17 студзеня 2019, Чацвер, 8:47
Дзякую вам
Рубрыкі

Аўтамабілі ў Беларусі абклалі падаткам на раскошу

44
ФОТА: RIA.RU

Кошт бензіну будзе расці, пакуль людзі гэта не спыняць.

З 9 снежня ў Беларусі раздробныя кошты дызельнага паліва і аўтамабільнага бензіну павялічыліся на 1 капейку. Гэта стала дваццаць шостым падаражаннем за год.

Чаму, калі на сусветным рынку кошты нафты падаюць, бензін у Беларусі даражэе на зайздрасць рэгулярна? На чым заснаваны гэты феномен айчыннай эканомікі?

На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:

- У нас у краіне кошт бензіну вызначаецца некалькімі чыннікамі.

Першае - гэта глыбіня перапрацоўкі нафты. У Беларусі яна ніжэйшая, чым на заводах Еўропы. Таму аднолькавы кошт для беларускіх і еўрапейскіх вытворцаў можа быць для нашых НПЗ нявыгадны - нават калі яны яго падвысяць.

Дагэтуль адная тона паліва, атрыманая айчыннымі вытворцамі, сабекоштам вышэйшым за раздробныя кошты на ўнутраным рынку. Гэта непазбежна: НПЗ неабходна было своечасова мадэрнізаваць. Дзяржава не знаходзіла на гэта сродкаў і проста перакладала гэтую «фінансавую падтрымку» на плечы спажыўцоў, якія купляюць аўтамабільнае паліва.

Па-другое, у Беларусі з боку ўлады склалася такая палітыка, што аўтамабіль і паліва для яго лічацца хутчэй раскошай, чым сродкам перамяшчэння.

Аўтамабільнае паліва абкладваецца акцызам. Класічнае значэнне акцыза - гэта падатак на раскошу, а таксама на цыгарэты і алкаголь. Атрымліваецца, што аўтамабілі ў Беларусі абклалі падаткам на раскошу. Гэта значыць, дзяржава не проста імкнецца да стварэння за кошт грамадзян рэнтабельнай вытворчасці на НПЗ, але і да таго, каб кампенсаваць іншыя патрэбы бюджэту.

А гэтых патрэб вельмі шмат: дзяржава бяднее, падтрымка з боку Расеі зніжаецца і забяспечваць узровень спажывання і сацыяльных выплат становіцца ўсё больш складана.

Таму рост коштаў бензіну будзе перманентным: цяпер іх падвышаюць дзеля рэнтабельнасці НПЗ, а затым будуць гэта рабіць дзеля іншых патрэб дзяржавы.

- Чаму «Белнафтахім» выбраў такую тактыку - падымаць кошты на капейку? І нават праводзіў апытанне: кошт паліва лепш павялічваць адразу або паэтапна?

- Ведаеце, гэта звычайны страх. Страх перад спажыўцом, перад простымі беларусамі.

Памятаеце, што адбылося, калі ў 2011 годзе пачалі падвышаць кошты бензіну? Кіроўцы адказалі акцыяй «Стоп бензін!». Аўтамабілісты пачалі ладзіць страйкі: павольна ехаць па цэнтральным праспекце, збірацца ў вялікую колькасці, сігналіць. Увесь цэнтр Менска гудзеў. Гэта былі дэманстрацыі, якіх больш за ўсё баіцца ўлада.

Бо гэта - не палітычныя акцыі, а сацыяльны пратэст, які ахоплівае шырокія пласты насельніцтва.

Думаю Лукашэнка, спалохаўшыся, сказаў: «Вы там падвышайце, але паціху». І «Белнафтахім» не можа гэтага не выканаць.

- Але ж людзі ўмеюць лічыць... Напрыклад, незалежныя журналісты высветлілі, што кошт паліва ў Беларусі за дзесяць гадоў вырас у шэсць разоў.

- Кошты выраслі не толькі на бензін. Яны выраслі на ўсё. І я думаю, што больш, чым у шэсць разоў за дзесяць гадоў.

Я неяк праводзіў падлікі: за пяць папярэдніх гадоў кошты выраслі ў восем разоў. І гэта - два гады таму. Цяпер сітуацыя яшчэ больш складана.

Кошты ў Беларусі растуць ўвесь час і на ўсё: такая палітыка ўрада. Улады займаюцца «падвышэннем» намінальных даходаў насельніцтва незалежна ад магчымасцяў эканомікі. У выніку ўзнікае інфляцыя, абясцэньванне грошай, хуткі рост коштаў тавараў і паслугі. Гэта ўжо стала традыцыяй у Беларусі.

Таму ўсё будзе даражэць - пакуль штосьці не змяніцца капітальна ў гэтай эканоміцы.

- З улікам гэтага - да якога паказчыкаў можа падняцца кошт бензіну? Бо таннай нафты з Расеі, як у «тлустыя гады», ужо не будзе.

- Да якой ступені будуць расці кошты бензіну? Пакуль людзі будуць гэта трываць. І пакуль яны дазваляюць уладам прадаўжаць гэтую палітыку.

І кошты будуць расці не толькі на бензін - на ўсё. Яны і так паволі падвышаюцца на ўсё. І кожныя 4-5 гадоў падвойваюцца.

- Вы сказалі: «пакуль людзі будуць гэта трываць». Як хутка трыванне можа скончыцца?

- Рэвалюцыя «пустых страўнікаў» пачынаецца, калі страўнік ужо не напаўняецца. Калі ўжо самыя першасныя патрэбы - падтрымаць жыццё, паесці - не задавальняюцца.

Такога тыпу рэвалюцыйная сітуацыя ўзнікае, калі не 5-10, а 50-60% насельніцтва апынуцца за такой рысай, што іх самыя першасныя патрэбы не могуць быць задаволеныя. І галоўным чынам - патрэбы ў ежы.

Беларуская статыстыка гэтую лічбу дае недакладна (са звестак Белстата, больш за 3 мільёны беларусаў, або амаль 34% ад агульнай колькасці насельніцтва, не могуць дазволіць сабе мінімальны набор тавараў і паслуг - рэд.).

А вось у Расеі, напрыклад, 40% насельніцтва працуе толькі на ежу. І пры гэтым мы бачым, як там нарастае пратэстная актыўнасць, становяцца папулярнымі лозунгі супраць рэжыму і імкліва падае рэйтынг Пуціна.

Калі ў Беларусі палова насельніцтва будзе працаваць толькі на ежу - то і ў нас адбудзецца вельмі моцны рост пратэстных настрояў.