7 траўня 2024, aўторак, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Трэба ўвесь Саўмін разганяць»

26
«Трэба ўвесь Саўмін разганяць»
Ілюстрацыі: KR-GAZETA.RU

Сама сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, стварае спрыяльныя ўмовы для карупцыі.

Палітолаг і эканаміст каментуюць гучныя звальнення міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко, якія страцілі свае пасады з фармулёўкай «за непрыняцце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях».

Кіраўнік праекта «Кошт урада», эканаміст Уладзімір Кавалкін у інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны» мяркуе, што міністраў знялі з іншых прычынаў.

- Магчыма, былі нейкія карупцыйныя выпадкі, але іх, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвалі як кампрамат, а не як рэальную падставу для звальнення, - мяркуе экспэрт. - Бо калі звальняць міністраў за адсутнасць барацьбы з карупцыяй, то ў прынцыпе трэба ўвесь Саўмін разганяць.

Як паводзіць сябе міністрам у выпадку карупцыйных скандалаў у іх ведамствах?

- Гэта настолькі маштабная праблема, што, з якога канца ні вазьміся, ёсць вялікая колькасць мерапрыемстваў, якія трэба праводзіць, - кажа экспэрт. - Пачынаючы ад укаранення этыкі на дзяржаўнай службе, заканчваючы скарачэннем колькасці адміністрацыйных працэдур, праз якія карупцыя ўзнікае, і памяншэннем падтрымкі з бюджэту ў адрас дзяржпрадпрыемстваў - каб не было спакусы раскрасці народныя грошы.

Трэба мяняць сістэму дзяржзакупак, механізм прыняцця пастаноў, адзначае Уладзімір Кавалкін. Каб знізіць карупцыю, лічыць ён, трэба рэфармаваць усе дзяржслужбы.

Экспэрт тлумачыць формулу карупцыі: гэта адсутнасць празрыстасці плюс магчымасць прымаць рашэнні на сваё меркаванне.

- Чым больш дзяржаўных грошай, чым больш магчымасцяў у чыноўніка прымаць рашэнні на ўласнае меркаванне, чым менш празрыстасць гэтага дзеяння, чым менш інфармацыі пра дзеянні дзяржслужбоўцаў, як правіла, тым больш магчымасцяў учыняць карупцыйныя злачынствы, - кажа Уладзімір Кавалкін.

Класкоўскі: «Ператрахванне кадраў» у Лукашэнкі падобнае да сталінскага метаду. Проста ў Сталіна была больш жорсткая мясарубка

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады пад лозунгам барацьбы з карупцыяй і перыядычна ладзіць паказальныя кровапусканні ў гэтым кантэксце.

- Як чалавек з вельмі развітым інстынктам улады кіраўнік дзяржавы разумее: калі даць поўную волю злодзеям на высокіх пасадах, яны ўсю краіну раскрадуць і стануць ценявымі алігархамі. А гэта створыць пагрозу самаўладства самага галоўнага беларускага начальніка з боку злачынных кланаў. Вось чаму перыядычна Лукашэнка такія зачысткі ладзіць, - тлумачыць ён.

На думку аналітыка, «ператрахванне кадраў» у Лукашэнкі ў нейкай ступені падобнае да сталінскага метаду.

- Проста ў Сталіна гэта была больш жорсткая мясарубка: але там таксама пастаянна кідалі: сёння на балет, а заўтра - на вываз гною кіраваць. Гэта адзін з метадаў Лукашэнкі ў барацьбе з карупцыяй - для разрыву сувязі, каб не ўтвараліся ўстойлівыя групоўкі, -падкрэслівае экспэрт.

Аналізуючы эфектыўнасць гэтага метаду, палітолаг звяртае ўвагу на тое, што кіраўнік Беларусі адной рукой ладзіць «кровапусканне», а другой - імкнецца замацаваць сістэму чыноўніцкай вертыкалі, калі кіруюць баль адміністрацыйныя метады кіравання і ад рашэння чыноўніка занадта шмат залежыць.

- У чым розніца рэжыму аўтарытарнага ад дэмакратычнага: у дэмакратыі чыноўнік працуе пад грамадскім кантролем, многія функцыі аддадзены самакіраванню, ёсць падзел уладаў - адна галіна ўлады кантралюе іншую. У нас жа неймаверна, каб «парламент», напрыклад, зацікавіўся, чаму ў некаторых высокіх дзеячаў ва ўрадзе катэджы па сотні тысяч даляраў, - кажа палітычны аглядальнік.

Сама сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, стварае спрыяльныя ўмовы для карупцыі, уважае Аляксандр Класкоўскі.

- Калі ад подпісу чыноўніка залежыць, куды пойдуць грашовыя плыні, хто выйграе тэндар, спакуса будзе спрацоўваць і будуць з'яўляцца новыя карупцыянеры, нягледзячы на самыя жорсткія захады. Як у Кітаі, напрыклад, нават расстрэлы не спыняюць карупцыю, - прыводзіць прыклад суразмоўца.

Палітолаг не адмаўляе: у дэмакратычных краінах таксама ёсць карупцыя, але яе ўзровень прыкметна ніжэйшы.

- Вядома, і ў нашай сістэме ад асабістых якасцяў кіраўніка многае залежыць. Ёсць ад прыроды больш сумленныя людзі, умелыя арганізатары, якія могуць арганізаваць працу ў сваім ведамстве так, што там будзе ўсё пад наглядам. Але ў любым выпадку гэта людзі сістэмы, і яны будуць працаваць у рамках гэтай сістэмы. А сама сістэма заганная: чыноўніку тут занадта шмат дадзена і дазволена.

«Калі ў тваім ведамстве доўгі час варочалі буйныя казнакрады, самому трэба класці заяву і сыходзіць»

Як паводзіць сябе міністру, калі ў ведамстве выяўленыя факты карупцыі? Ці можна зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні, калі такія факты сталі здабыткам грамадскасці?

Аляксандр Класкоўскі адзначае, што ў дзейнай сістэме няма такога паняцця, як гонар мундзіра. Выпадкі, калі высокапастаўленыя чыноўнікі клалі на стол заяву аб сыходзе, з'яўляюцца выключэннем, а не правілам.

У прыклад палітычны аглядальнік прыводзіць старшыню Менгарвыканкама Уладзіміра Ярмошына, які падаў прашэнне аб адстаўцы пасля трагедыі на Нямізе, і Міхаіла Чыгіра, які сышоў з пасады прэм'ера перад рэферэндумам 1996 года. Сышоў у адстаўку напярэдадні рэферэндуму-96 і намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў.

- Гэта адзінкавыя і ўжо даўнія выпадкі, а ў цяперашняй сістэме падбор кадраў і норавы такія, што разуменне гонару скажонае і забытае. І таму ў пэўных сітуацыях, як правіла, спрацоўвае жаданне не выносіць смецце з хаты, а насупраць, замесці пад дыван непрывабныя факты.

Калі высвятляецца, што ў тваім ведамстве доўгі час варочалі буйныя казнакрад, карупцыянеры або цэлыя групоўкі, гэта значыць, што ты не справіўся са сваёй задачай, самому трэба класці заяву і сыходзіць. Маральныя і этычныя паняцці ў беларускай вертыкалі практычна атрафіраваныя, - заключае Аляксандр Класкоўскі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках