8 траўня 2024, Серада, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Tagesspiegel: Пуцін перастаў быць царом-бацюшкам

7
Tagesspiegel: Пуцін перастаў быць царом-бацюшкам

Цяпер прэзідэнт РФ для расейцаў чалавек з плоці і крыві.

У Сібіры экспэрты дыскутуюць аб тым, чаго чакаць ад цяперашняга прэзідэнцтва Пуціна. Надзеі на рэформы мала, канстатуе пастаянны аўтар нямецкай Tagesspiegel (пераклад - inopressa.ru) Олівер Більгер.

Першы форум, які атрымаў назву «Сібірскі Давос», прайшоў амаль 20 гадоў таму - яго арганізатарам стаў апазіцыйны расейскі палітык Уладзімір Рыжкоў. Алтай - месца правядзення мерапрыемства - радзіма былога дэпутата Дзярждумы. Амаль за 3 тысячы км ад Масквы дыскутаваць часам лягчэй, чым у расейскай сталіцы - і не толькі праз горны краявід і чыстае горнае паветра, адзначае журналіст.

«Апазіцыйная дзейнасць у Расеі поўная цяжкасцяў - палітыкі і актывісты пастаянна адчуваюць гэта», - гаворыцца ў артыкуле.

На парадку дня цяперашняга форуму стаяў перш за ўсё цяперашні мандат прэзідэнта Пуціна: «Як будзе складвацца сітуацыя ў палітыцы і эканоміцы на фоне санкцый? І што будзе пасля выбараў 2024 года, калі прэзідэнт, згодна з Канстытуцыяй, больш не зможа пераабірацца на новы тэрмін?»

Пытанне пра пераемніка Пуціна ўстае ўсё часцей - адказу на яго пакуль няма. «Палітолаг Кірыл Рогаў мяркуе, што магчымы сюрпрыз, аналагічны падзеям амаль 20-гадовай даўніны, калі тагачасны прэзідэнт Барыс Ельцын нечакана склаў з сябе паўнамоцтвы, перадаўшы іх Пуціну. Акрамя таго, у якасці версіі фігуруе і змяненне Канстытуцыі, якое дазволіла б дзейнаму прэзідэнту правіць далей», - паведамляе выданне.

«Магчыма, адказу на пытанне пра пераемніка не ведае і сам Пуцін - і нават калі дакладна адваротнае, ён яшчэ доўга не праточыцца скрозь тоўстыя сцены Крамля», - піша Більгер.

На думку Андрэя Калеснікава з Маскоўскага цэнтра Карнегі, сістэма «Пуцін - гэта Расея» перажывае крызіс. «Пуцін перастаў быць царом-бацюшкам, сімвалам Расеі - цяпер ён чалавек з плоці і крыві». Са слоў экспэрта, большасць жыхароў краіны хочуць бачыць істотныя змены ўмоў жыцця. На думку Калеснікава, народ іх не дачакаецца - у найбліжэйшыя гады краіна можа зайсці ў «тупік як палітычны, так і эканамічны».

Рыжкоў між тым спадзяецца, што Пуцін у 2024 годзе сыдзе з пасады прэзідэнта.

Прафесар эканомікі з ВШЭ Аляксей Парцінскі мяркуе, што асноўнай праблемай Расеі з'яўляецца адсутнасць «структурных рэформаў і мадэрнізацыі». «Эканамічная мадэль вычарпала сябе», - адзначае ён. Рост у 1,5% азначае для Расеі стагнацыю. «Эканоміцы трэба даць больш свабоды, але для гэтага неабходна палітычная воля», - падкрэслівае Стальмахаў.

Замест гэтага ўсё ідзе звыклым курсам. «Высокі кошт нафты прыносіць грошы ў дзяржаўную казну (...). Сёлета, паводле ацэнкі Мінфіна, прафіцыт бюджэту складзе амаль 30 млрд еўраў - першы плюс з 2011 года», - піша выданне.

Масква спадзяецца і на замежныя інвестыцыі, у той час як расейскія бізнэсоўцы ўважаюць за лепшае выводзіць сродкі з краіны.

Рыжкоў таксама разлічвае на ўмацаванне дыялогу паміж Расеяй і Еўропай, асабліва Нямеччынай. Але з іншых прычын. «Цесныя кантакты і больш актыўнае ўзаемадзеянне паміж Захадам і Усходам могуць прадэманстраваць людзям у Расеі іншыя, адкрытыя шляхі ў палітыцы і эканоміцы, альтэрнатыўны курс Крамля. Аднак да таго моманту пройдзе яшчэ не адна сустрэча ў горным Алтаі», - рэзюмуе журналіст.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках