9 траўня 2024, Чацвер, 4:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вясковы Армагедон

30
Вясковы Армагедон

У Гомельскай вобласці масавы паморак кароў і цялятаў.

На малочна-таварнай ферме саўгаса-камбіната «Сож» Гомельскай вобласці - масавы паморак жывёлы, які работнікі і адміністрацыя не ў стане растлумачыць. А тым часам працаўнікам частку заробкаў выдаюць...забракаваным малаком, у якім перавышаныя нормы ўтрымання антыбіётыкаў.

Зусім нядаўна «Белсат», паведамляў пра атручэнне свіней у гэтай жа гаспадарцы. Новае здарэнне - масавы паморак кароў і цялятаў на ферме вёскі Рудня-Марымонава. Жывёліны, са слоў мясцовых жыхароў, гінуць адна за адной. Гінуць масава, і гэтая праблема не новая. Журналісты атрымалі ад мясцовых жыхароў змрочныя фатаграфіі з трупамі жывёлін, зробленыя яшчэ летась.

Асцярожна, шакавальнае фота!

ФОТА З ФЕРМЫ, 2017 Г.

Не спынілася эпідэмія і сёлета.

Журналісты на месцы налічылі як мінімум чатыры трупы дарослых кароў і двух цялят. Таксама можна знайсці блізу двух-трох дзясяткаў старых парэшткаў жывёлін.

ЗАГІНУЛАЯ ЖЫВЁЛІНА, ТРУП У АДНЫМ З БУДЫНКАЎ

Знайсці на ферме кагосьці з адміністрацыі не ўдалося. Адна з працаўніц паведаміла, што загадчыца фермы захварэла, «а іншага кіраўніцтва таксама няма».

У АДНЫМ З БУДЫНКАЎ МОЖНА ЗНАЙСЦІ НЕ ТОЛЬКІ ЗАГІНУЛЫХ ЖЫВЁЛІН, АЛЕ І СТАРЫЯ ШКУРЫ

Адказаць на пытанне, што адбываецца на ферме, і чаму гінуць жывёлы, жанчына адказаць не змагла.

Журналістам удалося знайсці яшчэ аднаго работніка фермы, які выявіўся больш гаваркім. Мужчына не змог растлумачыць праблему гібелі жывёлы, але паскардзіўся на іншую праблему.

«З пачатку года мясцовы малаказавод не прыняў на перапрацоўку 16 тон малака. Апошнія 8 тон кіраўніцтва гаспадаркі «папрасіла» працаўнікоў фермы набыць на ўласныя патрэбы - па 200 літраў на чалавека, у кошт заробку», - кажа мужчына. Паслухаліся амаль усе, бо людзі баяцца страціць працу праз непадпарадкаванне «пажаданням».

АЛЕНА ПРУДНІКАВА, МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА. ЯЕ СВАЯКА ПРЫМУСІЛІ НАБЫЦЬ МАЛАКО

Мясцовыя жыхары расказваюць, што непрыдатнае малако вярнулі ў гаспадарку, а кіраўніцтва фермы наважыла падзяліць усе 8 тон на ўсіх супрацоўнікаў.

Людміла Іпанісава, працаўніца палявой брыгады, распавяла, што ёй таксама прапаноўвалі ўзяць у кошт заробку 200 літраў малака коштам 65 капеек за літр. Яна пагадзілася толькі на 10 літраў. Са слоў жанчыны, малаказавод адмовіўся прымаць малако, бо ў ім было перавышанае ўтрыманне антыбіётыкаў. «Сама малако не ўжывала, скармілі жывёлам - катам, сабачку», - дадала жанчына.

Цягам працоўнага дня журналістам не ўдалося атрымаць афіцыйны каментар: шараговыя працаўнікі адмаўляюцца ад размоў, у той час, як тэлефоны кіраўніцтва не адказваюць.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках