20 чэрвеня 2019, Чацвер, 13:24
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Трамп паабяцаў не руйнаваць сусветную эканоміку санкцыямі супраць Савудаўскай Арабіі

Фота: Reuters

Адмова ад кантрактаў з Эр-Рыядам стане падарункам Расеі ды Кітаю.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не збіраецца раскідаць глабальную эканоміку жорсткімі санкцыямі супраць Савудаўскай Арабіі праз загубу выдаўца і грамадскага дзеяча Джамаля Хашкаджы, паведамляе Reuters (пераклад - РБК).

«Я не збіраюся руйнаваць сусветную эканоміку, і я не збіраюся руйнаваць эканоміку нашай краіны, робячы безразважныя дзеянні ў дачыненні да Савудаўскай Арабіі», - цытуе Трампа ТАСС. Паводле ягоных слоў, выкарыстанне санкцый прывяло б да значнага росту коштаў нафты. «Калі мы скасуем з імі стасункі, я думаю, кошты нафты ўзляцяць да нябёсаў. Я стрымліваю кошты, яны [Савудаўская Арабія] дапамагаюць мне стрымліваць іх. Цяпер у нас нізкія кошты нафты, я хачу, каб яны былі яшчэ ніжэйшымі», - растлумачыў сваю пазіцыю Трамп.

Трамп паабяцаў, што Вашынгтон застанецца непахісным партнёрам Эр-Рыяд. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Белага дома. Пачынаецца яна словамі «Свет - вельмі небяспечнае месца!», а заканчваецца ягоным перадвыбарным лозунгам «Амерыка перш за ўсё».

У заяве гаворыцца, што забойства Хашкаджы было жахлівым і ЗША не патурае такім дзеянням. «Сапраўды, мы прынялі смелыя захады супраць тых, хто, як вядома, удзельнічаў у забойстве. Пасля вялікага незалежнага расследавання даведаліся шмат дэталяў гэтага жудаснага злачынства. Мы ўжо ўвялі санкцыі ў дачыненні да 17 савудытаў, якія, як вядома, былі датычныя да забойства Хашкаджы і знішчэння ягонага цела», - заявіў прэзідэнт ЗША.

«Са слоў прадстаўнікоў Савудаўскай Арабіі, Джамаль Хашкаджы быў «ворагам дзяржавы» і чальцом арганізацыі «Браты-мусульмане», але мая пастанова не абапіраецца на гэтыя факты», - удакладніў Трамп.

Ён мяркуе, што ЗША не могуць адмовіцца ад вайсковых кантрактаў, укладзеных з Савудаўскай Арабіяй, бо ад гэтага здабудзе толькі Расея ды Кітай. «Калі б мы бяздумна скасавалі б гэтыя кантракты, Расея і Кітай былі б галоўнымі бенефіцыярамі, яны былі б радыя здабыць увесь гэты бізнэс. Гэта быў бы выдатны падарунак для іх проста са Злучаных Штатаў!» - заявіў Трамп.

Трамп таксама апісаў небяспеку, якую нясе для свету Іран. «Іран, у якасці прыкладу, нясе адказнасць за крывавую проксі-вайну супраць Савудаўскай Арабіі ў Емене, спрабуе дэстабілізаваць крохкі рух Ірака да дэмакратыі, падтрымліваючы тэрарыстычную групу «Хезбала» ў Лібане, падтрымлівае дыктатара Башара Асада ў Сірыі, які забіў мільёны сваіх уласных грамадзян, і многае іншае. Аналагічным чынам іранцы забілі шмат амерыканцаў і іншых ні ў чым не вінаватых людзей на Блізкім Усходзе. Іран адкрыта і з велізарнай сілай заяўляе: «Смерць Амерыцы!» і «Смерць Ізраілю!», Іран уважаюць за галоўнага сусветнага спонсара тэрарызму».