10 траўня 2024, Пятніца, 4:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Рублю будзе вельмі дрэнна

8
Эканаміст: Рублю будзе вельмі дрэнна

Беларускія ўлады зноў наступаюць на старыя граблі.

Цалкам магчыма, што ў 2018-м беларусы не стануць надаваць такую магутную падтрымку валютнаму рынку, як у мінулыя гады, і тэмпы яго падзення паскорацца, піша ў артыкуле для выдання «Беларусы і рынак» фінансавая кансультантка кампаніі «ТэлетрэйдБел» Жанна Кулакова.

Мінулы год выдаўся для беларускага рубля самым паспяховым з трох гадоў, што мінулі з моманту пераходу ад адміністрацыйнай сістэмы курсаўтварэння да рынкавай. Нацыянальная валюта аслабла да кошыку Нацбанка на сціплыя 6%. Пры гэтым дзякуючы значнаму падзенню амерыканскай валюты на міжнародным рынку курс даляра ў Беларусі за год практычна не змяніўся.

Праўда, еўра падаражэў на 15%, але на гэта мала хто звярнуў увагу. Гістарычна склалася так, што менавіта курс даляра з'яўляецца для беларусаў апорай стабільнасці і галоўным фінансавым маяком.

Калі прыгледзецца больш уважліва, можна заўважыць сякія-такія трывожныя сімптомы, якіх не было год таму. Многія з іх наўпрост тычацца валютнага рынку.

Напрыклад, калі ў 2016-2017 гадах на фоне падзення рэальных даходаў насельніцтва актыўна «праядала» свой валютны ашчадак, то апошнія месяцы сумы чыстага продажу валюты фізічнымі асобамі зменшыліся. Асабліва выразна тэндэнцыя стала прасочвацца з восені 2017 года, а ўжо ў снежні ўпершыню за два гады беларусы сталі чыстымі пакупнікамі замежнай валюты. У студзені 2018 года продажы валюты фармальна аднавіліся, але фактычна грамадзяне «спрацавалі» ў нуль: 37 млн даляраў за месяц - гэта дробязь, бо раней насельніцтва стабільна прадавала 100-200 млн даляраў.

Да змены валютных паводзін беларусаў прывёў шэраг чыннікаў. Найперш рост заробкаў. Паводле афіцыйных звестак, за 2017 год рэальны заробак павялічыўся на 6,2%. Наўрад ці такая істотная прыбаўка была напраўду заробленая, бо прадукцыйнасць працы павысілася толькі на 3,6% па выніках студзеня - лістапада.

Выходзіць, што ў пагоні за «безумоўным выкананнем даручэння правадыра дзяржавы» мы зноў наступаем на старыя граблі. Неабгрунтаваны рост заробкаў у Беларусі заўсёды прыводзіў да ціску на кошты і курсы валют. Калі ў насельніцтва з'яўляецца лішняя капейка, яно тут жа купляе на яе валюту. Наіўна думаць, што грамадзяне пазбаўляліся ад валютных ашчадкаў, бо разлюбілі даляры.

Акрамя таго, на паводзіны беларусаў магло паўплываць падзенне адсоткавых ставак. З аднаго боку, яно зніжае прывабнасць рублёвых дэпазітаў, з другога - падвышае даступнасць крэдытаў. Калі раней збяднеламу беларусу, які жыве ў нястачы ў буйной куплі, даводзілася выбіраць паміж крэдытам пад 30% гадавых і продажам даляраў, то цяпер сітуацыя іншая. Крышачку разбагацелы грамадзянін можа ўзяць крэдыт ужо пад 10-15%, а гэта ў корані мяняе справу.

Ды і ашчадак не бяздонны. Хтосьці, магчыма, і рады б прадаць валюту і купіць што-небудзь карыснае, толькі вось скарбонка апусцела.

Адным словам, усё ідзе да таго, што у 2018 годзе беларусы не стануць надаваць такую значную падтрымку валютнаму рынку. Добра, калі за 2018 год атрымаем выйсці ў плюс, але ён відавочна будзе менш, чым у 2017-м і 2016-м, калі насельніцтва прадало на чыстай аснове адпаведна 1,8 і 1,9 млрд даляраў.

Без такой падтрымкі валютнага рынку будзе вельмі дрэнна. У папярэднія гады за кошт валюты насельніцтва цалкам кампенсаваліся чыстыя куплі прадпрыемстваў і немалая заставалася дзяржаве для папаўнення золатавалютных рэзерваў і выплаты запазычанасцяў. Гэта таксама вельмі важны аспект: ва ўмовах невялікай сумы ЗВР і вялікай дзяржаўнай запазычанасці дзяржава вымушаная скупляць замежную валюту на ўнутраным рынку.

Гэты год не стане выключэннем: аплаты валютнай дзяржаўнай запазычанасці складуць 3,7-3,8 млрд даляраў. Пры гэтым пакуль дакладна вызначаныя крыніцы атрымання толькі 2,7 млрд даляраў (1 млрд - ЗВР, за 1,2 млрд - новыя пазыкі, 500 млн - нафтамыты). Лёс яшчэ 1 млрд даляраў застаецца невядомы. Вялікая імавернасць таго, што большую частка гэтай сумы будуць выкупляць на ўнутраным рынку за бюджэтныя сродкі. У мінулым годзе зрабіць гэта ўдалося, у гэтым такі сцэнар малаімаверны.

Пералічаныя чыннікі могуць прывесці да таго, што паслабленне рубля у 2018 годзе паскорыцца. Мабыць, калі ў выніку года рубель аслабее не больш чым на 10% да валютнага кошыку, гэта будзе добры вынік.

Вонкавыя рызыкі для рубля таксама захоўваюцца: мы ўсё гэтак жа залежым ад расейскага рынку і нафты, а ад вонкавых форс-мажораў ніякай страхоўкі няма. Зрэшты, цяпер унутраныя рызыкі для нацыянальнай валюты выклікаюць большыя асцярогі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках