6 траўня 2024, панядзелак, 14:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Слуцка: Ад візітаў Лукашэнкі адны страты

49
Жыхары Слуцка: Ад візітаў Лукашэнкі адны страты
ФОТА: NOVYCHAS.BY

Візіт дыктатара ў Слуцк 16 лютага актыўна абмяркоўваўся гараджанамі.

Успомнілі і раптоўны рамонт вуліц горада, са скепсісам паставіліся да абяцанняў наладзіць працу цукроўні і дражджавога завода, а таксама павысіць заробкі настаўнікам.

На мясцовым сайце kurjer.info карыстальнікі пішуць:

«За дрэваапрацоўку браўся, за заводы браўся, нават за Слуцкі піўзавод браўся. Дзе яно ўсё? Пашкадуй настаўнікаў, ці нашым дзецям зусім непісьменным быць давядзецца».

Ездзіць на аўтамабілях па горадзе на гэтым тыдні было небяспечна праз вялікагрузныя самазвалы і трактары. Праца кіпела паўсюль, піша «Новы час».

Відавочна, што прыезд кіраўніка для слуцкай «вертыкалі» стаў нечаканасцю, бо горад «парадкавалі» на працягу некалькіх дзён і нават па начах. Акрамя мясцовых камунальнікаў чысцілі горад ад снегу і латалі ямы супрацоўнікі ЖКГ з суседніх раёнаў. Ці засталіся жыхары горада задаволеныя такім ямачным рамонтам?

- Нічога добрага ад такога раптоўнага добраўпарадкавання няма, бо асфальт клалі прама ў ваду і бруд, ён жа растане разам са снегам! - абураецца мужчына, які жыве на вуліцы Галавашчанкі. - А потым будуць казаць, што ў іх няма грошай. Вось яны - грошыкі, закапаныя незразумела куды. Надакучыла ўсё гэта...

Пенсіянер распавядае, чаму так мала людзей на вуліцах: жыхары былі папярэджаны пра тое, што не трэба швэндацца паблізу камбіната, а дзверы падвалаў на вуліцы Галавашчанкі апячатаныя міліцыяй. Усе падыходы і пад'езды да цукровага камбінату падчас прыезду Лукашэнкі былі перакрытыя даішнікамі і міліцыянтамі ў цывільным.

- Мой сусед хацеў схадзіць у краму камбіната - яго туды не пусцілі. Дачка патэлефанавала, што на абед не прыйдзе, таму што іх не выпускаюць з тэрыторыі завода, а яшчэ адзін сусед дадатковыя паўтары гадзіны прасядзеў у халодным гаражы - туды трапіў да прылёту Лукашэнкі, а назад яго не выпусцілі, - распавёў Мікалай Іванавіч. - Камбінат цяпер прастойвае, у большасці не ацяпляецца, каб пафарбаваць жалезныя трубы работнікам трэба было збіваць з іх лёд.

Невядома, ці стануць на ногі слуцкія заводы пасля асабістага прыезду Лукашэнкі. А вось жыхарам праблемных вуліц, якія ўжо даўно патрабуюць добраўпарадкавання і асфальтавання, давядзецца зноў чакаць, калі ў раённым бюджэце з'явяцца грошы на рамонт.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках