумент меў скаардынаваць працу ўстановаў, што абараняюць інтарэсы дзіцяці – спрыяць выяўленню выпадкаў неўладкаванасці дзяцей.

«Найчасцей гэта сапраўды сацыяльна небяспечны стан. Калі дзіця трэба проста ратаваць. Нам даецца магчымасць, калі дзіця ў СОПе (социально опасном положении), даваць бясплатнае харчаванне раз на дзень. Вы разумееце, дзеці проста галодныя бываюць», – кажа Вольга Конанава, настаўніца пачатковых класаў, Магілёў.

Здавалася б, добрая справа, абарона інтарэсаў дзіцяці. Але праваабаронцы сцвярджаюць, што дэкрэт № 18 у аснове сваёй рэпрэсіўны.

«Дэкрэт № 18 дае магчымасць любым дзяржаўным службам любога ўзроўню прымяняць рэпрэсіўныя меры да няўгодных бацькоў, няўгодных дзяцей і іх семʼяў», – каментуе Наталля Шкадун, праваабаронца, Магілёў.

Адмова ад прышчэпак ці нерэгулярнае наведванне дзіцём паліклінікі, дзелавы стыль вопраткі замест школьнай формы ці актыўная грамадзянская пазіцыя бацькоў – пры жаданні амаль кожную сямʼю можна паставіць на ўлік як сацыяльна небяспечную і нават адабраць дзяцей.

«А знаходжанне нармальных семʼяў – вельмі вялікі адсотак семʼяў нармальных – для выканання планаў працы сацыяльна-педагагічных цэнтраў, адміністрацыі і, магчыма, яшчэ нейкіх ідэалагічных структураў», – дадае праваабаронца Наталля Шкадун, Магілёў.

Паводле статыстыкі, больш за палову адабраных дзяцей пазней вяртаюць назад у семʼі. Між тым ад сапраўднай небяспекі часам не бароніць праца шматлікіх камісій, цэнтраў і адміністрацый.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках