25 чэрвеня 2018, панядзелак, 18:21
Рубрыкі

Брусэльскі форум. Выклікі і надзеі

2
АНДРЭЙ САННІКАЎ НА БРУСЭЛЬСКІМ ФОРУМЕ

Трэба сканцэнтравацца на базавых каштоўнасцях.

На Брусэльскім форуме, які скончыўся 10 сакавіка, праблем для абмеркавання было звышдастаткова: стан трансатлантычных дачыненняў, давер да сродкаў масавай інфармацыі, гандаль, роўнасць у сферы эканомікі, тэхналагічная рэвалюцыя, уцекачы, прыярытэты трансатлантычнай бяспекі. Колькасць крызісных сітуацый у свеце за год пасля папярэдняга Брусэльскага форуму толькі павялічылася. Войны ў Сірыі і ва Украіне прыносяць усё новыя ахвяры. Напярэдадні Форуму стала вядома пра атручванне ў Салсбэры былога афіцэра ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля, што нагадвае ўсім забойства Аляксандра Літвіненкі, у якім падазраюцца расейскія спецслужбы.

Ужо падчас Форуму прыйшло паведамленне аб тым, што прэзідэнт Трамп прыняў пастанову аб увядзенні мыт на сталь і алюміній з Еўропы. Пастанова, якая ніяк не спрыяе ўмацаванню трансатлантычных стасункаў. Федэрыка Магэрыні, выступаючы на Форуме за некалькі гадзін да гэтай пастановы, усё ж спадзявалася, што яна не адбудзецца, але папярэдзіла, што Еўропа будзе гатовая прыняць захады ў адказ. Памочнік дзяржсакратара ЗША ў пытаннях эканомікі і прадпрымальніцтва Маніша Сінгх заявіў, што нават пасля гэтага абвяшчэння найлепшае, што можна зрабіць, гэта не рэагаваць празмерна і весці перамовы.

Яшчэ адным сюрпрызам падчас Форуму стала вестка пра згоду прэзідэнта Трампа сустрэцца з паўночнакарэйскім дыктатарам Кім Чэн Ынам. Дагэтуль ніводзін з дзейных прэзідэнтаў ЗША ні з кім з паўночнакарэйскіх дыктатараў перамоў не вёў. Апошняя сустрэча амерыканскага чыноўніка высокага рангу з кіраўніцтвам Паўночнай Карэі адбылася ў 2000 годзе, калі дзяржсакратарка ЗША Мадлен Олбрайт сустрэлася з Кім Чэн Ірам. Олбрайт прысутнічала на Форуме, пазітыўна ацаніла пастанову аб сустрэчы, але выказала сур'ёзныя асцярогі наконт узроўню і якасці яе падрыхтоўкі.

У 2000 годзе Кім Чэн Ір паабяцаў Олбрайт згарнуць ракетную праграму Паўночнай Карэі. Чаго каштуюць абяцанні дыктатараў наглядна паказвае сённяшні ракетна-ядзерны патэнцыял Паўночнай Карэі.

Новы крызіс у стасунках з Іранам, вайна ў Емене, рост папулізму і ўплыву радыкальных партый у Еўропе, еўраскептыцызм і ксенафобія – усё гэта дадае трывогі за будучыню міжнародных стасункаў.

За гэтымі сур'ёзнымі выклікамі міжнароднаму міру ўвага да нашага рэгіёна, натуральна, не значыцца ў прыярытэтах сусветнага парадку дня. Звыклай небяспечнай праблемай застаецца толькі Расея. Усходняе партнёрства на Форуме амаль не згадвалася.

Цікава, што ніхто не абмяркоўваў і будучыя выбары ў Расеі, як абмяркоўваюць выбары ў нармальных краінах. Абмяркоўвалі, з якім Пуціным давядзецца Захаду мець справу.

Дыскусіі пра вострыя пытанні на Форуме маглі пакінуць уражанне, што свет апускаецца ў яшчэ большы хаос і крызісы.

Аднак была адная думка, якая настойліва гучала на Форуме, і якая цепліць надзею, што цяперашні цяжкі крызіс будзе пераадолены. Думка пра тое, што надышоў час актыўных дзеянняў для абароны дэмакратыі, надышоў час разважанняў, і надышоў час дзеянняў для абароны каштоўнасцяў дэмакратычнага свету. Занадта прыкметна дэмакратыя адступіла пад грузам унутраных праблем і надыходам вонкавай агрэсіі і аўтарытарызму.

Як сказала, адкрываючы Форум, прэзідэнтка Фонду Маршала Карэн Донфрыд: «Патрэбныя дзеянні. У часы нявызначанасці, узаемных падазрэнняў, узрослых размежаванняў самазаспакаенне можа быць смяротна небяспечным».

Сапраўды, калі паглядзець больш уважліва на кожны сур'ёзны сусветны крызіс, на кожнага самаздаволенага дыктатара, то выявіцца, што многія з іх з’явіліся праз нерашучасць і нават маладушнасць Захаду.

Вельмі дакладна на Форуме гэтую думку сфармуляваў спецыяльны прадстаўнік ЗША на перамовах аб Украіне амбасадар Курт Волкер: «Першае, што нам трэба зрабіць – гэта выправіць саміх сябе. Нам трэба сканцэнтравацца на базавых каштоўнасцях, якія аб'ядноўваюць нас: дэмакратыя, рынкавая эканоміка, вяршэнства закона, правы чалавека, бяспека, магчымасц».

Вядома ж, усе гэтыя прынцыпы добра вядомыя і ўвесь час агучваюцца, аднак у сённяшняй палітычнай рэальнасці яны імкліва дэвальвуецца.

Хацелася б верыць, што на Брусэльскім форуме яны прагучалі не як дзяжурныя фразы, а як план дзеянняў Захаду. Усе інструменты для гэтага – вайсковыя, палітычныя, эканамічныя, тэхналагічныя – ёсць.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», удзельнік Брусэльскага форуму-2018, спецыяльна для Charter97.org

*Штогадовы Брусэльскі форум, арганізаваны Нямецкім фондам Маршала (ЗША), прайшоў у сталіцы Бэльгіі 8-10 сакавіка. Форум традыцыйна абмяркоўвае праблемы трансатлантычных стасункаў. У гэтым годзе ён праходзіў пад дэвізам «Перагледзець, перазагрузіць, перабудаваць: стратэгіі для часу недаверу». У Форуме ўзялі ўдзел прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, прэзідэнт Грузіі Гіоргій Маргвелашвілі, Высокая прадстаўніца Еўрапейскага Звязу ў пытаннях агульнай замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Фрэдэрыка Магерыні, дэлегацыя кангрэсмэнаў ЗША на чале з сэнатарам-дэмакратам Крысам Мэрфі, еўрапейскі камісарка ў пытаннях гандлю Сэсілія Мальмстрэм, намесніца генеральнага сакратара NАТА Роўз Гетэмюлер, віцэ-прэм'ер-міністр Украіны Івана Клімпуш-Цынцадзэ, былая дзяржсакратарка ЗША Мадлен Олбрайт.

АНДРЭЙ САННІКАЎ НА БРУСЭЛЬСКІМ ФОРУМЕ