5 траўня 2024, Нядзеля, 2:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гурт «Крама» сустракае вясну вялікім канцэртам

Гурт «Крама» сустракае вясну вялікім канцэртам

4 сакавіка ў менскім бровары «Сябры» адбудзецца вялікі канцэрт «Крамы» з прэзентацыяй DVD-альбома «Крама - 25 гадоў».

Гэта здымкі канцэрту, які прайшоў у Менску 12 лістапада 2016 года ў «Prime hall», і быў прысвечаны 25-гадоваму юбілею гурта. «Крама» яшчэ ў 1994 годзе была пераможцам самай першай «Рок-каранацыі», і працягвае славіць беларускі блюз і праз чвэрць стагоддзя. Юбілейная праграма складалася са знакамітых гітоў, у тым ліку прагучала нямала песень, якія калектыў ужо не выконвае на сваіх звычайных канцэртах - «Стары сабака», «Доўгія ногі», «Ім не трэба твой блюз», «Чакай» ў новых аранжыроўках.

4 сакавіка акрамя прэзентацыі канцэртнага DVD адбудзецца прэм'ера новай версіі песні на вершы Міхала Анемпадыстава.

Ігар Варашкевіч з музыкамі надумалі даць другое жыццё даўняй кампазіцыі гурта «Бонда» «Да неба» (1986) з тэкстам Анемпадыстава, і першае выкананне 4 сакавіка прысвяціць памяці паэта і мастака.

Ігар Варашкевіч успамінае гісторыю песні: «У гурце «Бонда» асноўным паэтам быў бубнач Сяргей Кныш. Але часам тэксты пісалі - ці спрабавалі пісаць - і іншыя. Напрыклад, Фелікс Аксёнцаў, які потым увасобіў свае задумкі з гуртом Ulis, Федзя Кашкурэвіч напісаў на адну песню тэкст. І Міхал Анемпадыстаў таксама напісаў тэкст. І было гэта, наколькі я памятаю, у 86 годзе. Сяргей Кныш пайшоў у войска, ён адсутнічаў два гады. А з Міхалам мы пазнаёміліся, думаю, праз Сяргея Краўчанку, яны сябравалі. Саму песню, музыку мы напісалі, калі былі на студэнцкіх заробках у Ніжневартаўску. Таму што амаль усе вучыліся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Я дакладна памятаю, як я проста без гітары хадзіў вуліцамі і напяваў гэтую мелодыю. А як вярнуліся дадому, Міхал і напісаў тэкст, які нас пасаваў. Атрымалася песня «Да неба».

Потым, калі была ўжо «Крама», я неаднаразова прапаноўваў Міхалу напісаць нам тэкст, але ён увесь час неяк ветліва знаходзіў прычыны для адмовы. То ў яго нейкая іншая тэрміновая справа, то натхнення няма. Але ніякай крыўды ў мяне, вядома, не было, і тым больш - не цяпер. Проста тады яго ідэі, магчыма, больш супадалі з іншымі музыкамі. Напрыклад, з Касяй Камоцкай. Гэта я толькі нядаўна зразумеў, задумаўся ўжо пасля смерці Міхала - што з Касяй Камоцкай ён увасобіў у жыццё сваю любоў да польскага гурта Maanam. Я, дарэчы, гэты калектыў любіў не менш за Міхала. Але з-за таго, што я хлопчык, мой вобраз не пасаваў. А вось у Касі Камоцкай ён нешта такое ўбачыў, адчуў. Таму і атрымалася так шмат выдатных песень.

Свой вясновы канцэрт у пачатку сакавіка мы пачалі планаваць яшчэ ўвосень, ужо была дата. А пасля трагічнага сыходу Міхала з'явілася ідэя аднавіць песню, даць ёй новае жыццё. І так атрымліваецца, што менавіта 4 сакавіка будзе 40 дзён з дня смерці Міхала Анемпадыстава. І яго памяці мы прысвецім гэтую кампазіцыю - «Да неба».

Найбліжэйшым часам «Крама» плануе вярнуцца ў студыю гуказапісу і выпусціць максі-сінгл з трох песень. Сінгл стане першай ластаўкай будучага студыйнага альбома. (Папярэдняя пласцінка «Белая вада» выходзіла ў 2004 годзе). У новы максі-сінгл ўвойдуць кавэр на песню «Бонды» «Да неба», студыйны запіс песні «Стэфка праз 30 год» («Стэфка-3»), якая да гэтага гучала толькі на канцэртах, і абсалютна новая кампазіцыя на словы даўняга калегі «Крамы» ў напісанні песень Зміцера Лукашука. Акрамя гэтага, у планах і здымкі кліпа на песню «Стэфка праз 30 год», які таксама ўвойдзе ў максі-сінгл.

Дарэчы, песні гурта «Крама» падабаюцца не толькі беларусам. Яны зацікавілі і кітайскую публіку, кітайскіх аматараў музыкі. Дзякуючы гітарысту з першага, залатога складу «Крамы» Іллі Шэўчыку, які ўжо 15 гадоў паспяхова працуе ў Кітаі і стаў там прызнаным музыкам. Ён часта выступае на тэлевізіі, супрацоўнічае з мясцовымі артыстамі. У пачатку гэтага года Ілля з кітайскімі калегамі пераклалі на кітайскую мову і запісалі адзін з гітоў «Крамы» «Выпі са мной да дна». Акрамя гэтага, песню Ілля Шэўчык часта выконвае на канцэртах, выконвае па-кітайску, і бачыць, што кітайцам падабаецца мелодыка «Крамы». Ёсць планы перакласці і запісаць яшчэ не адну песню нашага беларускага гурта, і, магчыма, нават выпусціць паўнавартасны альбом. Калі прыхільнікаў «Крамы» ў Кітаі стане шмат, Ілля марыць арганізаваць для роднага калектыву кітайскі гастрольны тур.

Сустракайце вясну разам з гуртом «Крама»!

4 сакавіка, «Крама» запрашае ўсіх прыхільнікаў на прэзентацыю канцэртнага DVD з свайго 25-годдзя, у бровар «Сябры».

Вас чакаюць: найлепшы беларускі рок, добрае піва і выдатны настрой!

Пачатак а 20-00.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках