8 траўня 2024, Серада, 7:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму беларусы не любяць хадзіць да лекараў

94
Чаму беларусы не любяць хадзіць да лекараў
ФОТА: VMNEWS.RU

Беларускія паліклінікі - гэта не толькі бюракратыя і чэргі.

У сярэднім на аднаго беларуса прыпадае 18-20 наведванняў паліклінікі за год. У той жа час большасць людзей працаздольнага ўзросту па некалькі гадоў не ходзяць нават на прафілактычныя агляды, піша zautra.by.

Што іх адпужвае?

Чарга

Сярод непрыемных бакоў у працы паліклінік, якія ўскосна ўплываюць на якасць паслуг, у лідарах — доўгае чаканне. Збольшага яно абгрунтаванае тым, што паліклінікі абслугоўваюць занадта шмат пацыентаў.

Хоць немалая частка дарослых наведвае лекара ў крайніх выпадках, медработнікі перагружаныя працай, бо паліклінікі часцяком выконваюць ролю яшчэ і сацыяльных клубаў для тых, у каго шмат вольнага часу, у тым ліку пенсіянераў, якім часта больш няма дзе сустракацца для супольнага баўлення часу.

- На загружанасць уплывае яшчэ і спажывецкі экстрэмізм - калі чалавек ідзе ў паліклініку пры мінімальных цяжкасцях са здароўем — - адзначае экспэрт у сферы аховы здароўя, лекар-рэаніматолаг Андрэй Вітушка.

Бюракратыя

Сістэма працы паліклінік з пацыентамі ўладкаваная так, што ў выніку ўскладняе, здавалася б, простыя працэдуры. Дзеля адной даведкі чалавек абыходзіць некалькі кабінетаў. Але дзеля «несур'ёзных» прычын частка насельніцтва не гатовая марнаваць плойму часу і сіл.

— Чалавек, якому трэба пайсці ў паліклініку ды лекара ці нават простая здаць аналізы, разумее, што на адзін візіт ды лекара ён страціць палову дня. Таму шмат хто да апошняга не ідзе ў медустанову, а трывае датуль, калі трапіць у лякарню з сур'ёзнымі ўскладненнямі. Ен, магчыма, сходзіць у прыватны медцэнтр, калі грошы дазваляюць, — тлумачыць Андрэй Вітушка.

Праца лекараў на паказчыкі

Давер да медыцыны падрываюць і няправільна пастаўленыя дыягназы, напрыклад, калі замест грыпу лекар паказвае ў картцы ВРВІ, каб не псаваць статыстыку ці не атрымаць вымову зверху за высокі адсотак захворвання. Часам медыкі вымушаныя арыентавацца на спушчаныя зверху планы і статыстыку, а не на канкрэтны выпадак пацыента.

- Калі ў чалавека ёсць нейкая паталогія і яна называцца вось так, яна мусіць запісацца правільна. Толькі тады яна будзе правільна пралечаная і будуць зробленыя высновы з вынікаў гэтага лячэння, - кажа Андрэй Вітушка.

У медыкаў мала стымулаў працаваць добрасумленна, канстатуюць экспэрты. Калі б сістэма працавала так, што лекары не баяліся б казаць пра праблемы і няўдачы ў працэсе лячэння, не баяліся «сапсаваць» статыстыку сапраўднымі дыягназамі, вырасла б якасць лячэння і павысіўся б узровень даверу пацыентаў.

Стаўленне медыкаў да пацыентаў

Нярэдка лекар выдатна выконвае свае наўпроставыя абавязкі, але пацыент выходзіць з кабінета прыгнечаным або поўным сумневаў, бо доктар не ўспрыняў пацыента як актыўнага ўдзельніка лячэбнага працэсу або дазволіў сабе некарэктныя заўвагі, адзначае начальніца аддзела медыка-сацыяльнай работы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Наталля Пугачова. У выніку пацыент альбо пойдзе да іншага спецыяліста, каб атрымаць яшчэ адно меркаванне, альбо не стане прытрымлівацца правільна прызначанага лячэння і рэкамендацый.

У развітых краінах адным з ключавых паказчыкаў якасці паслуг у ахове здароўя выступае задаволенасць пацыентаў. Гэты паказчык дазваляе аператыўна знаходзіць праблемы ў сістэме або канкрэтнай установе і выпраўляць іх.

У Беларусі блізу 40% чалавек не задаволены якасцю медыцынскіх паслуг. Часта прычынай становіцца форма дачыненняў медыкаў з пацыентамі, пазначылі праблемы ўдзельнікі дыскусіі «Здаровая Беларусь: будучыня нашай медыцыны», арганізаванай ліберальным клубам.

Як павысіць давер да лекараў?

- Нельга спадзявацца, што мы паставім усюды тэрміланы электроннага заказу талончыкаў ці ўвядзем электронныя рэцэпты і гэтым развяжам усе праблемы. Калі ў лекара не будзе належнай матывацыі якасна надаваць дапамогу, то ён нават пры выкананні сваіх абавязкаў будзе пакідаць пацыента незадаволеным абслугоўваннем — - адзначае Андрэй Вітушка.

Каб людзі перасталі пазбягаць наведвання паліклінік, дастаткова зрабіць першаснае звяно надання меддапамогі больш даступным, мяркуе экспэрт.

— Можна яшчэ ўвесці такую практыку, як магчымасць хварэць 5 ці 10 дзён на год без звароту ў паліклініку, — прапануе Андрэй Вітушка.

Важную ролю адыграе развіццё прыватнай медыцыны і дазвол лекарам адкрываць прыватныя медыцынскія кабінеты. У гэтым выпадку тыя, хто хоча пазбегнуць доўгіх працэдур і чакання ў паліклініцы, будуць мець больш шырокі і, дзякуючы канкурэнцыі, даступны выбар платных медпаслуг. Гэта дазволіць разгрузіць паліклінікі. Апытанні паказваюць, што ў Менску блізу 30% жыхароў былі б не супраць лячыцца ў прыватных медустановах.

З аднаго боку, ёсць праблемы ў медыцыне, якія, безумоўна, патрабуюць разгляду, але з іншага - беларусы ўсё яшчэ мяркуюць, што за іх здароўе адказваюць медыкі, а не яны сам. Змяніць гэтую перакананасць у момант немагчыма. Але рознымі мерапрыемствамі можна папулярызаваць здаровы лад жыцця і прафілактычныя агляды.

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках