4 траўня 2024, Субота, 23:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пайшоў з жыцця знакаміты рэжысёр Эймунтас Някрошус

Пайшоў з жыцця знакаміты рэжысёр Эймунтас Някрошус
ЭЙМУНТАС НЯКРОШУС
ФОТА: DELFI

Адна з апошніх работ літоўскага рэжысёра - спектакль паводле кнігі Святланы Алексіевіч.

Дэпутат парламента Літвы Арвідас Някрошус паведаміў, што 20 лістапада пайшоў з жыцця ягоны блізкі сваяк вядомы літоўскі рэжысёр Эймунтас Някрошус. 21 лістапада Някрошусу споўнілася б 66 гадоў, паведамляе Delfi.

Някрошус раптоўна памёр уначы ў Сантарышкескай клініцы.

«Такую навіну нам паведамілі. (Рэжысёр) памёр раптоўна, у Сантарышкес, а 3 гадзіне», - распавёў дэпутат.

Са слоў віцэ-спікера Арвідаса Някрошуса, рэжысёр вярнуўся з паездкі і адчуў недамаганне. Яго павезлі ў лякарню.

Эймунтас Някрошус нарадзіўся 21 лістапада 1952 года ў вёсцы Пажобрысе (Расейнскі раён). У 1978 годзе скончыў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва, рэжысёрскае аддзяленне А. А. Ганчарова. 1978-1979 працаваў у Ковенскім драматычным тэатры, у 1979-1991 гадах - у Літоўскім дзяржаўным моладзевым тэатры. У 1993-1997 гадах - рэжысёр Літоўскага міжнароднага тэатральнага фестывалю LIFE. У 1998 годзе ў Вільні Някрошус заснаваў тэатральную студыю Meno fortas, быў яе мастацкім кіраўніком.

Шырокую вядомасць прынеслі спектаклі: «Квадрат» па дакументальнай аповесці «Так яно было» В. Ф. Елісеева (1980 год), «Пірасмані, Пірасмані» па п'есе «Свята адзіноты» В. Н. Карастылёва (1981 год), «І даўжэй за стагоддзе доўжыцца дзень» паводле Ч. Айтматава (1983 год), «Дзядзька Ваня» А. П. Чэхава (1986 год). У 1992-1998 гадах ставіў спектаклі для літоўскага міжнароднага тэатральнага фестывалю LIFE: «Моцарт і Сальеры. Дон Жуан. Чума» па «Маленькіх трагедыях» А. С. Пушкіна (1994), «Тры сястры» Чэхава (1995 год), «Гамлет» У. Шэкспіра (1997 год; у галоўнай ролі рок-спявак А. Мамантавас) і інш.

З 1998 года ўзначальваў заснаваны ім тэатр Meno fortas (Вільня; з 2000 года ў складзе Саюза тэатраў Еўропы): «Макбет» (1999 год) і «Атэла» (2001 год) Шэкспіра, «Поры года» па эпічнай паэме К. Данелайціса ( 2003 год), «Песня Песняў» паводле кнігі Старога Запавету (2004 год), «Фауст» І. В. Гётэ (2006 год), «Ідыёт» Ф. М. Дастаеўскага (2009 год), «Боская камедыя» паводле аднайменнай паэмы Дантэ (2012 год).

У 2002 годзе дэбютаваў як оперны рэжысёр: «Макбет» Дж. Вердзі («Тэатра Камунале», Фларэнцыя). Ажыццявіў пастаноўкі опер: «Барыс Гадуноў» М. П. Мусаргскага (2005 год, там жа), «Валькірыя» Р. Вагнера (2007 год, Літоўская нацыянальная опера), «Фауст» Ш. Гуно (2010 год, тэатр «Ла Скала», Мілан).

У Расеі паставіў драмы «Вішнёвы сад» А. П. Чэхава (2003 год) і «Калігула» А. Камю (2011 год) Дзяржаўны тэатр нацый (Масква), оперы «Макбет» Дж. Вердзі (2003 год), «Дзеці Разенталя» Л. А. Дзясятнікава (2005 год) Вялікі тэатр (Масква), «Казанне аб нябачным градзе Кіцежы і панне Феўронні» (2008 год, супольны праект Вялікага тэатра і італійскага Опернага тэатра Кальяры).

Сярод іншых пастановак: рок-опера «Каханне і смерць у Вероне» К. Антанэліса і С. Гяды (1982 год, віленскі Моладзевы тэатр; 2-я рэдакцыя 1996 год, фестываль LIFE), «Нос» Н. В. Гогаля (1991 год, віленскі Моладзевы тэатр), «Чайка» (2001 год, «Тэатра Метастазіё», Прата) і «Іваноў» (2002 год, тэатр «Аржэнціна», Рым) Чэхава, «Ганна Карэніна» паводле Л. Талстога (2008 год, тэатр «Сторкі», Мадэна).

Спектаклі рэжысёра адрознівае метафарычнасць, аскетычнасць сцэнічнай мовы. Для іх характэрныя прытчавы пачатак, шматзначнасць сімвалаў, прыярытэт пластыкі над гучаннем слова. Здымаўся ў кіно («Палёт праз Атлантычны акіян», «Калідор»).

Лаўрэат шматлікіх нацыянальных і міжнародных тэатральных фестываляў, лаўрэат Дзяржаўнай Прэміі Літоўскай ССР (1983), Дзяржаўнай Прэміі СССР (1987), Дзяржаўнай Прэміі РФ (1999 года), нацыянальнай прэміі «Залатая Маска», міжнароднай прэміі Саюза тэатраў Еўропы «Новая тэатральная рэальнасць у Еўропе» (1991). У 1992 годзе быў прызнаны найлепшым рэжысёрам Еўропы Саюзам тэатраў Еўропы.

У аўторак кіраўнікі Літвы выказалі спачуванні ў сувязі са смерцю рэжысёра Эймунтаса Некрошуса.

У лісце спачуванняў прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ гаворыцца, што «гэта вялікая страта для ўсяго тэатральнага свету, у якім выключны талент Э. Некрошуса рэпрэзентаваў нашу краіну і ўвесь час славіў імя Літвы».

Адзначым, што адной з апошніх работ літоўскага рэжысёра быў спектакль паводле кнігі нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі» - «Цынк».

У аснове апавядання кнігі Алексіевіч ляжаць дакументы і ўспаміны знаёмых, жонак і маці савецкіх жаўнераў, якія неслі інтэрнацыянальную службу ў шэрагах Савецкай Арміі на тэрыторыі Афганістана і былі задзейнічаныя ў спецаперацыі СССР 1979-1989 гадоў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках