5 траўня 2024, Нядзеля, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лідзе прэзентавалі рымска-каталіцкае выданне «Новага Запавету» па-беларуску

У Лідзе прэзентавалі рымска-каталіцкае выданне «Новага Запавету» па-беларуску

У прэзентацыі ўзяў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

20 красавіка ў Лідзе адбылася прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання на беларускай мове «Новага Запавету», якое выйшла ў 2017 г. у Мінску. Прэзентацыя прайшла ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.Пераклад кніг Новага Запавету быў здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, паведамляе сайт catholic.by.

У прэзентацыі ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ кс. кан. Я. Крэміс, доктар біблійнай тэалогіі с. Марына Пашук, пробашч фарнай парафіі ў Лідзе кс. кан. Уладзімір Гуляй, каталіцкія, праваслаўныя і грэка-каталіцкія святары, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і шматлікія вернікі.

У слове да прысутных арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў: «Старэйшае пакаленне хрысціян розных канфесій добра памятае часы ганенняў, калі практычна не было магчымасці мець Святое Пісанне. У вёсцы Адэльск, што ў Гродзенскім раёне, дзе я нарадзіўся, людзі перадавалі адзін аднаму экзэмпляр Бібліі, як найбольш каштоўны дар, каб можна было пачытаць Божае слова».

«Сёння розныя канфесіі і проста інтэлектуалы займаюцца перакладам Святога Пісання, і колькасць Біблій павялічваецца з дня на дзень. Каталіцкі Касцёл, як і Праваслаўная Царква, трымаюцца прынятых прынцыпаў, што пераклад павінен быць здзейснены афіцыйнай камісіяй і зацверджаны адпаведнай касцёльнай ці царкоўнай уладай», — працягваў Мітрапаліт.

Іерарх дадаў, што 2017 год, як год юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Францішка Скарыны, адзначыўся першым афіцыйным выданнем Новага Запавету на беларускай мове практычна адначасова як Каталіцкім Касцёлам, так і Праваслаўнай Царквой. «Тое, што мы, не дамаўляючыся паміж сабой, адначасова падрыхтавалі свае пераклады і іх выдалі, з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што нашы Цэрквы, як Цэрквы-сёстры, пад дзеяннем Святога Духа імкнуцца своечасова данесці да вернікаў заўсёды жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12) з мэтай будавання жыцця на евангельскіх каштоўнасцях», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп нагадаў, што першая прэзентацыя каталіцкага і праваслаўнага выданняў Новага Запавету адбылася напрыканцы мінулага года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і выклікала шырокі і пазітыўны водгук не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.

1 лютага г.г. падчас візіту Ad limina беларускіх біскупаў у Ватыкан асобнік каталіцкага перакладу Новага Запавету быў уручаны Папу Францішку.

«Здзяйсняючы пераклад на беларускую мову Святога Пісання, Каталіцкі Касцёл, як і Праваслаўная Царква, не толькі вырашае свае праблемы з мэтай данесці Божае слова да шырокіх масаў насельніцтва, але і ўзбагачае беларускую культуру новай рэлігійнай і біблійнай тэрміналогіяй», — адзначыў Мітрапаліт. Па яго словах, неабходна мець на ўвазе і тое, што «беларуская тэалагічная, літургічная і біблійная мова яшчэ фарміруецца, таму здзейснены пераклад носіць творчы характар».

«Падобна да таго як наш славуты зямляк Францішак Скарына пяць стагоддзяў таму падарыў нашаму народу Біблію на яго роднай мове, так Касцёл сёння дорыць сваім вернікам і ўсім зацікаўленым Новы Запавет на беларускай мове. Дзякуючы гэтаму Езус сёння можа прамаўляць да народа так, як прамаўляў 2000 гадоў таму», — сказаў іерарх.

Хоць Новы Запавет выдадзены, але, як заўважыў Мітрапаліт, «не дастаткова толькі яго набыць і паставіць на паліцу»: «Святое Пісанне неабходна чытаць і вывучаць, бо гэта кніга жыцця, кніга веры, кніга вечна жывога і дзейснага Божага слова», кніга, якая вядзе да збаўлення.

Арцыбіскуп нагадаў, што першай друкаванай кнігай, якую выдаў Іаган Гутэнберг у Германіі каля 1455 г., была менавіта кніга Бібліі. Подзвіг Гутэнберга ў 1517 г. паўтарыў усходнеславянскі першадрукар Францішак Скарына, які, будучы доктарам медыцыны, «выдаў першую кнігу не пра лячэнне чалавечага цела, але пра лячэнне яго душы».

«Каб заспакоіць голад, не дастаткова толькі купіць хлеб і пакласці яго на стол. Хлеб неабходна з’есці. Таксама і для заспакаення духоўнага голаду неабходна пазнаваць і прымаць Божае слова», — звярнуў увагу Мітрапаліт.

Карыстаючыся нагодай, арцыбіскуп перадаў Лідскаму гісторыка-мастацкаму музею і Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы па асобніку Новага Запавету. «Яго тэксты напісаны 2000 гадоў і таму з’яўляюцца гістарычнымі. Лагічна, каб іх месца таксама было ў музеі», — адзначыў у сувязі з гэтым іерарх.

«Яшчэ не так даўно ў бібліятэцы мы шукалі мастацкіх, гістарычных, навуковых і іншых кніг. Сёння Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы ўзбагачаецца кнігай Новага Запавету, які разам з Традыцыяй з’яўляецца крыніцай нашай хрысціянскай веры», — дадаў Мітрапаліт.

Потым доктарка біблійнай тэалогіі с. Марына Пашук прадставіла даклад пра гісторыю перакладаў на беларускую мову Новага Запавету і працу над гэтым выданнем.

З узнёслым словам выступіў прадстаўнік Праваслаўнай Царквы, які заклікаў чытаць Біблію, як кнігу жыцця.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках