11 траўня 2024, Субота, 4:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Мы гатовыя ўдзельнічаць у акцыях пратэсту

5
Генадзь Фядыніч: Мы гатовыя ўдзельнічаць у акцыях пратэсту
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

РЭП падтрымаў Беларускі незалежны прафзвяз.

Прэзідыум прафзвязу РЭП адправіў ліст у Салігорскі выканаўчы камітэт з патрабаваннем зарэгістраваць першасную прафсаюзную арганізацыю Беларускага незалежнага прафзвязу і не перашкаджаць законнаму праву грамадзян на аб'яднанне ў прафзвязы.

Тэкст ліста апублікаваў сайт praca-by.info:

- Да вас звяртаецца Прэзідыум Беларускага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Наш зварот выкліканы непрафесійнымі і недальнабачнымі дзеяннямі падпарадкаваных вам выканаўча-распарадчых органаў, якія не аргументавана і незаконна адмовілі работнікам У СП «Трэст «Раммантажбуд» у рэгістрацыі першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафзвязу (БНП).

Вы пастаўленыя на адказную кіроўную пасаду ў першую чаргу для стварэння ў Салігорску атмасферы павагі і даверу да ўлады з боку грамадзян-падаткааплатнікаў. Больш за 400 работнікаў У СП «Трэст «Раммантажбуд» менавіта такімі і з'яўляюцца. Відавочна, што сваімі непрадуманымі дзеяннямі органы рэгістрацыі не дазваляюць наладзіць сацыяльнае партнёрства на прадпрыемстве «Трэст «Раммантажбуд», ствараюць канфліктную сітуацыю ў працоўным калектыве.

Неабгрунтаваная адмова ў рэгістрацыі першаснай прафсаюзнай арганізацыі БНП дае досыць падстаў, каб гэты прэцэдэнт стаў аб'ектам увагі не толькі рэспубліканскага і міжнароднага прафсаюзнага руху, але і Міжнароднай арганізацыі працы, сябрам якой з'яўляецца Беларусь, з усімі магчымымі наступствамі.

У сувязі з выкладзеным, мы заклікаем вас у самыя кароткія тэрміны зарэгістраваць ва ўстаноўленым парадку першасную прафсаюзную арганізацыю БНП і не перашкаджаць законнаму праву грамадзян на аб'яднанне ў прафзвязы, якое наўпрост прадугледжанае ч.3 арт.41 Канстытуцыі Беларусі.

Мы выказваем салідарную падтрымку работнікам У СП «Трэст «Раммантажбуд», сябрам прафзвязу БНП у абароне сваіх законных правоў і інтарэсаў. Мы гатовыя на прызыў БНП узяць удзел у акцыях пратэсту супраць неабгрунтаваных і незаконных дзеянняў супрацоўнікаў Салігорскага выканкама.

У знак салідарнасці з чальцамі прафзвязу БНП і для аб'яднання намаганняў у недапушчэнні парушэнняў правоў чальцоў прафзвязу ў рэгіёне мы заяўляем пра гатоўнасць стварыць Салігорскую раённую прафсаюзную арганізацыю прафзвязу РЭП з падачай адпаведных неабходных для рэгістрацыі дакументаў.

На даручэнне Прэзідыума

Старшыня Беларускага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках