5 траўня 2024, Нядзеля, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даля Грыбаўскайтэ: «Іскандэры» пагражаюць палове еўрапейскіх сталіц

2
Даля Грыбаўскайтэ: «Іскандэры» пагражаюць палове еўрапейскіх сталіц
ДАЛЯ ГРЫБАЎСКАЙТЭ

Вучэнні «Захад-2017» пацвердзілі, што РФ рыхтуецца да магчымага нападу на краіны Захаду.

Расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» пацвердзілі, што Расея рыхтуецца да магчымага нападу на краіны Захаду цягам 48 гадзін, а размяшчэнне на мінулым тыдні ракет «Іскандэр» у Калінінградскай вобласці азначае, што выклікі для бяспекі не меншыя, чым у 2014 годзе.

Пра гэта заявіла прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайтэ, паведамляе wPolityce.pl.

«Вучэнні «Захад-2017»паказалі, што Расея гатовая нават цягам 48 гадзін пачаць атаку на лініі мяжы з краінамі NАТО і балтыйскімі краінамі, Польшчай і нават у рэгіёне Арктыкі. Акрамя таго, на мінулым тыдні ў Калінінградскай вобласці на сталай аснове размешчаныя ракеты «Іскандэр». Гэта паказвае, што выклікі для бяспекі нават большыя, чым у 2014 годзе», - заявіла Грыбаўскайтэ, дадаўшы, што пагроза тычыцца паловы еўрапейскіх сталіц.

Таму, як падкрэсліла прэзідэнтка Літвы, патрэбныя далейшыя пастановы аб рэфармаванні NАТО летам гэтага года на саміце Альянсу ў кірунку ўмацавання ўсходняга флангу.

Грыбаўскайтэ адзначыла, што Літва з'яўляецца аб'ектам «своеасаблівай непасрэднай атакі» з боку РФ, што часам можна прыраўняць да «ваеннай сітуацыі».

«Мы з'яўляемся сведкамі кібератакі, у адной толькі Літве мы перанеслі ў мінулым годзе 50 тысяч кібератак. Мы з'яўляемся сведкамі інфармацыйных нападаў, умяшання ў нашу палітыку, спроб уплыву на нашыя медыйныя групы. Таму з гэтага пункту гледжання мы вельмі моцна адчуваем, што ў нетрадыцыйнай сферы мы ўжо знаходзімся ў стане сур'ёзнай канфрантацыі паміж усходнім флангам NАТО і Расеяй», - канстатавала Грыбаўскайтэ.

Яна заўважыла, што непасрэдная ваенная пагроза з боку Расеі цяпер не вельмі рэальная, але «праз непрадказальнасць гэтай краіны лепш нічога не адпрэчваць, а быць гатовымі да ўсяго».

«Улічым, што Расея робіць, а не тое, што кажа. Прыклад «Іскандэраў» вельмі добра паказвае, што мы павінны быць гатовыя да ўсяго, павінны быць гатовыя да абароны», - падкрэсліла Грыбаўскайтэ.

Літоўская лідарка падала прыклад, што цяпер на ўсходнім флангу NАТО і заходніх рэгіёнах РФ на аднаго жаўнера Альянсу прыпадае 10 расейскіх жаўнераў.

«А таму асцярогі праз адну тысячу жаўнераў NАТО ў Літве ці крыху больш - у Польшчы, і больш за чатыры тысячы жаўнераў ва ўсім рэгіёне, гэты аргумент (Расеі) не спрацоўвае», - падкрэсліла Грыбаўскайтэ.

Дзеянні NАТО на ўсходнім флангу яна назвала адпужваннем Расеі, бо ў Літве нават няма абарончых сіл.

«Тлумачэнне (Расеяй) неабходнасці «Іскандэраў» і запалохвання паловы Еўропы тым, што ў Літве ёсць тысяча жаўнераў або тры-чатыры ў балтыйскіх краінах і Польшчы - несур'ёзны аргумент», - адзначыла літоўская лідарка.

Паводле ейных слоў, сапраўдны намер Масквы ў дэманстрацыя сілы і агрэсіўных паводзінах.

«Аднак пасля анэксіі Крыма такія дзеянні ўжо не могуць быць нечаканымі. Таму мы павінны быць гатовыя і вельмі сур'ёзна інвестуем у нашу абарону», - адзначыла Грыбаўскайтэ.

Яна нагадала, што Літва стварыла сілы хуткага рэагавання, інвестуе 2% ВУП у абарону, мадэрнізуе войска.

Размяшчэнне Расеяй «Іскандэраў» у Калінінградскай вобласці, на думку Грыбаўскайтэ, служыць добрым аргументам, каб схіліць NАТО да далейшых «неадкладных і глыбокіх рэформаў».

Яна адзначыла, што Літва прапануе NАТО падрыхтаваць стратэгію ўмацавання (reinforcement strategies), абаронныя планы для краін Балтыі і Польшчы. Паводле ейных перакананняў, NАТО павінна хутчэй прымаць пастановы, рэфармаваць сістэму кіравання Альянсу і больш канцэнтраваць намаганні на рэгіёне ўсходняй Еўропы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках