18 траўня 2024, Субота, 12:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы пашумелі ў Пхенчхане

14
Як беларусы пашумелі ў Пхенчхане

Вынікі выступлення беларускай нацыянальнай каманды ў Пхенчхане.

Ад Гульняў у Пхенчхане можна было чакаць усяго чаго заўгодна, уключаючы поўнае безмедалле нашых спартоўцаў. Пасля таго як у Сочы-2014 беларусы сабралі «вышэй за дах» – 5 залатых медалёў і 1 бронзавы – на наступнай зімовай Алімпіядзе магла здарыцца іншая крайнасць, піша «Салiдарнасць».

Падобнае ўжо адбывалася з хакейнай зборнай. Пасля легендарнай перамогі над шведамі ў Солт-Лэйк-Сіці і выхаду ў паўфінал алімпійскага турніру на наступныя Гульні наша каманда ўвогуле не здолела прабіцца.

Як, зрэшты, і ў Пхенчхан. Беларускія хакеісты на сваім лёдзе саступілі сціплым славенцам. Каласальныя ўкладанні ў гэты від спорту, які спадабаўся кіраўніку дзяржавы, апынуліся цалкам неэфектыўнымі.

Люты ж прынёс нам цэлую гаму пачуццяў.

Расчараванне. Асацыяцыі з «маятнікавым» сцэнаром спачатку навявалі і выступленні Дар'і Домрачавай. Трохразовая чэмпіёнка Алімпіяды-2014 на гэтых Гульнях доўгі час знаходзілася ў цені: 9-е месца ў спрынце, 37-е – у пасьюце, 27-е – у індывідуальнай гонцы...

Захапленне. Фрыстайлістка Ганна Гуськова ўзяла золата.

Злосць. Суддзі прынізілі адзнакі чэмпіёну папярэдняй Алімпіяды Антону Кушніру, і ён праляцеў міма фіналу спаборніцтваў фрыстайлістаў.

Радасць. Домрачава адрадзілася, як птушка Фенікс з попелу, і заваявала срэбра ў мас-старце.

Золата і срэбра – гэта ўжо вынік вышэйшы за сярэдні для Беларусі на зімовых Алімпіядах. Але галоўная радасць здарылася тады, калі на гэта мала хто спадзяваўся.

Весялосць. Нечаканая шчасце – асаблівае задавальненне. Перамога жаночай зборнай у біятлоне ў эстафеце стала сенсацыяй з трыма знакамі плюс.

Такім чынам, у Пхенчхане беларусы выступілі лепш, чым на любых папярэдніх зімовых Гульнях, выключаючы сочынскую, надзвычай прыемную, але ўсё ж анамалію. Паспяховым выступленне нашых спартоўцаў назвалі 77% удзельнікаў апытання на «трыбуну».

Табліца медальнага заліку ўражвае. У Беларусі два золаты – столькі сама, колькі ў расейцаў (але яны адно атрымалі за перамогу ў «бязладдзі», у якое ператварыўся хакейны турнір пасля таго, як самая моцная ліга свету не адпусціла туды сваіх гульцоў), і больш, чым у Кітая, Вялікай Брытаніі, Польшчы...

І тут варта аддаць належнае: істотны ўнёсак у гэты поспех зрабілі ўлады краіны, аддаючы спорту сур'ёзную (часам нават залішнюю) увагу.

Але, мабыць, самы важны вынік Пхенчхана 2018 для нас – гэта тое, што ўпершыню чэмпіёнкай зімовай Алімпіяды стала жанчына, якая нарадзілася і якая адбылася як спартоўка ўжо ў незалежнай Беларусі. Гаворка, зразумела, пра Ганну Гуськову. Такім самым «чыста суверэнным прадуктам» з'яўляецца ўладальнік золата Рыа-2016 Уладзіслаў Ганчароў.

Гэта азначае, што эра савецкай спадчыны ў беларускім спорце сышла ў мінулае. Што чакае нас у будучыні, можна толькі здагадвацца. Але ў цяперашнім ёсць усе падставы, каб 25 лютага адкаркаваць шампанскае ў гонар спартоўцаў made in the Republic of Belarus.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках