11 траўня 2024, Субота, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыякан Анатоль Шырвель: Дзень Волі - прычына дзякаваць Богу

1
Дыякан Анатоль Шырвель: Дзень Волі - прычына дзякаваць Богу
АНАТОЛЬ ШЫРВЕЛЬ
ФОТА: FACEBOOK.COM

Беларускае слова «воля» адначасова азначае і свабоду, і непасрэдна волю.

Ужо заўтра, 25 сакавіка, Беларусь будзе адзначаць 100-годдзе з дня абвяшчэння незалежнасці ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі - першай спробы аднаўлення беларускай дзяржаўнасці за доўгі час. Сваімі думкамі пра тое, чаму важна дзякаваць Богу за гэты дзень, распавядае дыякан менскай царквы хрысціян веры евангельскай «Добрая вестка» Анатоль Шырвель.

- Дзень Волі святкуецца ў памяць пра першую ў найноўшай гісторыі спробу абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці. Гэтая дата не знаходзіць адлюстравання ў календары царкоўных святаў Беларусі. Але ў гэты дзень прыстойна падзякаваць Богу за нашу зямлю, народ і дзяржаўнасць. І вось чаму.

Бог сам вызначае, якому народу і дзе жыць. І мы можам быць проста ўдзячныя Яму, што Ён даў нам менавіта гэтую зямлю і гэтых людзей у суграмадзяне. Можа быць, ёсць землі і людзі і лепшыя, але менавіта гэтыя - нашы, і нам ёсць за што сказаць Богу дзякуй.

Учыніўшы нас па свайму вобразу і падабенству, Бог заклаў у нас патрэба да свабоды і самастойнасці, жаданне быць гаспадаром у сваім доме. Таму, і ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, заўсёды былі людзі, якія мелі жаданне самавызначыцца, стварыць органы самакіравання і ўласную дзяржаву. Я веру, што менавіта гэтым імкненнем былі натхнёныя і стваральнікі БНР. Таму я ўдзячны Богу за гэтую, першую ў найноўшай гісторыі спробу стварыць беларускую нацыянальную дзяржаву.

Я памятаю старажытныя Полацкае і Тураўскае княствы, я памятаю Вялікае Княства Літоўскае, іх дасягненнямі ганаруся, іх паразам засмучаюся. Але перадумовы да існавання сучаснай Беларусі, як дзяржавы, былі закладзены 25 сакавіка 1918 году.

І ў часы БНР, і ў наш час, наш шанец на існаванне як нацыі са сваёй дзяржавай звязаны з уменнем не варагаваць, а супрацоўнічаць. І гэтая надзея жывая, і яна можа ўвасобіцца ў рэальнасць, калі мы, тыя, што жывуць у Беларусі, навучымся бачыць добрае адзін у адным, і шукаць магчымасці будаваць супрацоўніцтва, грунтуючыся на гэтай дабрыні.

Таму 25 сакавіка я буду дзякаваць Богу за магчымасць «людзьмі звацца», буду маліць Яго пра тое, каб усе людзі, якія жывуць у Беларусі, усвядомілі каштоўнасць і важнасць сумеснага працы для агульнага дабра.

Ёсць яшчэ адна цікавая дэталь. На беларускай мове дзень 25 сакавіка заўжды называлі Днём Волі. Беларускае слова «воля» адначасова азначае і свабоду, і непасрэдна волю, як здольнасць фармуляваць і дасягаць мэты. Мне здаецца, гэта вельмі сімвалічна. Беларусы - даволі мэтанакіраваныя людзі. Мы любім валявых людзей. Засталося толькі палюбіць свабоду, усвядоміць яе каштоўнасць.

Зыходзячы з веравучэння канфесіі, да якой я належу, мы не адзначаем на ўзроўні царквы палітычны важныя даты і святы. Але мы кожны раз молімся за краіну, за народ і за справядлівы палітычны лад. Мы таксама перакананыя, што хрысціянін не можа быць абыякавы да сацыяльных і палітычных выклікаў краіны, у якой жыве.

Кожны хрысціянін мае права на сваю грамадзянскую пазіцыю і права яе выказваць і браць удзел у любых мерапрыемствах, якія носяць законны характар.

Таму, як хрысціянін і грамадзянін, я віншую ўсіх беларусаў са святам нацыянальнага самавызначэння, з Днём надзеі на беларускую нацыянальную дзяржаўнасць у поўным сэнсе гэтага паняцця, з Днём Волі!

Жыве Беларусь! Жыве з Богам!

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках