16 красавiка 2024, aўторак, 7:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа прафзвязаў, «Хартыя-97» і дэкрэт №1 - гэта Рубікон у палітыцы Беларусі

21
Справа прафзвязаў, «Хартыя-97» і дэкрэт №1 - гэта Рубікон у палітыцы Беларусі
ФОТА З САЙТА webmandry.com

Драздоўская верхавіна разумее, што канец непазбежны, і робіць усё, каб адсунуць гэты момант.

Сёння стала вядома, што 8 траўня лідарам Незалежнага прафзвязу РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку было выстаўленае канчатковае абвінавачванне ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва значнай суме» (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Санкцыі паводле гэтага артыкула прадугледжваюць да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Чаму ўлады пераследуюць незалежныя прафзвязы менавіта цяпер? Звязанае гэта з эканамічнай і палітычнай сітуацыяй у краіне? На пытанні адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка:

- Генадзь Фядыніч і прафзвяз РЭП – гэта адзін з нямногіх астатніх астраўкоў незалежнасці і самастойнасці ў дыктатарскай Беларусі.

Фядыніч – гэта сапраўдны беларускі мужык з жыццёвым досведам, са сваім поглядам на свет. Акрамя таго, ён вельмі добры палітык, які ўмее, калі трэба, быць цвёрдым, а калі трэба – лавіраваць.

І наогул, Генадзь Фядыніч – гэта адзін з лідараў, які фармаваўся з самага пачатку перабудовы. Памятаю, як на першых выбарах з'езда народных дэпутатаў (1989 год – рэд.) ён быў даверанай асобай Аляксандра Дабравольскага. Фактычна ён – адзін з ветэранаў рабочага руху ў Беларусі.

Гэта – першая прычына пераследу.

Другой прычынай, несумненна, з'яўляецца веданне ўладамі рэальнага эканамічнага становішча ў краіне, якое, мякка кажучы, застаецца гаротным. Беларусь знаходзіцца ў застоі і стагнацыі. Нейкія змены адбываюцца толькі праз рост коштаў нафтапрадуктаў, прыбытак ад якіх атрымлівае ўладны клан, і кантрабанды, звязанай з эканамічнай вайной Захаду і Расеі. Гэтага выстарчае на існаванне сям'і Лукашэнкі, але не стае нават на сілавыя структуры, не кажучы ўжо аб паляпшэнні жыцця народа.

Масавыя пратэсты мінулага года пасля ўвядзення дэкрэта аб «дармаедах» паказалі ўладзе, што сітуацыя ў краіне напраўду нагадвае парахавую бочку. Таму, нягледзячы на рызыку ўвядзення міжнародных санкцый, страх перад народнымі пратэстамі штурхнуў улады на наступ на лідара незалежнага прафзвязу і на сам РЭП, які штодня, не заўсёды прыкметна, але паслядоўна бароніць правы працоўных і застаецца патэнцыйным цэнтрам сацыяльных пратэстаў у Беларусі.

- Атрымліваецца, што ўлада «абараняе» поле перад пачаткам рэальнага выкарыстання новага дэкрэта аб «дармаедах»? Да чаго яшчэ варта прыгатавацца беларускаму грамадству?

- Цяпер ужо відавочна ўсім (і пра гэта пішуць усе СМІ, якія маюць розныя погляды на тактыку і нават стратэгію барацьбы, але аднолькавыя ў ацэнцы сітуацыі): Лукашэнка сёння стаў пасмешышчам і ўнутры краіны, і за мяжой, ён з'яўляецца проста недарэчным кіраўніком.

Свет сёння развіваецца імклівымі тэмпамі, тэхналогіі мяняюць не толькі сродкі вытворчасці і вольны час, яны цалкам мяняюць сістэму камунікацый у грамадстве.

Відаць, што дыктатар адарваўся ад рэальнасці і заняты «поспехамі» ўласнай хакейнай каманды, на якую ідуць велізарныя грошы, і не ў стане нават кантраляваць дасягненні ў рэальным спорце, не кажучы ўжо пра эканоміку.

Сёння ягоныя старэйшыя сыны і ўладная верхавіна выразна разумеюць, што адбудзецца з імі ў выпадку народнага выбуху. У іх ужо няма надзеі на «мудрасць дыктатара» і тое, што ён выпрасіць у Расеі яшчэ штосьці. Верхавіна палітычнага рэжыму, разумеючы, што канец непазбежны, і ён блізкі, робіць усё, каб адсунуць гэты момант.

Таму рэжым ідзе на дзеянні, якія больш разважныя чыноўнікі проста б не рабілі.

Наступ цяпер ідзе ў некалькіх кірунках.

Першае – гэта наступ на ўсё грамадства і стварэнне базы звестак на ўсіх беларусаў пад выглядам дэкрэта №1 аб «дармаедах». Напраўду – гэта стварэнне базы звестак і кампрамату на кожнага грамадзяніна краіны.

Другое – гэта «справа прафзвязаў». Сёння вельмі важна і неабходна абараніць незалежных прафзвязавых лідараў.

Трэцяе – гэта ўмоўная «справа «Хартыі-97» і незалежных СМІ», а таксама спроба кантраляваць інтэрнэт, разбурыць зваротную сувязь, якая з'явілася, дзякуючы новым тэхналогіям, разбурыць гарызантальныя сувязі ў грамадстве, якія ўзніклі дзякуючы незалежным сайтам і сацыяльным сеткам.

Хачу сказаць, што цяпер сітуацыя такая, што ўлада небывала слабая, але калі грамадства саступіць на гэтых трох франтах, не будзе супраціўляцца, не абароніць «Хартыю-97», Фядыніча, Комліка і прафзвяз РЭП, не даб'ецца скасавання дэкрэта №1 – то Беларусь сапраўды можа стаць «маленькім Кітаем» у Еўропе ў плане страты чалавечых правоў.

Відаць, што кіроўная кліку хоча ўтрымацца ва ўладзе і захаваць свае драздоўскія стандарты жыцця, пазбегнуць усякіх пераменаў і працягваць нахабным чынам рабаваць 90% насельніцтва Беларусі.

- Нядаўна ў Менску намеснік генеральнага сакратара Глабальнага саюза IndustriAll Кемаль Азкан запатрабаваў ад беларускага ўраду спыніць крымінальны пераслед лідараў РЭП. Відавочна, што ўлады гэты ультыматум праігнаравалі. Якімі могуць быць наступствы?

- Пазіцыя кіраўнікоў міжнародных прафзвязаў заслугоўвае павагі. І яна тлумачыцца тым, што гэта – прафзвязавыя лідары. Многія палітыкі ў Еўропе і нашых краінах-суседках, на жаль, удзельнічаюць у кантрабандзе і розных брудных фінансавых і гандлёвых аперацыях з беларускім рэжымам і Лукашэнкам.

Сёння мы бачым, як еўрапейскія палітыкі баяцца крытыкаваць Лукашэнку, каб не перашкаджаць гэтым брудным справам.

Прафзвязавыя лідары ў гэтых аперацыях не ўдзельнічаюць і таму могуць называць рэчы сваімі імёнамі. Акрамя таго, існуюць традыцыі салідарнасці ў міжнародным прафзвязавым руху. І я думаю, што рэакцыя міжнародных арганізацый будзе сур'ёзнай. Надзея Лукашэнкі - на тое, што карумпаваныя палітыкі і непаваротлівая машына ЕЗ не дазволяць прыняць гэтыя санкцыі.

Але ў гэтым ўлады памыляюцца: прафзвязы – дастаткова моцны гулец і ў ЕЗ, і ў асобных краінах Еўропы.

- Як унутры краіны можна падтрымаць гэтага моцнага гульца?

- Безумоўна: без дзеянняў унутры Беларусі нічога не адбудзецца. І тут становіцца вельмі важным разуменне таго, што адбылося 25 сакавіка сёлета. Чаму адбыўся падзел на «канцэртна-вышываначную» моладзь і Беларускі Нацыянальны Кангрэс, на розныя пазіцыі старэйшага і маладога пакалення.

Становіцца абсалютна зразумела: калі б не імкненне святкаваць кожным шляхам ва ўмовах дыктатуры, няўменне бараніць свае інтарэсы і свае правы, у тым ліку і на правядзенне святочных шэсцяў і дэманстрацый – не было б гэтага наступу ўладаў.

Нават калі б на шэсце ад плошчы Якуба Коласа 25 сакавіка выйшла хоць бы пяць тысяч чалавек, але гэта было б агульнай пазіцыяй – улады не асмеліліся б увесці ў дзеянне дэкрэт аб «дармаедах» і не было б такой нахабнай атакі на СМІ і незалежныя прафзвязы.

Цяпер, думаю, прыйшла пара ўсім усвядоміць, што адбываецца. Можна, вядома, застацца этнаграфічнымі беларусамі ў вышыванках – і ва ўмовах сённяшняй дыктатуры і пры магчымай расейскай акупацыі. Але толькі гэта не будзе жыццём. Таму што апошнія выспачкі свабоды слабая ўлада можа сёння знішчыць – і сітуацыя зменіцца.

Але я думаю, што яшчэ існуюць аб'ектыўныя працэсы. Ёсць надзея на тое, што ў Беларусі знойдуцца смелыя людзі, якія змогуць абараніць свае правы і быць салідарнымі.

Справа прафзвязу, справа «Хартыі-97» і дэкрэт аб «дармаедах» - гэта свайго кшталту Рубікон у палітычным жыцці Беларусі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках