11 жнiўня 2026, aўторак, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навуковец РАН пра Крымскі мост: Навошта яго падрываць, калі яго ўсё адно змые

13
Навуковец РАН пра Крымскі мост: Навошта яго падрываць, калі яго ўсё адно змые
ФОТА: ТАСС

Старшы навуковы супрацоўнік Расейскай акадэміі навук заклікаў кіроўцаў не ездзіць Керчанскім мостам.

Улады акупаванага Крыма аднавілі працу паромнай пераправы праз Керчанскую пратоку, бо "нешта ведаюць" пра праблемы Крымскага моста. Такое меркаванне выказаў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута водных праблем Расейскай акадэміі навук Юрый Медавар 22 снежня ў стрыме на YouTube-канале Vernikov100, перадае gordonua.com.

"Ідзе назіранне, глядзяць, як мост асядае. Мост і павінен прасядаць, гэта сувязныя грунты, паўцвёрдыя гліны. Але я атрымаў цікавую інфармацыю. З аднаго боку, ідзе прасадка паляў, на якіх стаіць гэты мост. А з другога боку, ідзе выштурхоўванне. Гэта значыць паводле закона Архімеда выштурхоўвае яго з адваротнага боку. Гэта значыць вялікі ціск вытыркае мост уверх. Атрымліваюцца невялікія велічыні, але яны рознанакіраваныя", - распавёў навуковец.

Медавар адзначыў, што тое, што адбываецца - "надзвычайнае паскудства, якое можа прывесці да разбурэння асновы моста". Ён дадаў, што за кошт частага ўсталявання апор моста сячэнне Керчанскай пратокі скарацілася амаль удвая, што прывяло да павелічэння хуткасці плыні вады.

"Як толькі павялічваецца хуткасць плыні, пачынаецца вымыванне таго, што знаходзіцца пад асновай апор. Пра гэту праблему я неяк раней не задумваўся. Гэта задача гідраўлікі, акеанолагаў, якія разумеюць, да чаго прыводзіць павелічэнне хуткасці плыні. Цяпер будзем глядзець яшчэ з гэтага боку, наколькі пойдзе размыванне асновы, бо там не граніт, а паўцвёрдыя апясчаненыя воданасычаныя гліны, якія, вядома, будуць вымывацца", - падкрэсліў ён.

Навуковец дадаў, што ў Расеі дарма нагнятаюць гістэрыю, што ўкраінскія дыверсанты хочуць падарваць мост.

"Ну навошта яго падрываць, калі яго ўсё роўна змые рана ці позна? Пакіньце яго ўжо ў спакоі і чакайце, што там адбудзецца далей. Адзінае, што не трэба па ім ездзіць. Калі паромная пераправа адкрыта, вось на ёй і перапраўляйся на той бок", - заявіў ён.

Медавар адзначыў, што ў будаўніцтва моста былі ўкладзеныя каласальныя грошы, але яго эксплуатацыя, хутчэй за ўсё, будзе каштаваць яшчэ даражэй.

"Там ідзе назіранне. Там сядзяць праектанты ў Лондане, у іх 24-гадзіннае дзяжурства. Я камунікаваў са спадарыняй, якая была адной з праектантак гэтага моста. Яна атрымала годнасць заслужанай будаўніцы Расеі", - распавёў ён.

Праектантка моста распавяла Медавару, што яго публічную крытыку ўлічылі пры распрацоўцы праекта моста, а падчас будаўніцтва выкарыстоўвалі ноў-хаў, якія дапамогуць мосту выстаяць.

"Я сказаў ёй, што давайце пачакаем... Я таксама не хачу, каб ад моста нічога не засталося. Няхай стаіць, на здароўе. Але проста ездзіць па ім небяспечна. Але калі пусцяць чыгуначны мост, вось там праблемы яшчэ больш сур'ёзныя будуць. Таму яго і не пускаюць ужо другі год, яго павінны былі разам з першым запусціць. Можа быць, тады [прэзідэнт Расеі Уладзімір] Пуцін на паравозе там праедзе замест машыніста, наогул, тады будзе цікава", - распавёў навуковец.

Ён растлумачыў, што пры адкрыцці аўтамабільнага моста па ім у шахматным парадку праехалі дзесяць Камазаў вагай 150 т.

"Напраўду, мост прымаюць, каб была поўная нагрузка, каб паглядзець, якая ідзе усадка. А чыгуначны цягнік гружаны важыць па-іншаму. Гэта 100 тон - адзін вагон. А там дзесяць Камазаў, як адзін вагон. А такіх вагонаў - 50-60... таму яны на год будаўніцтва адклалі. Будуць глядзець цяпер на зімовы перыяд, калі там пойдуць гэтыя вятры паганыя, крыгаход. Натуральна, яны манітораць сітуацыю, таму што мост - сур'ёзнае збудаванне. Але ў нас, глядзіце, колькі мастоў, там за адзін месяц дзесяць павалілася... А мы ўкладваем у нікому не патрэбны Керчанскі мост", - распавёў навуковец.

У снежні 2016 года Медавар заявіў, што будаўніцтва моста праз Керчанскую пратоку вядзецца без праекта, а сам мост абрынецца, нават калі яго ўдасца пабудаваць.

Крымскі мост будуецца за кошт сродкаў федэральнага бюджэту Расеі. Агульны кошт праекта складае блізу 228 рублёў (блізу $4 млрд). У міністэрстве транспарту РФ заяўлялі, што забяспечаць адкрыццё аўтамабільнага руху па збудаваным Керчанскім мосце да снежня 2018 года, а рух цягнікоў - да 2019 года. Мост праз Керчанскую пратоку, які злучае Крым і Краснадарскі край Расеі, адкрылі ў траўні 2018 года.

Расея анэксавала Крым пасля сілавой блакады ўкраінскіх вайсковых частак і незаконнага рэферэндуму 16 сакавіка 2014 года. Далучэнне паўвыспы да РФ не прызнаецца Украінай і большасцю краін свету.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках