5 траўня 2024, Нядзеля, 10:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчанка: Трэнер у Варшаве зарабляе блізу $900

5
Мянчанка: Трэнер у Варшаве зарабляе блізу $900

Беларуска пераехала ў Польшчу і працуе ў фітнэс-клубе ў цэнтры Варшавы.

Мянчанка Настасся Восіпчык працуе трэнерам ужо сем гадоў: пачынала ў Беларусі, а прадаўжае ў Польшчы. Сайт tut.by даведаўся, колькі спорту ў жыцці суседзяў і хто бегае па польскай бездаражы.

«Польскія трэнеры атрымліваюць больш»

Паводле адукацыі Наста - сямейны псіхолаг, але ім так і не працавала. Планы на жыццё памяняліся на першым курсе ўніверсітэта, калі дзяўчына зазірнула ў фітнэс-клуб. Там і засталася.

- Спачатку раілася з «вялікімі» мужчынамі, якія займаліся побач. Здавалася, чым яны большыя, тым больш ведаюць. Але гэта было не зусім дакладна. Каб разабрацца, купляла літаратуру пра трэнінгі і харчаванне, выпісвала практыкаванні, вучыла анатомію. надумала пайсці на трэнерскія курсы ў БДУФК. Уладкавацца на працу ў 20 гадоў было складана. Першым маім клубам стала сутарэнная трэнажорная зала ў будынку былога ЖЭСу ў Малінаўцы, дзе ты бегаеш на дарожцы і носам упіраешся ў люстэрка. Але там я навучылася працаваць з людзьмі.

У жніўні 2017 года Наста пераехала ў Польшчу, і цяпер трэніруе у фітнэс-клубе ў цэнтры Варшавы.

- Праводжу персанальныя заняткі, набіраю людзей на групавыя трэнінгі на вольным паветры. Раней мне быў цікавы толькі сілавы трэнінг. Зараз мікс стыляў у залежнасці ад патрэб кліентаў. Асабіста мне падабаецца працаваць з уласнай вагой, развіваць гнуткасць і цягавітасць. У праграму ў дадатак да класічнага сілавога трэнінгу ўключаю практыкаванні на расцяжку, баланс, кардыёнагрузкі. У Польшчы я пакуль напрацоўваю кліентуру, колькасць працоўных гадзін і даход - велічыня зменная. Стандартная трэніроўка доўжыцца паўтары гадзіны, на дзень выходзіць ад чатырох да васьмі гадзін.

Са слоў Насты, сярэдні трэнер у Варшаве зарабляе блізу 3 тысяч злотых (гэта блізу 1,7 тысяч рублёў).

- Я прыехала ў Варшаву па новы досвед, магчымасці. Мой галоўны матыватар - пяцігадовы сын. Яму тут падабаецца. Ён ходзіць у інтэрнацыянальны дзіцячы садок, вучыць замежныя мовы, у яго шмат сяброў.

«Runmageddon падобны да зомбі-апакаліпсіса»

Сталіца Польшчы - горад актыўны. Спорту тут больш, чым у Менску, і ў трэнера больш магчымасцяў зарабіць. 24-гадзінныя фітнэс-цэнтры, адкрытыя спартыўныя мерапрыемствы, у кожным клубе - свае «разынкі» для кліентаў. На вуліцах у кожную паравіну года шмат бегуноў, веласіпедыстаў ды іншых.

Насця ўжо 10 гадоў не есць мяса. Кажа, у Варшаве вегетарыянцу прасцей. На рынках танная зеляніна, гародніна, садавіна (напрыклад, авакада). Але агулам жыццё дарагое, як у кожным вялікім горадзе.

Адразу пасля пераезду спадарыня паспрабавала сябе на трасе Reebok Spartan Race - сусветна вядомай гонкі з перашкодамі.

- Я люблю бегаць, і калі далучылася да «спартанцаў», выканала сваё даўняе жаданне. Здзівіла, што ў гонцы, акрамя моладзі, удзельнічаюць людзі значна старэйшыя за 40. Гэта сапраўдная сіла! Дарэчы, ёсць Spartan Race і для дзяцей.

Потым быў Runmageddon - гэтую трасу прыдумалі і арганізавалі палякі. Яна шматузроўневая, забег падобны да зомбі-апакаліпсісу: перашкоды тыпу шчытоў, па якіх трэба ўзбірацца, амаль увесь час ты прабіраешся праз балоты, вадаёмы і лес. Вельмі цяжка, ты ўвесь у гразі і сіняках. Але на фінішы адчуваеш сябе фантастычна.

«Мне падабаецца надзяляць сэнсам бег»

Бегае Наста і ў родным Менску: арганізуе дабрачынныя «Добрыя забегі» для Беларускага дзіцячага хоспіса і ў падтрымку часопісу «Імёны».

- На першы старт адгукнуліся нямногія, але гэтыя людзі прыехалі падтрымаць дзяцей з іншых гарадоў. Беглі 5 км уздоўж набярэжнай Свіслачы. На дабрачыннасць дамовіліся аддаць па 15 рублёў.

Наста кажа: каб арганізаваць такі «добры забег», для пачатку трэба проста гэтага захацець. Абраць арганізацыю, якую хочаш падтрымаць - і паведаміць іх пра гэта.

- Зрабіць допіс, стварыць мерапрыемства ў сацсетках... Не лішнім будзе памяшканне, але гэта не абавязкова. Не перашкодзяць смачная гарбата і пачастункі. Напрыклад, на першы забег мы прыносілі свежую садавіну і печыва.

Наступны дабрачынны забег Наста плануе ў пачатку траўня. Ёсць ідэя зрабіць і выязны лагер.

- Любое асэнсаванае дзеянне можа стаць матывацыяй. Мне падабаецца надзяляць сэнсам бег. Калісьці мяне натхніў блогер і бягун Аляксей Ліхароў: сваімі ультрамарафонамі ён прыцягвае ўвагу да праблемы кінутых сабак, запусціў у сацсеках флэшмоб #бягузасабак, у якім я брала ўдзел. Калі ты рухаешся і прывабліваеш гэтым людзей, чаму не сумясціць гэта з магчымасцю дапамагчы?

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках