5 траўня 2024, Нядзеля, 2:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Баранавічаў: У краме аўтаматычна шукаю слова «зніжка»

5
Жыхар Баранавічаў: У краме аўтаматычна шукаю слова «зніжка»

Ахоўнік баранавіцкай крамы распавёў пра свае даходы і выдаткі.

Ахоўнік адной з баранавіцкіх крам распавёў intex-press.by, які ў яго заробак, як ён эканоміць на спартзале, чаму рэдка ходзіць у кіно, і хто купляе яму адзенне:

- У дзяцінстве я марыў стаць міліцыянерам і пасля школы планаваў паступаць у Акадэмію МУС. Але калі я вучыўся ў 10 класе, бацька патрапіў у турму, і пра міліцыю давялося забыць.

Пасля войска я тры гады прапрацаваў аздобнікам у прадпрымальніка. А потым убачыў аб'яву, што ў краму патрабуецца ахоўнік, і вось ужо два гады працую на гэтым месцы.

Згодна з маімі працоўнымі абавязкамі я павінен ахоўваць маёмасць крамы, сачыць, каб пакупнікі нічога не скралі, і забяспечваць парадак.

Працую пазменна - дзень праз два, з 9.00 да 19.00. Заробак - 550 рублёў ($275). Гэта, як па мне, мала, але іншых альтэрнатыў пакуль няма.

Галоўнае - безлімітны інтэрнэт

Я не жанаты. Жыву адзін у аднапакаёвай здымнай кватэры, за якую штомесяц плачу 100 рублёў. Раней жыў з бацькамі, але цяпер сумленне не дазваляе. Ды і самастойнасці хочацца.

Яшчэ 80 рублёў у мінулым месяцы «з'елі» камунальныя аплаты. А зімой «камуналка даходзіла да 100 рублёў.

Я актыўна карыстаюся інтэрнэтам - як хатнім, так і мабільным. На працы без інтэрнэту можна звар'яцець ад суму. Таму нядаўна я перайшоў на безлімітны тарыф, за які штомесяц плачу амаль 16 рублёў.

Эканоміць навучыла дзяўчына

У мяне была дзяўчына, з якой мы сустракаліся два гады. Цягам гэтага часу яна была асноўным артыкулам маіх выдаткаў. Не скажу, каб мне было шкада грошай, але па кішэні стасункі з дзяўчынай білі грунтоўна. То ў кіно, то ў кавярню, то на кветкі. На яе я выдаткоўваў амаль увесь заробак, выдаткаваў нават ашчадак, якую адкладваў, калі працаваў аздобнікам.

Каб сточваць канцы з канцамі, давялося навучыцца эканоміць. Год таму мы разышліся, але звычка эканоміць засталася.

Парашок, пасту, гель для душа і іншую бытавую хімію я не купляю ў Баранавічах - сябар прывозіць з Польшчы, там усё гэта каштуе танней.

Раней тры разы на тыдзень я наведваў трэнажорную залу, сёння займаюся дома. Арганізаваў у кватэры міні-спартзалу. Праўда, на тое, каб набыць усё неабходнае (штангу, гантэлі і г.д.), у мяне сышло больш за год.

Аўтаматычна шукаю слова «зніжка»

Асноўная частка заробку сыходзіць на харчаванне - блізу 270 рублёў на месяц. Харчавацца імкнуся добра - да гэтага прывучыла мама. У кавярнях, установах хуткага харчавання не ем, паўфабрыкаты не купляю. Гатую сам. Люблю ўсё простае: бульба, макарона, крупы. З мяса - свініну і курыцу.

Прадукты заўсёды стараюся купляць акцыйныя. Нават звычка выпрацавалася: заходзячы ў краму, аўтаматычна шукаю слова «зніжка» або чырвоны цэннік. Таксама абзавёўся зніжкавымі картамі, якія дазваляюць зэканоміць.

Люблю салодкае, але купляю ў асноўным самае таннае печыва або пернікі.

З садавіной і гароднінай дапамагае бабуля, якая жыве ў вёсцы. Яна перадае мне яблыкі, грушы, слівы, бульбу, перац, памідоры, кабачкі.

Яшчэ я люблю грыбы - і збіраць, і есці, таму ў грыбны сезон часта выязджаю ў лес. Збіраю, частку замарожваю, так што грыбы ў маім меню круглы год.

На працу заўсёды бяру «ссабойку». Гэта дазваляе эканоміць істотную суму.

Калі раней па некалькі разоў на тыдзень мы збіраліся з сябрамі, хадзілі ў бары, выязджалі на шашлыкі, то цяпер такія выхады «ў свет» я магу дазволіць сабе раз на месяц - не часцей. Занадта дорага каштуюць. З гэтай жа прычыны я радзей стаў хадзіць і ў кіно. Усе навінкі гляджу праз інтэрнэт. Нават паліць кінуў, каб зэканоміць.

Гардэроб абнаўляю толькі па меры неабходнасці. Часцяком рэчы мне купляе мама.

Шукаю новую працу

Маё галоўнае жаданне - купіць аўто. Але як я ні стараюся, нічога адкласці не атрымліваецца. Нават калі я буду ўціскаць сябе яшчэ больш, у скарбонку штомесяц будзе трапляць не больш за 50 даляраў. Такімі тэмпамі і з такім заробкам аўто я куплю толькі да пенсіі.

Але я не ў роспачы: не ўсё ж жыццё працаваць ахоўнікам. Я ўжо пачаў шукаць іншую працу, і ўсё часцей задумваюся аб тым, каб вярнуцца да прафесіі аздобнікам. Спадзяюся, хутка ўсё зменіцца да лепшага і мая мара наконт аўтамабіля ажыццявіцца.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках