19 траўня 2024, Нядзеля, 18:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць крамлёўскіх алігархаў і чыноўнікаў

39
ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць крамлёўскіх алігархаў і чыноўнікаў

Іх актывы ў ЗША будуць замарожаныя.

Мінфінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць 38 расейскіх бізнэсоўцаў, афіцыйных асоб і кампаній. Пра гэта гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным на сайце міністэрства, паведамляе bbc.com.

У спіс трапілі бізнэсоўцы з "крамлёўскага спісу" Алег Дзерыпаска, Кірыл Шамалаў, Віктар Вексельберг, а таксама сенатар Сулейман Керымаў, кіраўнік ЗГБ Андрэй Косцін, кіраўнік "Газпрома" Аляксей Мілер.

Пра тое, што ЗША рыхтуюцца пашырыць санкцыі ў дачыненні да расейскіх алігархаў, паведамілі ў сераду Reuters і Вашынгтон пост.

"Гэта, будзе, магчыма, самы агрэсіўны крок у дачыненні да расейскай эліты", - пісаў Reuters.

Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў тады заявіў, што Крэмль не атрымліваў "якіх-небудзь афіцыйных пацверджанняў ці афіцыйных заяў" з нагоды пашырэння санкцый і допыту расейскіх бізнэсоўцаў.

Акрамя таго, Пяскоў заявіў, што фразу "расейскія алігархі" ён уважае за недарэчную.

З'яўленню новых санкцыйных спісаў папярэднічала публікацыя "крамлёўскага дакладу" мінфіна ЗША, у які ўвайшлі 210 чалавек. Гэты дакумент у жніўні мінулага года даручыў падрыхтаваць Дональд Трамп.

Як паведамляе "Гордон", у спіс трапілі:

• Андрэй Акімаў, старшыня праўлення "Газпромбанка"

• Уладзімір Багданаў, бізнэсовец

• Цімур Валіулін, начальнік Галоўнай управы ў барацьбе з экстрэмізмам міністэрства ўнутраных спраў Расейскай Федэрацыі

• Віктар Вексельберг, бізнэсовец

• Алег Гаварун, кіраўнік прэзідэнцкай управы ў сацыяльным і эканамічным супрацоўніцтве з краінамі-ўдзельніцамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Рэспублікі Абхазія і Рэспублікі Паўднёвая Асеція

• Алег Дзерыпаска, бізнэсовец

• Аляксей Дзюмін, губернатар Тульскай вобласці

• Аляксандр Жараў, кіраўнік Федэральнай службы нагляду ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і сродкаў масавай інфармацыі

• Віктар Золатаў, дырэктар Федэральнай службы нацыянальных гвардзейскіх войскаў і камандуючы нацыянальнымі гвардзейскай войскамі Расейскай Федэрацыі.

• Сулейман Керымаў, бізнэсовец

• Уладзімір Калакольцаў, міністр унутраных спраў Расейскай Федэрацыі, генерал паліцыі Расейскай Федэрацыі

• Канстанцін Касачоў, старшыня Камітэта Савета Федэрацыі ў замежных справах

• Андрэй Косцін, кіраўнік ВТБ

• Аляксей Мілер, старшыня праўлення "Газпрома"

• Мікалай Патрушаў, сакратар Савета Бяспекі Расейскай Федэрацыі

• Уладзіслаў Рэзнік, дэпутат Дзярждумы

• Ігар Ротэнберг, бізнэсовец

• Андрэй Скоч, дэпутат Дзяржаўнай Думы

• Аляксандр Торшын, намеснік старшыні Цэнтральнага Банка РФ

• Уладзімір Усцінаў, паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта РФ у Паўднёвай федэральнай акрузе

• Міхаіл Фрадкоў, Дырэктар Расейскага інстытута стратэгічных даследаванняў

• Сяргей Фурсенка, член савета дырэктараў "Газпром нафты"

• Кірыл Шамалаў, бізнэсовец

• Яўген Школаў, памочнік прэзідэнта Расейскай Федэрацыі

У прэс-рэлізе Мінфіна ЗША ўказана, што пад санкцыі таксама падпадаюць 12 кампаній, якія належаць расейскім "алігархам".

У міністэрстве патлумачылі, што пастанова аб пашырэнні санкцыйнага спісу рушыла ўслед за публікацыяй дакладу ў мэтах выканання раздзелаў закона ЗША "Аб супрацьдзеянні апанентам Амерыкі праз санкцыі" (CAATSA) са спісамі расейскіх чыноўнікаў, кіраўнікоў дзяржкампаній і мільярдэраў, так званага "крамлёўскага спісу".

"Сённяшняя пастанова нацэленая на шэраг асоб, пералічаных у дакладзе, у тым ліку тых, хто атрымлівае выгады ад рэжыму Пуціна і адыгрывае ключавую ролю ў падтрымцы зламысных дзеянняў Расеі", - адзначаецца ў заяве.

Як удакладнілі ў Мінфіне, грамадзянам ЗША забаронена весці бізнэс з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі з санкцыйнага спісу. Актывы фігурантаў спісу, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю ЗША, будуць замарожаныя. У міністэрстве папярэдзілі, што пад санкцыі могуць патрапіць і неграмадзяне ЗША, якія будуць ажыццяўляць транзакцыі ў інтарэсах або ад імя названых асоб.

Згодна з законам CAASTSA, міністэрства фінансаў ЗША ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным дэпартаментам 29 студзеня 2018 года падало Кангрэсу "крамлёўскі даклад" - спіс з 114 высокапастаўленых чыноўнікаў і 96 алігархаў, блізкіх да "расейскага рэжыму". У ім згаданыя памочнікі і дарадцы Пуціна, усе члены ўрада РФ, уключаючы прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева, мэры Масквы і Санкт-Пецярбурга.

У спіс таксама патрапілі бізнэсоўцы з багаццем, большым за $1 млрд. Яны займаюць першыя 96 месцаў у леташнім рэйтынгу 200 найбагацейшых бізнэсоўцаў Расеі, падрыхтаваным расейскай версіяй выдання Forbes.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках