4 траўня 2024, Субота, 19:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіла Жамчужнага трэцім разам за год пакаралі карцэрам

1
Міхаіла Жамчужнага трэцім разам за год пакаралі карцэрам
МІХАІЛ ЖАМЧУЖНЫ
ФОТА: RFE/RL

Адвакат наведаў палітвязня.

Зняволенага папраўчай калоніі №9 Міхаіла Жамчужнага зноў пакаралі 10 днямі карцэру. Пра гэта паведаміў «Радыё Свабода» праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які атрымаў звесткі пра палітвязня пасля візіту ягонага адваката ў калонію ў Горках.

«Міхаіл толькі 9 лютага адбыў ранейшае пакаранне карцэрам, знаходзіўся ў ПКТ, як зноў атрымаў 10 дзён карцэру. Трэцім разам з пачатку года, а за час зняволення ўжо 20-е пакаранне. Кажуць, за тое, што нібыта не прыбраў у камеры», - сказаў праваабаронца пра свайго калегу Міхаіла Жамчужнага.

Андрэй Бандарэнка мяркуе, што напраўду Міхаіла Жамчужнага караюць за скаргі на былыя пакаранні і за тое, што ён па-ранейшаму адмаўляецца перайсці ў атрад, дзе трымаюць зняволеных «з нізкім статусам».

«Выяўляецца, той выпадак, калі невядомы вязень пагражаў яму ў калідоры медчасткі, быў па ліку другім. Жамчужны згадаў пра гэта ў лісце, але падрабязнасцяў не паведаміў. Але мне зразумела, што ціск прадаўжаецца, а ён не саступае, змагаецца за свой гонар», - кажа Андрэй Бандарэнка.

Са слоў Міхаіла Жамчужнага, у канцы студзеня невядомы вязень напаў на яго ў калідоры санчасткі калоніі №9 і пагражаў фізічнай расправай, калі зноў сустрэне на тэрыторыі калоніі. Пра гэты выпадак стала вядома з ліста палітвязня на свабоду. У адміністрацыі калоніі ў Горках гэтыя звесткі не каментуюць. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка кажа, што на звароты ў адміністрацыю, каб у дачыненні да Міхаіла Жамчужнага ўжылі захады бяспекі, адказаў ён не атрымліваў.

У 2017 годзе Міхаіл Жамчужны паведамляў, што адміністрацыя калоніі загадала яму перайсці ў атрад, дзе ўтрымліваюць зняволеных «з нізкім статусам», але ён адмовіўся, за што яго перыядычна каралі карцэрам або змяшчэннем у ПКТ (памяшканне камернага тыпу).

«Пасля выхаду з карцэру Жамчужны зноў трапляе ў ПКТ, адкуль зноў адмаўляецца перайсці ў атрад, за што зноў трапляе ў карцэр. Гэта карусель, толькі з невялікімі варыяцыямі», - кажа Андрэй Бандарэнка. Кожнае спагнанне Міхаіл Жамчужны абскардзіў, але ні разу гэта не дало станоўчага выніку.

Пры гэтым, паводле слоў адваката, які на мінулым тыдні сустракаўся з Міхаілам Жамчужным, «той выглядае бадзёрым, на ўмовы не скардзіцца». Калі Міхась Жамчужны з карцэра выходзіць у ПКТ, ён атрымлівае пошту.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках