8 траўня 2024, Серада, 0:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post: Новы даклад аб расейскай дэзінфармацыі ўказвае на маштаб і размах аперацыі

4
The Washington Post: Новы даклад аб расейскай дэзінфармацыі ўказвае на маштаб і размах аперацыі

Даклад падрыхтавалі для Сената ЗША.

«У новым падрыхтаваным для Сената ЗША дакладзе, які змяшчае самы шырокамаштабны з праведзеных раней аналіз расейскай кампаніі дэзінфармацыі вакол выбараў 2016 года, гаворыцца, што ў гэтай аперацыі былі задзейнічаныя ўсе асноўныя платформы сацыяльных СМІ, каб распаўсюджваць аптымізаваныя пад інтарэсы выбаршчыкаў паведамленні, малюнкі і відэа для садзейнічання абранню прэзідэнта Дональда Трампа - і гэтая кампанія нават узмацнілася, каб падтрымаць яго падчас яго знаходжання ва ўладзе». Пра гэты даклад распавядае The Washington Post (пераклад - inopressa.ru), якой удалося азнаёміцца з чарнавіком дакладу. Даклад, складзены для Камітэта Сената ў выведцы праектам вылічальнай прапаганды (Computational Propaganda Project) Оксфардскага ўніверсітэта і кампаніяй Graphika, якая займаецца сеткавым аналізам, будзе апублікаваны пазней на гэтым тыдні, паведамляе выданне.

Гэта даследаванне «змяшчае новыя дэталі аб тым, як расейцы, якія працавалі ў агенцтве інтэрнэт-даследаванняў, (...) падзялілі амерыканцаў на ключавыя групы інтарэсаў для таргетаванага распаўсюду інфармацыі. Гэтыя намаганні відазмяняліся з часам, дасягаючы піку ў ключавыя палітычныя моманты, такія як прэзідэнцкія дэбаты або партыйныя канвенцыі, гаворыцца ў дакладзе».

«Масівы звестак, на якія абапіраліся даследчыкі, былі прадэманстраваныя Facebook, Twitter і Google. Яны ахопліваюць некалькі гадоў да сярэдзіны 2017 года, калі кампаніі, якія валодаюць сацсеткамі, ужылі захады ў дачыненні да вядомых расейскіх акаўнтаў. У дакладзе - а ў ім аналізуюцца таксама і звесткі, пададзеныя чальцом Камітэта палаты прадстаўнікоў у выведцы, няма інфармацыі аб пазнейшых палітычных падзеях, такіх як лістападаўскія прамежкавыя выбары», - тлумачыць выданне.

У дакладзе гаворыцца, што ўся гэтая актыўнасць мела на мэце «дапамогу Рэспубліканскай партыі і, дарэчы, Дональду Трампу. Трамп згадваецца часцей за ўсё ў кампаніях, накіраваных на кансерватыўных і схільных да правых выбаршчыкаў: інфармацыя падахвочвала гэтыя групы падтрымаць ягоную кампанію. Галоўныя групы, якія маглі кінуць выклік Трампу, бачылі інфармацыю, мэта якой была збіць з толку, адцягнуць і ў выніку адгаварыць іх прадстаўнікоў ад галасавання».

Выданне нагадвае, што «раней дэмакраты і рэспубліканцы ў Камітэце ўжо знаёміліся з высновамі даследавання, праведзенага ў 2017 годзе амерыканскай выведвальнай супольнасцю, згодна з якімі Масква была нацэленая на садзейнічанне Трампу, і ў ліпені яны пацвердзілі, што следчыя прыйшлі да правільных высноў. Нягледзячы на іх працу, некаторыя рэспубліканцы на Капіталійскім узгорку прадаўжаюць сумнявацца ў характары расейскага ўмяшання ў апошнія прэзідэнцкія выбары».

«Асабліва энэргічныя намаганні расейцы накіроўвалі на тое, каб актывізаваць кансерватараў у такіх пытаннях, як пашырэнне правоў на зброю і іміграцыя, у той жа час аслабляючы палітычны ўплыў афраамерыканскіх выбаршчыкаў, якія сімпатызуюць левым, падрываючы іх веру ў выбары і распаўсюджваючы хлуслівую інфармацыю пра тое, як галасаваць», - гаворыцца ў публікацыі.

«Аўтары дакладу выкарыстоўвалі, у асноўным, звесткі, пададзеныя тэхналагічнымі кампаніямі, і паказалі на «запознены і нескаардынаваны» адказ на кампанію ў дэзіфармацыі пасля таго, як яна была раскрытая, і на іх нежаданне дзяліцца дадатковай інфармацыяй са следчымі».

«У дакладзе агучваецца занепакоенасць агульнай пагрозай, якую прадстаўляюць сацыяльныя сеткі для палітычнага дыскурсу ўнутры краін і паміж імі. Даследчыкі папярэджваюць, што кампаніі, якія некалі ўважаліся за інструмент вызвалення ў арабскім свеце і ў іншых краінах, цяпер пагражаюць дэмакратыі», - адзначаюць аўтары публікацыі.

«У дакладзе таксама адзначаецца, што сярод звестак ёсць доказы неахайнасці расейцаў, якая магла б прывесці да больш ранняга выяўлення - напрыклад, выкарыстанне рублёў, расейскай валюты, для куплі рэкламных аб'яваў, і расейскіх нумароў тэлефонаў у раздзеле кантактнай інфармацыі».

«У дакладзе ўзнікненне расейскіх аперацый для ўплыву онлайн звязваецца з унутранай палітыкай Расеі ў 2009 годзе і гаворыцца, што з часам амбіцыі краіны мяняліся і ўжо ў 2013 годзе ўключылі і амерыканскую палітыку - у Twitter. З твітаў, пададзеных кампаніяй сенату, 57% былі на расейскай, 36% - на ангельскай мовах, і меншая колькасць - на іншых мовах», - паведамляецца ў артыкуле.

Як піша The Washington Post, «намаганні для маніпулявання амерыканцамі значна ўзмацніліся ў 2014 годзе і ўзмацняліся з кожным наступным годам, бо каманды агентаў распаўсюджвалі сваю працу на ўсе новыя платформы і акаўнты для таго, каб уплываць на ўсё больш буйныя праслойкі амерыканскіх выбаршчыкаў, падзеленых па геаграфіі, палітычных інтарэсах, расе, рэлігіі і іншых фактарах. Расейцы пачалі з акаўнтаў у Twitter, затым дадалі Youtube і Instagram і, нарэшце, дадалі ў падборку і Facebook, гаворыцца ў дакладзе».

«Facebook быў асабліва эфектыўным у таргетаванні кансерватараў і афраамерыканцаў, гаворыцца ў дакладзе. Больш за 99% усёй актыўнасці - упадабанні, расшарванні і іншыя рэакцыі - праводзіліся з 20 старонак у Facebook, якія кантраляваліся агенцтвам інтэрнэт-даследаванняў, уключаючы такія старонкі як «Being Patriotic», «Heart of Texas», «Blacktivist» і «Army of Jesus». Разам гэтыя 20 самых папулярных старонак далі 39 млн упадабаек, 31 млн расшарванняў, 5,4 млн рэакцый і 3,4 млн каментароў. Як заявілі супрацоўнікі Facebook Кангрэсу, расейская кампанія ахапіла 126 млн чалавек на Facebook і яшчэ 20 млн у Instagram, дзе расейцы кіравалі 133 акаўнтамі, сканцэнтраванымі пераважна на пытаннях расы, нацыянальнасці і іншых формах асабістай ідэнтычнасці».

«Хоць агульная інтэнсіўнасць актыўнасці на платформах расла ад года да года, дасягнуўшы піка цягам 6 месяцаў пасля дня выбараў у 2016 годзе, гэты рост быў асабліва выяўленым у Instagram», - піша выданне, удакладняючы, што ў 2016 годзе там рабілася 2,6 тысячы паведамленняў за месяц, а ў 2017 годзе, калі акаўнты пачалі закрываць, гэта было ўжо 6 тысяч паведамленняў на месяц.«За гэтыя тры гады, асветленыя ў дакладзе, расейскія паведамленні ў гэтай сацсетцы атрымалі 185 млн упадабаек і 4 млн каментароў карыстальнікаў», - гаворыцца ў артыкуле.

Што тычыцца Youtube, то «актыўнае выкарыстанне агенцтвам інтэрнэт-даследаванняў спасылак на відэа Youtube амаль не пакідае сумненняў у тым, што агенцтва было зацікаўленае ў максімальна эфектыўным выкарыстанні відэаплатформы Google для ахопу і маніпулявання амерыканскай аўдыторыяй», - сцвярджаюць даследнікі.

«Расейцы спрытна працавалі паміж платформамі, удасканальваючы нацэленыя на асобныя групы тактыкі і размяшчаючы крыжаваныя спасылкі паміж акаўнтамі і сайтамі, каб пашырыць поспех аперацыі на кожнай платформе. Напрыклад, рух Black Matters US меў акаўнты ў Twitter, Instagram, Youtube, Google+, Tumblr і Paypal, сцвярджаюць даследнікі. Звязваючы паведамленні паміж гэтымі платформамі, расейскія агенты маглі прасіць ахвяраванні, арганізоўваць рэальныя пратэсты і мітынгі і накіроўваць інтэрнэт-трафік на сайт, які кантралявалі расейцы», - адзначаюць аўтары публікацыі.

Даследнікі выявілі, што калі Facebook закрыў старонку ў жніўні 2016 года, неўзабаве з'явілася новая старонка пад назвай BM з паведамленнямі, якія больш належалі да культуры, чым да палітыкі», а ў звязаным акаўнце ў Twitter тым часам выяўлялася шкадаванне аб закрыцці старонкі ў Facebook, і тэхналагічную кампанію абвінавачвалі ў падтрымцы «ідэі перавагі белай расы», - піша газета.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках