5 траўня 2024, Нядзеля, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Большасць падпісантаў Дэкларацыі незалежнасці Ізраіля - людзі з Беларусі

5
Большасць падпісантаў Дэкларацыі незалежнасці Ізраіля - людзі з Беларусі

Родам з Беларусі таксама і тры прэзідэнты Ізраіля.

Сёння ў Ізраілі адзначаюць 70-годдзе незалежнасці. Дэкларацыю незалежнасці Ізраілю падпісалі 37 чалавек: 9 з іх нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Украіны, 7 — Польшчы, 3 — Малдовы, па 2 — Нямеччыны і Літвы і па 1 — Вугоршчыны, Даніі, Емэну і Палестыны (у складзе Асманскай імперыі). А найбольш падпісантаў — 10 — паходзяць з Беларусі, пiша «Радыё Свабода».

Вось яны:

Эліягу Бэрлін (1866, Магілёў — 1959, Тэль Авіў). Грамадскі і палітычны дзеяч, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэту. Удзельнік Першага сіянісцкага кангрэсу. Пераехаў у Палестыну ў 1907 годзе.

Эліягу Добкін (1898, Бабруйск — 1976, Тэль Авіў). Адзін з лідараў руху рабочых сіяністаў. Вучыўся ў Харкаве, пасля Першай сусветнай вайны перабраўся ў Беласток. У 1932 годзе эміграваў у падмандатную Палестыну. Падчас Другой сусветнай вайны арганізоўваў нелегальную іміграцыю еўрапейскіх габрэяў у Палестыну. Заснавальнік Музею Ізраіля.

Зэеў Голд (1889, Шчучын, — 1956, Ерусалім). Рабін у восьмым пакаленні. У 1907 эміграваў у ЗША, дзе быў адным з піянераў артадаксальнага юдаізму. У 1935 годзе эміграваў у Палестыну.

Эліэзер Каплан (1891, Менск — 1952, Тэль Авіў). Палітык, сіянісцкі актывіст. Скончыў Маскоўскі палітэхнічны інстытут. Удзельнік дэлегацыі УНР на Парыскай мірнай канферэнцыі. У 1920 годзе іміграваў у Палестыну. Пасля абвяшчэння незалежнасці займаў пасты міністра фінансаў, міністра гандлю і прамысловасці, у 1952 быў віцэ-прэм’ерам Ізраілю.

Аўрам Кацнэльсон (1888, Бабруйск — 1956). Вучыўся ў Маскоўскім і Пецярбурскім універсітэтах, доктар медыцыны. Падчас Першай сусветнай вайны — лекар у расейскім войску. З 1924 году ў Палестыне. Пасля абвяшчэння незалежнасці — на дыпламатычнай працы ў ААН, Швецыі.

Мошэ Коль (1911, Пінск — 1989). Палітык, сіянісцкі актывіст. Іміграваў у Палестыну ў 1932 годзе. У 1960-70-х гадах займаў пасады міністра турызму і міністра развіцця. Аўтар некалькіх кніг пра ізраільскую знешнюю і ўнутраную палітыку.

Мошэ Давід Рэмэз (1889, Копысь — 1951, Ерусалім). Палітычны і дзяржаўны дзеяч. Пераехаў у асманскую Палестыну ў 1913 годзе. За часы брытанскага мандату адзін з заснавальнікаў левай партыі Мапай, лідар прафсаюзнага руху. Пасля абвяшчэння незалежнасці займаў пасады міністра транспарту, пасля міністра адукацыі. Пісаў артыкулы і вершы, увёў у сучасны іўрыт нямала новых словаў і выразаў.

Хаім Мошэ Шапіра (1902, Горадня — 1970). Палітычны і дзяржаўны дзеяч, палітычны лідар рэлігійнага сіянізму. Пасля Першай сусветнай вайны жыў у Коўне, Вільні, Варшаве, Бэрліне. У 1925 годзе іміграваў у Палестыну. У 1938 годзе быў накіраваны з місіяй ратавання габрэяў Аўстрыі пасля Аншлюсу. Пасля абвяшчэння незалежнасці займаў пасады міністра аховы здароўя, міністра ўнутраных спраў, міністра ў справах рэлігіі.

Зэрах Варгафтыг (1906, Ваўкавыск — 2002). Юрыст, палітык і рабін. Скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэту. З пачаткам Другой сусветнай вайны ўцёк з Польшчы ў Літву. Падчас вайны разам з японскім віцэ-консулам у Літве Сугіхарам арганізаваў выдачу габрэйскім уцекачам візаў для праезду праз СССР і Японію на востраў Кюрасао, усяго было выдадзена 1600 візаў і ўратавана шмат жыццяў. Іміграваў у падмандатную Палестыну ў 1947 годзе. Адзін з заснавальнікаў Універсітэту Бар-Ілана.

Арон Цызьлінг (1901, Нарачэвічы, Менская губерня — 1964, Эйн-Харод). Грамадскі і палітычны дзеяч. У 1914 годзе пераехаў з сям’ёй у Палестыну. У 1930-х гадах актывіст маладзёвага руху, які займаўся ратаваннем габрэйскай моладзі ад нацыстаў. Пасля абвяшчэння незалежнасці быў першым міністрам сельскай гаспадаркі Ізраілю.

З Беларусі паходзіць і шмат іншых ізраільскіх дзяржаўных, палітычных і грамадскіх дзеячоў, у тым ліку тры прэзідэнты — Хаім Вэйцман (першы, 1949-1952), Залман Шазар (трэці, 1963-1973) і Шымон Пэрэс (дзявяты, 2007-2014).

Давид Бен-Гурион провозглашает независимость Израиля в здании Тель-Авивского художественного музея 14 мая 1948 года, Израиль
Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках