23 лютага 2019, Субота, 10:55
Заклік Рады БНР
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Ёсць сапраўдныя лідары

10
ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА

Лідары БНК вартыя бацькоў беларускай Незалежнасці.

Пра гэта Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандaрэнка, каментуючы затрыманне лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу напярэдадні 100-годдзя абвяшчэння БНР:

- Лукашэнка ахоплены панікай і страхам яшчэ пачынаючы з 2010 года. Лозунгі «Сыходзь!», напалохалі яго падчас падзей «Плошчы-2010», паўтарыліся падчас «дармаедскіх» пратэстаў у мінулым годзе. Толькі гэтым разам з вуснаў ягоных былых прыхільнікаў-пенсіянераў.

Было ясна, што ён моцна перапалохаўся ў мінулым годзе, і гэты страх не пакідае яго цяпер. Менавіта гэтым выклікана затрыманне лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу напярэдадні святкавання 100-годдзя БНР.

- Як вы думаеце, чаму былі затрыманыя менавіта лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу?

- Я ўжо казаў, што калі-небудзь 100-я ўгодкі БНР будуць разглядацца гісторыкамі гэтак жа, як абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Шмат каму падзеям і людзям будзе дадзеная ацэнка. Ацэнка іх паводзін у сённяшняй сітуацыі, у сённяшнія дні.

Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу сталі арганізатарамі масавых акцый пратэсту ў мінулым годзе, Маршаў абураных беларусаў і леташняга Дня Волі, які так моцна напалохаў улады.

Момант праўды ўжо надышоў. Мы бачым, што ў Беларусі ёсць баязлівыя згоднікі і беларускія героі, ёсць амаральныя тыпы, якія спрабуюць «дастасавацца» да Дня Волі. І адначасова ёсць лідары, якія давялі сваю вернасць і адданасць ідэалам свабоды і Незалежнасці, прайшоўшы праз збіццё, катаванні і турэмныя тэрміны. Гэта такія людзі, як Мікалай Статкевіч, Максім Вінярскі, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Cіўчык ды іншыя.

Можна ўжо сёння казаць, што ёсць, прабачце за выраз, «зісерная» канцэртная апазіцыя і ёсць сапраўдныя лідары. Мы цяпер назіраем і адчуваем біццё пульсу беларускай гісторыі.

- Якой павінна быць рэакцыя на затрыманні лідараў БНК?

- Найбольш смелыя людзі прыйдуць 25 сакавіка а 12:00 на Плошчу Якуба Колaса. А людзі, якія сёння крыху слабейшыя духам - на канцэрт. Як першапачаткова планавалася вялікім аргкамітэтам дэмакратычных сіл, 25 сакавіка ў Менску павінны адбыцца і ўрачыстае шэсце вуліцамі горада, і канцэрт. Тым больш, што галоўная заслуга таго, што канцэрт адбудзецца ў цэнтры сталіцы, належыць тым людзям, якіх улада баіцца больш за ўсё і наважыла пазбавіць свята ў вялікай грамадзе.

Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, хутчэй за ўсё, правядуць свята за кратамі.

Яшчэ ёсць час, каб праваабарончыя арганізацыі выступілі ў абарону затрыманых, сваё слова сказала міжнародная супольнасць. Магчыма, улады яшчэ адумаюцца, хоць надзеі на гэта вельмі мала.

Беларусы павінны паказаць, што яны маюць волю да свабоды і волю да супраціву, памятаюць пра тых герояў, якія 100 гадоў таму, у вельмі складаных гістарычных і геапалітычных умовах, не пабаяліся абвясціць незалежнасць нашай краіны. Мы ведаем, што за сваю смеласць, мужнасць і паслядоўнасць, айцы БНР заплацілі самую высокую плату.

Сёння лідары БНК паказваюць, што яны вартыя бацькоў-заснавальнікаў беларускай Незалежнасці.