24 чэрвеня 2019, панядзелак, 19:36
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Што стаіць за новым падзеннем коштаў нафты

1

Трэйдары чакаюць паўтарэння сцэнару 2014 года.

Падзенне на нафтавым рынку працягваецца: пасля таргоў аўторка, 20 лістапада, ф'ючарсы на паўночнаморскую нафту Brent упалі на $4,26 (-6,4%) і закрыліся на адзнацы $62,53 за барэль, ф'ючарсы на амерыканскую нафту WTI ўпалі на $3,77 (-6,6%) і закончылі дзень на ўзроўні $53,43, піша РБК.

Падчас гандлёвай сесіі каціроўкі Brent падалі максімальна на 7,6%, да $61,71 - самага нізкага ўзроўню са снежня 2017 года.

З пачатку кастрычніка кошт Brent упаў на 28%, WTI - на 30%.

Што стала прычынай?

Падставай да новага абрынання нафтавых коштаў сталі агульныя ўцёкі інвестараў з рызыкоўных актываў - перш за ўсё акцый. Фондавыя індэксы ЗША знізіліся на 1,7-2,2%, і цяпер Dow і S&P знаходзяцца на 1% ніжэй за ўзровень пачатку года.

Апошнія два месяцы былі няўдалымі для амерыканскага рынка акцый: інвестары закладваюць у свае прагнозы рост адсоткавых ставак і чакаюць пагаршэння карпаратыўных прыбыткаў у 2019 годзе на фоне гандлёвай вайны ЗША і Кітая. Найбуйнейшыя тэхналагічныя кампаніі ЗША, вядомыя пад абрэвіятурай FAANG (Facebook, Apple, Amazon, Netflix, Google), страцілі за апошні час $1 трлн рынкавага кошту.

Рынкі ва ўсім свеце адчуваюць сябе не вельмі добра: у мінулым месяцы капіталізацыя глабальнага рынку акцый скарацілася на $8 трлн - гульцы асцерагаюцца запаволення сусветнага эканамічнага росту.

«Калі фондавы рынак страчвае 8-9%, гэта выклікае ва ўяўленні карціны слабай сусветнай эканомікі, і гэта спрыяе чаканням больш слабага, чым меркавалася, попыту на нафту», - цытуе Reuters прэзідэнта Ritterbusch and Associates Джыма Рытэрбуша.

Каталізатарам падзення нафтавых коштаў у аўторак стала заява прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра двухбаковыя стасункі Злучаных Штатаў і Савудаўскай Арабіі пасля забойства савудаўскага журналіста Джамаля Хашкаджы. Надоечы амерыканскія СМІ паведамілі, што ЦРУ прыйшло да высновы, што забіць журналіста ў Стамбуле загадаў наследны прынц Савудаўскай Арабіі Мухамед бэн Сальман Аль Сауд, але Трамп у сваёй заяве даў зразумець, што Савудаўская Арабія застаецца партнёрам ЗША незалежна ад абставін гібелі Хашкаджы.

Рызыка геапалітычных трэнняў паміж Эр-Рыядам і Вашынгтонам была чыннікам, які падтрымлівалі нафтавыя каціроўкі, але заява Трампа ліквідавала гэты чыннік.

«Савудаўская Арабія з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам нафты ў свеце пасля ЗША. Яны шчыльна працуюць з намі і праяўляюць чуласць да маіх запытаў аб тым, каб падтрымліваць кошт нафты на разумных узроўнях», - гэтая фраза Трампа паслужыла крыніцай для спекуляцый пра тое, што ЗША ў абмен на паблажлівасць пасля забойства Хашкаджы маглі заручыцца абяцаннем Савудаўскай Арабіі не скарачаць нафтаздабычу на снежаньскім пасяджэнні OPEC.

Што далей?

Цяпер інвестары асцерагаюцца паўтарэння сцэнара 2014 года (тады ў лістападзе-снежні кошт нафты ўпаў на 33%), адзначае Bloomberg. Чатыры гады таму рынак таксама рыхтаваўся да таго, што OPEC скароціць нафтаздабычу, каб падтрымаць каціроўкі, аднак картэль надумаў пачакаць. На наступны дзень пасля лістападаўскага пасяджэння OPEC нафтавыя кошты ўпалі на 10%, а праз месяц падзенне дасягнула 25%. У 2015 годзе нафтавыя каціроўкі апусціліся ніжэй за $40 за барэль.