15 траўня 2024, Серада, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Япрынцаў супраць Чыжа

7
Япрынцаў супраць Чыжа
УЛАДЗІМІР ЯПРЫНЦАЎ (ЗЛЕВА) І ЮРЫЙ ЧЫЖ

Бізнэсовец перамог алігарха ў судзе паводле справы аб неабгрунтаваным узбагачэнні.

Пасля працяглай паўзы, якая зацягнулася з чэрвеня, суд Цэнтральнага раёна Менска аднавіў разгляд справы паводле пазову бізнэсоўца Уладзіміра Япрынцава да алігарха Юрыя Чыжа і сёння ж вынес пастанову аб задавальненні пазову на 1960 рублёў, піша tut.by. З улікам дзяржпадатку і кампенсацыі юрыдычных выдаткаў Чыж павінен выплаціць Япрынцаву 3208 рублёў.

Раней суд двойчы даваў бакам час на прымірэнне, адбыліся сустрэчы юрыстаў Чыжа з Уладзімірам Япрынцавым, а прадстаўнікоў апошняга — з Чыжом. «Далейшыя перамовы немэтазгодныя. На ўсе нашы прапановы Юрый Аляксандравіч (Чыж. — Заўв.) адказваў прапановамі, якія не маглі зацікавіць», - канстатавала прадстаўніца Япрынцава.

Адвакат Чыжа Іван Дудараў растлумачыў, што прадстаўнікі былых партнёраў у бізнэсе спрабавалі не проста дамовіцца аб прадмеце цяперашняга пазову, але ўрэгуляваць усю сітуацыю з актывамі, частка з якіх перапісаная на зацікаўленых асоб. «Мы з калегамі спрабавалі развязаць пытанне комплексна «Пакуль не змаглі», - прызнаў прадстаўнік адказчыка.

Нагадаем, у пазове, пададзеным юрыстамі Уладзіміра Япрынцава да былога партнёра Юрыя Чыжа, гаворка ідзе пра грошы за прададзеныя акцыі лагістычнай кампаніі ЗАТ «Аскаргатэрмінал». Угода аб продажы дзеляў у кампаніі, якой валодалі Уладзімір Япрынцаў (60%) і Святлана Чыж (40%), жонка Юрыя Чыжа, была ўкладзеная 11 жніўня 2015 года, у дзень затрымання Япрынцава. Грошы на рахунак Япрынцава паступілі некалькімі аплатамі, агулам крыху больш за 100 тысяч даляраў у эквіваленце. У момант залічэння грошай на рахунак ён ужо быў у СІЗА, і, паводле раней паведамленай інфармацыі, уся маёмасць і рахункі былі арыштаваныя, але грошы былі знятыя.

Бухгалтарка «Трайпла» Элеанора Ляўкіна, якая мела даверанасць на аперацыі з рахункам і ад Япрынцава, і ад Чыжа, у судзе пацвердзіла, што грошы з рахунку Япрынцава здымала гатоўкай на даручэнне Юрыя Чыжа і перадавала яму — блізу 86 тысяч даляраў і 45 тысяч у жніўні і верасні. Сам уладальнік рахунку ёй такіх указанняў не даваў. Яшчэ тройчы сумы па 40 тысяч даляраў яна пералічвала на рахунак юрыдычныя асобы (раней у судзе агучвалася, што гэта ТАА «Крокус Мотарс». — Рэд.) для выплаты запазычанасці за аўтамабіль Bentley, набыты Казбекам Япрынцавым.

Адвакат Япрынцава ў спрэчках звярнула ўвагу на тое, што грошы, заяўленыя ў якасці пазоўных патрабаванняў, гэта сродкі ад продажу кампаніі «Аскаргатэрмінал». «Другі акцыянер кампаніі - Чыж Святлана, і ўсе дэталі, тэрміны і сумы аб угодзе ведаў і Чыж Юрый Аляксандравіч. Праз пару гадзін пасля падпісання дамовы мой давернік быў затрыманы на заяву Чыжа і год правёў у СІЗА. Ужо на наступны дзень грошы з рахунку Уладзіміра Генадзьевіча былі знятыя», — нагадала адвакат. Яна адзначыла, што Япрынцаў не даваў і не мог даваць даручэнні распарадзіцца грашыма так, як гэта зрабіў Чыж. «Адкуль Чыж вызначыў, што мае права распараджацца грашыма Уладзіміра Генадзьевіча, і менавіта такім чынам, не зразумела. У той момант былі ўзятыя пад варту і Уладзімір, і Казбек Япрынцавы, сям'я засталася фактычна без крыніцы даходу, мой давернік напэўна б распарадзіўся грашыма інакш», — аргументавала адвакат.

У тлумачэннях Юрыя Чыжа, якія ён даваў падчас правядзення праверкі УУС Партызанскага раёна Менска, сродкі з рахунку Япрынцава-старэйшага ён перадаў крэдыторам сына Япрынцава, расейскім бізнэсоўцам Іосіфу Аксенцьеву і Міхаілу Маміяшвілі.

«Гэтыя сродкі былі перададзеныя ў кошт запазычанасці паводле дамоўленасці паміж Уладзімірам Япрынцавым, Чыжом, Маміяшвілі і Аксенцьевым. Юрый Аляксандравіч спрабаваў «панізіць градус» і ўрэгуляваць пытанне ціску», - растлумачыў Іван Дудараў. Больш за тое, адзначыў ён, перададзеная сума была больш за знятую - Чыж дадаў і ўласныя сродкі. Пры гэтым пацвердзіць даты і сам факт перадачы сродкаў Аксенцьеву бок адказчыка не змог, на што звярнуў увагу і суддзя.

Пры гэтым адвакат прызнаваў, што дагэтуль дакладна не ўстаноўлена, хто, колькі і каму менавіта завінаваціўся. Сума вар'юецца ад 15 да 33 млн даляраў. Падчас следства і Чыж, і Уладзімір Япрынцаў пацвярджалі, што асноўныя пазыкі кампаніі Казбека Япрынцава і партнёраў - як раз Маміяшвілі і Аксенцьеву. Пацвярджае гэта той факт, што менавіта на іх была перааформленая доля Япрынцава-старэйшага ў «Трайпле». Аднак пацярпелым у крымінальным працэсе стаў Юрый Савяк, праз кампанію якога грошы прыйшлі на кампанію Япрынцава-малодшага.

Адвакат Япрынцава звярнула ўвагу на тое, што «калі ў гэтым працэсе даведзеныя будуць абавязацельствы перад Маміяшвілі і Аксенцьевым, то трэба вяртацца да перагляду крымінальнай справы, дзе яны былі не пацярпелымі, а сведкамі, і нават ні разу не з'явіліся ў суд». Яна падкрэсліла, што ніякіх абавязацельстваў Уладзіміра Япрынцава перад Маміяшвілі і Аксенцьевым не існуе, і пярэчыла супраць іх прыцягнення ў якім-небудзь статусе ў працэс.

Заяўленая сума гэтага пазову — усяго 1960 рублёў. Відавочна, што гэты пазоў - не апошні, бо ва Уладзіміра Япрынцава была дзель у многіх буйных праектах з Чыжом і звязанымі з ім асобамі. Толькі ягоная дзель у «Трайпле», якая дасталася Аксенцьеву і Маміяшвілі, паводле ацэнак экспэртаў, перакрывала суму запазычанасці і складала блізу 50 млн даляраў. Пазоў Япрынцава да Аксенцьева аб прызнанні несапраўднай дамовы куплі-продажу яго дзелі ў «Трайпле», укладзенай у 2015 годзе, суд разгледзіць у студзені 2019-га.

Пастанова ў дзеянне не ўвайшла і можа быць абскарджаная.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках